Успаміны пра народнага пісьменніка Івана Шамякіна

 

Успаміны пра народнага пісьменніка Івана Шамякіна

Общество
03.09.2022
1253

У 2022 годзе Дзень беларускага пісьменства прыме горад Добруш, вядомы з XVI стагоддзя. У 1870 годзе тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка і фарфоравы завод.

У рамках свята ўдзельнікі і госці змогуць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзяць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін. 25 жніўня ў Добрушы, на праспекце Міру ўстанавілі помнік народнаму пісьменніку Рэспублікі Беларусь. З шасці праектаў помніка, прадстаўленых на конкурс, перамагла работа аўтарскага калектыву Уладзіміра Піпіна і Канстанціна Касцючэнкі. Мемарыял будзе ўрачыста адкрыты 3 верасня – у Дзень беларускага пісьменства.

000148_703729_big.jpg

Напярэдадні свята да нас у рэдакцыю завітала Валянціна Коцікава. Па адукацыі яна архітэктар, родам з Добрушчыны, апошнія 40 гадоў жыве ў Мінску, а на Смаргоншчыне, паблізу ад вёскі Укропенкі, набыла дачу. Валянціна Іванаўна  прапанавала для друку свае ўспаміны пра народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, з якім у свой час сябравала і супрацоўнічала.

На малой радзіме...

IMG_0166.JPG

IM2490~1 как смарт-объект-1.png

Мне вельмі пашанцавала ў жыцці, таму што пашчаслівілася асабіста быць знаёмай з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Пятровічам Шамякіным.

Першая сустрэча з вядомым пісьменнікам і земляком адбылася восенню 1998 года. Я патэлефанавала яму дадому і папрасіла знайсці для мяне час, каб параіцца і папрасіць яго садзейнічання ў стварэнні раённага краязнаўчага музея на малой радзіме пісьменніка ў Добрушы.

I вось я ў яго кабінеце… Вельмі хвалявалася, але праз некалькі мінут мне стала цёпла на душы ад размовы з Іванам Пятровічам. У выніку цікавай гутаркі ён згадзіўся дапамагаць.

Набліжалася 80-годдзе з дня нараджэння Iвана Шамякіна. Мне хацелася з гэтай нагоды арганізаваць вечар-сустрэчу з землякамі і бліжэйшымі сябрамі ў Мінску. Я чамусьці не сумнявалася, што пісьменнік адобрыць маю ініцыятыву, але пазней ён прызнаўся, што пагадзіўся праз сілу: усё ж такі пражытыя гады бяруць сваё і страта любімай жонкі Марыі Філатаўны таксама моцна адбілася на яго самаадчуванні.

Але, відаць, адчуў маю натхнёнасць зрабіць для яго што-небудзь прыемнае і запамінальнае. I вось напярэдадні 80-га дня нараджэння, 19 студзеня 2001 года, у актавай зале Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў адбылася вечарына-сустрэча. Мне было вельмі прыемна даведацца, што ўсе засталіся задаволеныя, асабліва імяніннік.

Што датычыцца яго шматлікіх твораў, то тут можна было кожны год адзначаць іх круглыя даты. Адзін з юбілеяў не змагла прапусціць – 30-годдзе цудоўнага рамана «Атланты і карыятыды», таму што па адукацыі я архітэктар. Падтрымалі і дапамаглі ў гэтым мне Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Бела­русь, Беларускі саюз архітэктараў, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Дарэчы, намеснік Міністра архітэктуры Анатоль Іванавіч Нічкасаў прызнаўся, што дзякуючы знакамітаму раману ён стаў архітэктарам.

