Сапраўдныя перамогі – гэта перамогі міру, а не вайны

 

Сапраўдныя перамогі – гэта перамогі міру, а не вайны

Общество
07.05.2022
447

1.jpg

У сваім складзе падпольная група мела амаль два дзясяткі маладых, адважных, рызыкоўных хлопцаў і дзяўчат. Яны фіксавалі неабходную інфармацыю і праз партызанскія атрады брыгады імя С. М. Кірава і адмысловую дыверсійную групу “Васі-велікана” (Васіля Рыбіноўскага) перадавалі яе на “Вялікую Зямлю”. Некаторыя, у тым ліку Марыя Багданчык, пастаўляла партызанам медыкаменты і перавязачныя матэрыялы.

Шлях да падпольнай дзейнасці

Як адзначыў Аляксандр Міхалкоўскі, у лістападзе 1939 года Мікалай Мельнік быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Служыў спачатку ў горадзе Себежы, затым у Рызе. Вайну сустрэў у Літве, на будаўніцтве абарончых умацаванняў. У ліпені 1941 года вайсковая часць, дзе служыў Мікалай, трапіла ў акружэнне, а ў пачатку жніўня ён трапіў у палон. Пэўны час знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у Рызе, затым у Цільзіце (сёння Савецк Калінінградскай вобласці). Потым была Усходняя Прусія. Адтуль у канцы 1941 года - перагналі ў лагер “Хайдакрук”. Дзесьці ў верасні 1942 года ў складзе групы з некалькіх чалавек ён апынуўся ў іншым лагеры – “Вудстраў”, самым цэнтры Германіі, у некалькіх дзясятках кіламетраў ад Берліна. Там Мікалай Ісакавіч даведаўся, што тых беларусаў, якія маюць адукацыю інжынераў, настаўнікаў, урачоў, артыстаў будуць вызваляць і пасылаць на працу ў Беларусь.

“Напрыканцы лютага Мікалай Мельнік апынуўся ў Лідзе і далучыўся да падпольнай групы, кіраўніком якой быў Марк Мікалаенка. Неўзабаве да групы далучыліся мясцовыя жыхары, у тым ліку сакратар-машыністка, намесніка гебітскамісарыята Ганна Сарока. Баявая моц групы значна ўзмацнілася. Спачатку групе далі падпольную назву “Зара” , - удакладняе Аляксандр Аляксеевіч. - Праз нейкі час, па ініцыятыве камандавання партызанскага злучэння на Лідчыне, яе перайменавалі ва “Усход”, але гэта назва чамусьці не прыжылася.

Поворот З'ездНаст1.jpg

Падпольшчыкі ўвесь час трымалі сувязь з партызанскай брыгадай імя Кірава дзякуючы сувязной Ганне Колас (Блюдавай). Гэта мужная маладая жанчына сваю работу выконвала бездакорна. Звесткі партызанам яна дастаўляла ў пялюшках, якімі спавівала дзіця.  Несла малое на руках альбо з кімсьці пад’язджала”.

Ад збору разведвальных звестак група перайшла да больш актыўных дзеянняў. 6 лістапада 1943 года, напярэдадні свята Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, падпольшчыкі Мельнік і Маляўскі падклалі пад чыгуначны мост міну на лініі Ліда – Маладзечна і ўзарвалі яе. Праўда, зарад аказаўся малой магутнасці, таму значна пашкодзіць мост не ўдалося. Але часова (з 23 гадзін 6 лістапада да раніцы 7-га) напружаны рух цягнікоў у гэтым напрамку быў прыпынены.

З падпольшчыкаў – у партызаны

18 снежня Мікалай Мельнік і яшчэ два падпольшчыкі ўвайшлі ў склад новага партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь”. Мікалая прызначылі камандзірам адмысловай разведвальнай групы пры атрадзе.

