У залескай бібліятэцы спасцігалі сакрэты вышыўкі
– Вышыванне гладдзю – адзін з самых старажытных відаў рукадзелля. Ва ўсе часы яно дапамагала ўнесці нотку індывідуальнасці і вытанчанасці ў прадметы адзення, інтэр’ера, хатні тэкстыль, прадметы хатняга ўбрання, дзіцячага адзення, пасцельнай бялізны і народных касцюмаў, – расказала бібліятэкар Ганна Расошка. – Уся разнастайнасць вышывак уражвае мастацкай дасканаласцю ўзораў, тонкім майстэрствам выканання, асаблівай дэкаратыўнасцю, багаццем узору і каларыту. Выкарыстоўваючы багатую спадчыну вышывальнага мастацтва, народныя ўмельцы ўдала знаходзяць ужыванне вышыўцы, беражліва захоўваюць і перадаюць гэтую каштоўную спадчыну сваім нашчадкам.
На майстар-класе вышытыя сурвэткі і ручнікі выклікалі найбольшую цікавасць у жанчын-удзельніц. Многія з іх захапляюцца вышываннем не толькі таму, што гэта модна. Душа патрабуе! Гэты занятак не толькі дапамагае рэалізаваць свае творчыя здольнасці, але і дорыць радасць, душэўную раўнавагу.
Юлія ЖУК,
загадчык адзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Смаргонскай раённай бібліятэкі.