Гаючы бальзам для родных
У фотаальбоме Тэрэсы Сташко, сярод іншых фотаздымкаў, ёсць адзін – вельмі дарагі яе сэрцу. Справа на фота – яе бацька, побач – яго сябар Валодзя. На другім баку карткі пазначана: “10.ХІ.1944. Румуния”.
На трэці Украінскі фронт Міхаіл Сташко патрапіў летам 1944 года. Ён быў ваенным сувязістам, і яго галоўная задача заключалася ў забеспячэнні бесперапыннай тэлефоннай сувязі паміж фарміраваннямі. “Тата неахвотна расказваў пра вайну. Часам успамінаў, як было жудасна, калі на месцы разрыву ён знаходзіў мёртвага аднапалчаніна, які зусім нядаўна з катушкай дроту пайшоў на заданне. Гаварыў, што і румыны, і венгры са спачуваннем адносіліся да нашых воінаў”, - зазначае Тэрэса Міхайлаўна.
Перамогу Міхаіл Феліксавіч сустрэў у шпіталі. Туды яго прывяло цяжкае раненне рукі з паражэннем артэрыі, яго двойчы аперыравалі.
Захавалася дагэтуль і пісьмо, якое Міхаіл Сташко напісаў бацькам 4 мая 1945 года. На пажаўцелай паперы, складзенай трохкутнікам, чарнілам выведзена: “Дарагія бацькі. Знаходжуся ў тым самым шпіталі. Святкавалі 1 мая добра, як Вялікдзень. Шмат часу прайшло, як я тут. Мне ўжо хопіць лячыцца. Стан мой крыху палепшыўся. Хворай рукой магу падымаць да 4 кілаграмаў. Вайна на Заходнім фронце скончылася, то можна думаць, што праз пару месяцаў адпусцяць дадому. Прывітанне ўсім родным і знаёмым. Застаюся жывы, здаровы, цалую вас. Ваш сын Міхась” (граматыка і лексіка крыху папраўлены). Кожная такая вестка з фронту была гаючым бальзамам для родных…
“На ўсё жыццё бацька захаваў павагу да ўрачоў, якія зрабілі ўсё магчымае, каб не ампутаваць яму руку. З цеплынёй тата гаварыў пра медыцынскіх сясцёр, якія не саступалі ў мужнасці і вытрымцы мужчынам. Ганарыўся, што ўнучка абрала прафесію ўрача. Заўсёды радаваўся, калі пра яго і іншых ветэранаў клапаціліся прадстаўнікі раёна і сельсавета, вучні і настаўнікі мясцовай школы. Засмучаўся, што з кожным годам збіралася на святкаванне Дня Перамогі ўсё менш сяброў-ветэранаў”, - успамінае Тэрэса Сташко.
Напачатку мая 2005 года, калі адзначалася 60-годдзе Вялікай Перамогі, Міхаіл Феліксавіч паспеў атрымаць сваю ўзнагароду – юбілейны медаль і сувенірны гадзіннік. Гэта было апошняе шчаслівае імгненне ў яго зямным жыцці. Суботнім ранкам 22 мая ветэрана Вялікай Айчыннай вайны не стала.
Усё жыццё ён пражыў у вёсцы Вугляны. Нягледзячы на ўзрост, заставаўся рухавым, актыўным, шчыраваў на ўласным падворку, гадаваў карову, даглядаў за агародам, а вось галоўным захапленнем былі пчолы.
У дзень, калі Міхаіла Феліксавіча хавалі, было вельмі цёпла. З вулля вылецеў рой і сеў на дрэва – ці не развітацца з гаспадаром вырашылі яго любімыя пчолы? А пасля падняліся ў неба і зніклі. Куды? Ніхто не ведае.
Галіна АНТОНАВА.
Фота з архіва Тэрэсы СТАШКО.