“Было вырашана перайсці да больш смелых і рызыкоўных, але эфектных сродкаў і метадаў барацьбы, - удакладняе Аляксандр Міхалкоўскі. - У пачатку 1944 года камандаванне партызанскай брыгады на чале з яе камандзірам Сяргеем Васільевым і начальнікам разведкі і контразведкі распрацавала план знішчэння Лідскага гебітскамісара Дрэкселя. Вельмі складаную і небяспечную аперацыю даручылі выконваць Мікалаю Мельніку і Аляксандру Пінчуку. Першая спроба была здзейснена ў лютым 1944 года. Паднесці падарунак да дня Савецкай Арміі не атрымалася, але няўдача не збянтэжыла , а яшчэ больш раздражніла хлопцаў. Была зроблена новая спроба замаху. Яшчэ больш рызыкоўная. Здзейсніць замах партызаны вырашылі… ў рабочым кабінеце Дрэкселя. На гэты раз у ёй удзельнічалі Раман Астрэйка, Мікалай Мельнік і Аляксандр Пінчук.

Нягледзечы на тое, што аперацыю дэталёва распрацавалі, яна зноў не ўдалася. Была падрыхтавана міна з гадзіннікавым механізмам. І выбух яе павінен быў адбыцца а 9 гадзіне раніцы. У гэты час  Дрэксель прыязджаў на работу. Устанавіць міну ў кабінеце ўзяўся Астрэйка, Мельнік стаяў на варце ў калідоры, а Пінчук – ля ўваходу на вуліцы. Здавалася, усё было зроблена бездакорна. Але… Калі Астрэйка выходзіў з кабінета, яго заўважыла прыбіральшчыца і далажыла пра гэта Дрэкселю. Ён увайшоў у кабінет  разгневаны, зняў шынель і рэзка кінуў на венскае  крэсла, тое перакулілася – і міна была выяўлена, а неўзабаве і абясшкоджана.

Мельнік і Пінчук вярнуліся ў атрад, Астрэйка застаўся дома. Прыбіральшчыца дапамагла знайсці. Пасля допытаў і жудасных катаванняў 27 сакавіка 1944 года  яго павесілі на рынкавай плошчы насупраць Дома сувязі па вуліцы Міцкевіча. Гэты факт быў адлюстраваны ў абвінаваўчых дакументах пра злачынствы фашыстаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі на судзе над верхаводамі фашысцкай Германіі ў Нюрнбергу”.

Пасляваенны лёс герояў

“Лёс кожнага з вышэй названых герояў пасля вайны склаўся па-рознаму. Мікалай Мельнік  і сувязная Ганна Колас (Блюдава) вярнуліся працаваць у школу. Мікалай Ісакавіч выкладаў родную мову і літаратуру, Ганна Мікалаеўна – гісторыю і Канстытуцыю СССР, - апавядае мой суразмоўца. - Аляксандр Пінчук некаторы час працаваў дырэктарам Лідскай школы №3. Лёс арганізатара і кіраўніка падпольнай групы Марка Мікалаенкі склаўся трагічна. Да 1948 года ён таксама працаваў у школе, быў дырэктарам. Але 11 верасня 1948 года яго арыштавалі супрацоўнікі НКГБ. Ён атрымаў 25 гадоў зняволення, 7 з іх – народны мсціўца адбыў у Варкуце, працаваў у вугальнай шахце. У 1955 годзе з-за недаказанасці віны Марка Мікаленку вызвалілі, знялі судзімасць. Падобную “ўзнагароду” атрымала і Ганна Сарока (Перкіна). Ёй таксама да медаля “За адвагу” “прышпілілі” яшчэ пару гадоў зняволення.

2.jpg

Пасля вайны Мікалай Мельнік і Марыя Багданчык пажаніліся. Працавалі ў Лідзе, Беняконях. У 1954 годзе пераехалі ў Залессе. Марыя Міхайлаўна працавала стаматолагам у мясцовай бальніцы, а Мікалай Ісакавіч – настаўнікам, завучам беларускай сярэдняй школы. Як і ў гады вайны былі прыкладам для моладзі. За добрасумленную працу неаднаразова ўзнагароджваліся ганаровымі граматамі. Мікалай Ісакавіч двойчы быў дэлегатам з’езда настаўнікаў БССР”. 

Не старэлі душой ветэраны. Прыходзілі на сустрэчы з падрастаючым пакаленнем, прымалі ўдзел у мітынгах, з радасцю сустракалі дома школьныя дэлегацыі. Расказвалі пра тое, што бачылі, што перажылі. І абавязкова рабілі акцэнт на тое, што “сапраўдныя перамогі – гэта перамогі міру, а не вайны”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Аляксандра МІХАЛКОЎСКАГА.