Шчыра кажучы, на той момант маім галоўным жаданнем было адцягнуць пісьменніка ад яго хваробы. Творчым праектам ён дазволіў заняцца, калі ляжаў у бальніцы. Івану Пятровічу было прыемна ўбачыць паштовы канверт, які РУП “Белпошта” прысвяціла 30-годдзю рамана Івана Шамякіна “Атланты і карыятыды”. Хутка былі вызначаны пераможцы конкурсу ілюстрацый да твора: імі сталі студэнты архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ніна Каўрэй і Яўген Германчук. Землякі аўтара рамана з Добрушскай папяровай фабрыкі і ЗАТ “Эрміта” зрабілі падарункі гэтым будучым архітэктарам. У дадатак кіраўніцтва ЗАТ “Эрміта” падарыла пяцьсот такіх паштовых канвертаў бібліятэкам Добрушскага раёна. 15 кастрычніка 2004 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры планавалася ўрачыстая вечарына, былі раздадзены амаль усе запрашэнні, але... У ноч з 13 на 14 кастрычніка сэрца Івана Пятровіча спынілася.

IMCEF8~1 как смарт-объект-1.png

У народзе кажуць: калі чалавек памірае ў царкоўнае свята, то ён пажаданы Богу. Забраў яго Божа да сябе якраз перад Пакровамі, а царква ў родным сяле Карма Добрушскага раёна называецца Пакроўскай, дзе яго, відаць, хрысцілі.

Няма Івана Пятровіча, але яго цудоўныя творы працягваюць сваё жыццё. Да 60-годдзя Вялікай Перамогі нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” зняла мастацкі фільм “Глыбокая плынь” па матывах двух раманаў Івана Шамякіна, прэм’ера якога адбылася ў Мінску ў кінатэатры “Кастрычнік” 4 мая 2005 года. На відэа- і аўдыязапісах засталіся ўспаміны Івана Пятровіча пра тое, як ён пачынаў пісаць раман “Глыбокая плынь”. Шмат чаго давялося пісьменніку пачуць аб дзейнасці партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны ад былога партызана, старшыні сельсавета вёскі Макаўе Гомельскага раёна Івана Бібікава.

Пасля вайны Іван Пятровіч некаторы час працаваў у суседняй вёсцы Пракопаўка парторгам сельсавета і настаўнікам у школе. У той час мая маці Фёкла Рыгораўна Князева працавала ў Пракопаўцы, добра ведала Івана Шамякіна і яго жонку. А мой бацька, Іван Карпавіч Коцікаў, разам з будучым пісьменнікам вучыўся да вайны ў сямігодцы ў вёсцы Макаўе. I калі бацькі падзяліліся ўспамінамі маладосці, то стала вядома важная інфармацыя: жонкай Iвана Бібікава была роднай цёткай маёй маці, якую ў гады ваеннага ліхалецця фашысты расстралялі разам з трыма яе дзецьмі, унучкай і іншымі сем’ямі партызанаў. Калі я ездзіла ў Макаўе, мне паказалі брацкую магілу загінуўшых. На жаль, яна была безыменная. Пасля майго звароту да старшыні Гомельскага райвыканкама Уладзіміра Маёрава напярэдадні 60-годдзя Вялікай Перамогі на брацкай магіле ў вёсцы Макаўе ўстанавілі новы абеліск і размясцілі пліту з прозвішчамі ўсіх пахаваных. Пра трагічныя лёсы партызанаў і іх сем’яў расказаў Іван Шамякін у рамане “Глыбокая плынь”.

портрет.png

Яшчэ аб адным цікавым факце пра будучага пісьменніка я даведалася ад макаўскіх старажылаў: вяртаючыся з Германіі пасля заканчэння вай­ны, Iван Шамякін прыехаў у Макаўе з вялікім чамаданам, вяскоўцы адразу падумалі: во багацце салдат прывёз! Як жа здзівіўся дзед, у якога квартараваўся Iван Пятровіч, калі ўбачыў поўны чамадан кніг.

У пачатку 2002 года, працуючы з фондам музея гісторыі Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі, я знайшла ўнікальныя фотаздымкі і матэрыялы пра тое, што ў 1954 годзе ў актавай зале Мінскага электратэхнікума сувязі праходзіла чытацкая канферэнцыя па рамане “Глыбокая плынь”, на якой прысутнічаў аўтар.

Лічыцца, што Iван – летапісец XX стагоддзя, але цікавасць да яго твораў не зніжаецца сярод сучаснай моладзі. Чытайце Шамякіна…

Падрыхтавала Галіна АНТОНАВА.