Вялікая Айчыная ў памяці пакаленняў

 

Вялікая Айчыная ў памяці пакаленняў

Общество
10.04.2022
749

“Вайна для народаў – гэта слёзы і кроў, удовы і беспрытульнікі, гэта раскіданае гняздо, загінуўшая маладосць і зняважаная старасць”, - рускі пісьменнік, ваенны карэспандэнт Ілля Эрэнбург ведаў, пра што гаварыў. Вялікую Айчынную вайну ён бачыў на свае вочы і, прапусціўшы праз сябе падзеі ваеннага ліхалецця, напісаў каля паўтары тысячы артыкулаў і твораў. Ён першы у рускай літаратуры выкарыстаў словазлучэнне “Дзень Перамогі”, якое пазней стала крылатым.

Напярэдадні 9 Мая мы распачынаем цыкл матэрыялаў пад рубрыкай “Вялікая Айчыная ў памяці пакаленняў”.

Яшчэ раз успомнім тых, хто змагаўся за мірнае неба, пра тых, хто зрабіў свой унёсак у  Вялікую Перамогу, пра тых, каму мы не перастанем гаварыць “дзякуй” хаця б у думках, бо большасці нашых герояў ужо няма ў жывых.

Ваенная дарога з агнявымі лабірынтамі

У гэтым чалавеку адразу адчувалася веліч. Высокі, статны, відны, з густой шавялюрай. Сур’ёзны і ўпэўнены ў сабе. Амаль 27 гадоў ён адпрацаваў старшынёй калгаса імя Калініна і паспеў адзначыць 90-гадовы юбілей.

З Пятром Конанавічам Кукарэкам я пазнаёмілася ў пачатку 2000-х гадоў, на адным з мерапрыемстваў, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ён пастаянна ўдзельнічаў у мітынгах, прысвечаных Вялікай Перамозе і Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зрэдку адзін, часцей – з жонкай. Ім, ветэранам вайны, у гэтыя святы была адрасавана асаблівая ўвага.

Расставанне…

Пётр Конанавіч Кукарэка з Антанінай Сцяпанаўнай пабраўся шлюбам вясной 1941 года. На той час ён скончыў Мінскае ваеннае агульнавайсковае вучылішча, Антаніна пасля Мінскага зубалячэбнага вучылішча працавала на Рудзеншчыне – малой радзіме будучага мужа. Тут яны і пазнаёміліся.

1.png

Пасля вяселля малады лейтэнант адразу накіраваўся ў вайсковы лагер пад Гродна (непадалёку ад Аўгустоўскага канала), там вайскоўцы ахоўвалі і ўмацоўвалі прымежны раён. Ён знашоў жыллё, дзе планаваў пачынаць сумеснае жыццё разам з маладой жонкай. Не паспеў. Пачалася вайна. “22 чэрвеня, каля дзвюх гадзін ночы, - артылерыйскі агонь. Склады з боепрыпасамі і харчаваннем былі ўзарваныя нямецкімі дэзерцірамі, якім дапамагала і польская разведка. Мы прынялі бой, кожную пядзю зямлі палівалі сваёй крывёй, - успамінаў праз гады Пётр Конанавіч. – У раёне Ваўкавыска пратрымаліся два дні. Пад Дзяржынскам трапілі ў акружэнне”.

Згубіла супакой і малая радзіма лейтэнанта Кукарэкі. Чытаю ўспаміны Антаніны Кукарэкі: “Я, як медработнік, была ваеннаабавязаная. У першы ж дзень вайны падагналі саўгасную машыну і ўсіх ваеннаабавязаных адправілі ў рудзенскі ваенкамат. Мы нават не ўяўлялі, што могуць прыйсці немцы, таму слёзных развітанняў не было. Мяне разам з фельчарам Лагацкім пакінулі ў шпіталі на базе раённай бальніцы. Неўзабаве да нас пачалі дастаўляць раненых”.

Колькасць параненых павялічвалася. Ложкаў не хапала – клалі на падлогу. Медпрэпаратаў – небагата: рэванол, марганцоўка, чырвоны стрэптацыд, хларамін.

“Я дагэтуль памятаю твары тых юнакоў, маладых, 20-гадовых, якім мы не маглі дапамагчы: не хапала медыкаментаў. Былі байцы з газавай гангрэнай, з раненнем у брушную поласць, у грудную клетку, у галаву. Гэтыя вочы, якія малілі: “Дапамажыце, выратуйце!” – не магу забыць і цяпер”, - скрозь гады чуецца крык душы маладога медыка. Параненым патрабавалася дапамога хірурга, якога ў бальніцы не было.

