Рыхтуемся да свята. Легенды пра велікодныя яйкі
Велікоднае яйка (маляванка, крашанка, пісанка і інш.) спецыяльна дэкараваныя яйкі, якія дораць адзін аднаму на Вялікдзень. Яны з’яўляюцца атрыбутам аднаго з галоўных рэлігійных свят хрысціян дня памінання цудоўнага ўваскрэсення распятага на крыжы Ісуса Хрыста.
Паводле падання, першае велікоднае яйка Святая роўнаапостальная Марыя Магдаліна паднесла рымскаму імператару Тыберыю і аб’явіла пра ўваскрэсенне Хрыста. Імператар не паверыў, сказаўшы, што гэта так жа немагчыма, як і тое, што курынае яйка будзе чырвоным. Пасля гэтых слоў яйка, якое ён трымаў у руках, стала чырвонага колеру.
Задоўга да з’яўлення хрысціянства старажытныя народы лічылі яйка правобразам Сусвету з яго нарадзіўся навакольны свет. Стаўленне да яйка як да сімвалу нараджэння адбілася ў вераваннях і звычаях егіпцян, персаў, грэкаў, рымлян. У славянскіх народаў яно асацыявалася з урадлівасцю зямлі, вясновым адраджэннем прыроды.
Звычай фарбаваць яйкі звязвалі з імем рымскага імператара Марка Аўрэлія. У дзень, калі нарадзіўся Марк Аўрэлій, адна з курыц, якія належалі яго маці, нібыта знесла яйка, пазначанае чырвонымі кропкамі. Шчаслівае прадвесце было патлумачана як нараджэнне будучага імператара. 3 224 г. у рымлян стала звычаем пасылаць у якасці віншавання адзін аднаму пафарбаваныя яйкі. Хрысціяне перанялі гэты звычай, уклаўшы ў яго іншы сэнс: чырвоны колер мае асаблівую сілу, бо яйка, згодна з біблейскім паданнем, у велікодныя святы пафарбавана крывёй Ісуса Хрыста. Іншая легенда сведчыць, што пасля смерці Хрыста сем іудзеяў сабраліся на банкет. Сярод страў на стале былі смажаная курыца і звараныя ўкрутую яйкі. У час балю адзін з тых, хто сабраўся, успомніўшы пра пакаранага, сказаў, што Ісус уваскрэсне на трэці дзень. На гэта гаспадар хаты запярэчыў: «Калі курыца на стале ажыве, а яйкі стануць чырвонымі, тады ён уваскрэсне». I ў тое ж імгненне яйкі змянілі колер, а курыца ажыла. Яшчэ адна легенда сцвярджае, што гэта Дзева Марыя, каб пацешыць немаўля Ісуса, першай пачала фарбаваць яйкі. Звязваюць гэты звычай таксама з імем французскага караля Людовіка Святога, натхніцеля крыжовых паходаў. Вызвалены з палону, ён рыхтаваўся вярнуцца на радзіму. Перад ад’ездам караля быў зладжаны баль, на якім сярод іншых страў былі яйкі, размаляваныя ў розныя колеры. Паводе іншай версіі, звычай звязаны і з Вялікім постам. На працягу посту, згодна з правіламі грэчаскіх праваслаўных цэркваў, нельга ўжываць у ежу многія прадукты і яйкі ў тым ліку. Народ, жадаючы захаваць яйкі, варыў іх, а каб не блытаць з неваранымі, людзі фарбавалі яйкі, выкарыстоўваючы пераважна натуральныя фарбавальнікі. Неўзабаве жыццёвая патрэба ператварылася ў традыцыю, што і ў наш час суправаджае велікоднае свята.