Захаваем мінулае

 

Захаваем мінулае

Общество
07.10.2022
240

Мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, вельмі ўзрадавала, што 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Самі паняцці “памяць”, “гісторыя Айчыны” – святыя для кожнага чалавека. Нездарма ў апошні час у нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. І нават у наш складаны час, калі ў “дэмакратычнай” Еўропе руйнуюцца помнікі Другой сусветнай вайны, у Беларусі ўзводзяцца новыя мемарыялы, рэстаўрыруюцца старыя помнікі, вядзецца актыўная пошукавая дзейнасць.

Гістарычная памяць – менавіта тая кроўна-жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Мяне заўсёды радуе, калі вядуцца сямейныя летапісы, сумесна афармляюцца альбомы. Лічу, што кожны чалавек як мага больш павінен ведаць пра род, пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. І як горка і балюча, што некаторыя беларусы здраджваюць сваёй Радзіме, становяцца яе ворагамі, уцякаюць з бацькоўскай зямлі на чужыну.

У розных кутках Бацькаў­шчыны, якая страціла ў вайну кожнага трэцяга, а ў некаторых раёнах і кожнага другога жыхара, створаны мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы. Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў Вялікай Айчыннай. І вельмі добра, што яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі.

Залы і экспазіцыі, прысвечаныя вайне, адкрыты ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях Беларусі. Кожны раён Бацькаўшчыны захоўвае памяць пра тыя страшныя гады. ­Шматлікія экспанаты ёсць і ў музеях школ, каледжаў, універсітэтаў, дзе на працягу дзесяцігоддзяў пасляваенныя пакаленні скрупулёзна збіралі сведчанні, запісвалі ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў.

Ужо некалькі разоў я, бываючы ў сталіцы, наведаў галоўнае сховішча рарытэтаў - першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, гэта яшчэ і адзін з найбуйнейшых збораў планеты, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны. Менавіта яго трэба перш за ўсё наведаць замежным гасцям сталіцы, якія надзвычай вераць разгорнутай супраць Беларусі прапагандзе.

Гістарычная памяць - падмурак для бацькоўскай хаты, якая дала надзейную дарогу ў свет, глеба для нашых духоўных каранёў. Калі ў чалавека ворагі адымаюць памяць, ён проста становіцца бяздумнай істотай, чалавекам без сэрца…

Перакананы, што мінулае для нас павінна быць не проста пустым гукам, а найважнейшай крыніцай для фарміравання  свядомасці і вызначэння свайго месца ў грамадстве. Губляючы памяць, мы губляем арыентацыю сярод асяроддзя, народа, нацыі, і адразу бурацца важныя сацыяльныя сувязі. Нельга забываць, што актуальнасць многіх сённяшніх праблем грамадства цесным чынам звязана з гістарычным мінулым. Толькі ведаючы гісторыю свайго народа, беларусы здольны вызначыць, што будзе карысным для грамадства ў будучыні.

Зразумела, што сёння асноўнымі крыніцамі асвятлення гістарычных фактаў сталі СМІ, інтэрнэт, аналітычныя праграмы тэлебачання. Дрэнна, што ў інтэрнэце побач з сур’ёзнымі аналітычнымі публікацыямі падаюцца фэйкі. А тэндэнцыя да перапісвання гістарычных падзей, асабліва падзей Другой сусветнай вайны, ужо даўно павінна насцярожыць усё чалавецтва. І таму захаванне гістарычнай памяці, праўды – наша галоўная задача.

Сама барацьба за гістарычную праўду заўсёды цяжкая. Аднак мы ўсё роўна павінны ­адстаяць праўду нашай гісторыі як знак ­удзячнасці за подзвіг нашых ­дзядоў і бацькоў.

Аўтар многіх твораў пра ваен­ную гісторыю, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Васіль Быкаў ­сцвярджаў: “Праўда ў гісторыі – функцыя адназначная, з яе ­робяць урокі. З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні”. Хочацца, каб над гэтымі словамі сур’ёзна задумаліся “стваральнікі” новых міфаў і фэйкаў пра нашу гісторыю…

Канстанцін КАРНЯЛЮК.