Стаяла гарачае лета. Раны на целе  байцоў не загойваліся. Калі медыкі здымалі павязкі, каб памяняць іх, знаходзілі на ранах… чарвякоў. Тады жанчыны сталі на балоце збіраць  сфагнум. Як вядома, гэты тарфяны мох утрымлівае карболавую кіслату, якая з’яўляецца антысептыкам, што знішчае бактэрыі.

За харчаваннем для параненых работнікі бальніцы хадзілі ў суседні калгас па малако і хлеб. Мясцовыя людзі таксама дапамагалі: хто бульбы зварыць, хто бліноў напячэ.

У бальніцы Антаніна адпрацавала да прыходу немцаў. “Добра памятаю гэты дзень, - зазначала падчас аповеду Антаніна Сцяпанаўна. – Я ішла з аптэкі з дэзрастворамі, а дачка фельчара мне насустрач: ”Не хадзі”. Здалёк назірала, як немцы акружылі шпіталь, падагналі грузавікі і раненых юнакоў за ногі, за галовы грузілі, як дровы, каб вывезці і расстраляць”. 

…і сустрэча

Падчас акружэння пад Дзяржынскам многія, у тым ліку і Пётр Кукарэка, аказаліся ў лагеры для ваеннапалонных, які размяшчаўся ў Драздах. Калі Антаніна даведалася, дзе знаходзіцца яе муж, то разам са свекрывёй рушыла туды пешшу (30 кіламетраў!).

“У той час у немцаў была эйфарыя перамогі. Яны не так строга ставіліся да палонных. Маці Пятра ўдалося ўгаварыць начальства лагера, і мы забралі яго дадому”, - успамінала Антаніна Кукарэка.

Тут¸ на Рудзеншчыне,  Пётр з жонкай і мясцовымі актывістамі стварыў падполле.  Маладыя людзі пачалі збіраць зброю, здабываць каштоўную інфармацыю пра размяшчэнне нямецкіх гарнізонаў. Партызанскі рух стаў пашырацца. Неўзабаве падпольшчыкі злучыліся з партызанскім атрадам імя Калініна, які працаваў на Мінск. У 1942 годзе партызаны здзейснілі напад на лагер смерці “Малы Трасцянец” пад Мінскам. У гэтай аперацыі вызначыўся камандзір узвода Пётр Кукарэка.  

Пасля разгрому гарнізона атрад пачаў папаўняцца кадравымі ваеннымі, якія трапілі ў акружэнне і засталіся на акупіраванай тэрыторыі, былымі мясцовымі партыйнымі, савецкімі і камсамольскімі актывістамі – больш за 200 чалавек.

У кастрычніку 1942 года Антаніна Сцяпанаўна нарадзіла сына, але і году не прайшло, як пакінула малога ў маці і накіравалася да мужа ў партызанскі атрад. Была ўпэўнена: там яна больш патрэбная.

Вызваленне Беларусі Пётр з Антанінай сустрэлі ў партызанскім атрадзе ў Любанскім раёне. “На тэрыторыі нашага атрада размяшчаўся партызанскі аэрадром – такім чынам забіралі цяжка параненых, дапамагалі зброяй, харчаваннем, таму сувязь “з вялікай зямлёй была”, - расказваў у свой час Пётр Конанавіч. - Тры дні мы трымалі пераправу. Немцы  любой цаной хацелі вырвацца з катла, але партызаны гэтага не дапусцілі. Самае галоўнае, што мы “асядлалі” чыгунку. Калі немцы вырашылі ісці ў генеральнае наступленне, усё было паралізавана, дзякуючы партызанам.

Маршал Жукаў, дарэчы, казаў, што паспяховасць аперацыі “Багратыён” у значнай ступені залежала ад нас, беларусаў”.

…Кажуць, за кожным паспяховым мужчынам стаіць разумная і моцная жанчына. Гісторыя сямейнай пары Кукарэкаў дадае ўпэўненасці гэтаму сцвярджэнню. І калі прасачыць за пасляваенным, прафесійным лёсам Пятра Кукарэкі, таксама можна знайсці шмат доказаў вышэй згаданай гіпотэзы.

Галіна АНТОНАВА.