Памяці Аляксандры Апанасовіч. Сэрцам адданая людзям…

 

Памяці Аляксандры Апанасовіч. Сэрцам адданая людзям…

Общество
14.03.2022
2014
“Жыццё пражыць – не поле перайсці, жывіце так, каб пустазеллем не ўзысці…” – гэты наказ, які давала былы дырэктар школы Аляксандра Апанасовіч падчас выпускнога балю, помняць сотні выпускнікоў СШ№2. Больш за паўсотню гадоў Аляксандра Эдмундаўна аддала школе.

Улюблёны ў сваю справу педагог, мудры дырэктар, дэпутат з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, клапатлівая дачка, ласкавая матуля, любімая бабуля, руплівая гаспадыня, надзейная сяброўка – такой застанецца Аляксандра Апанасовіч у памяці тых, хто яе ведаў.

010.jpg

7 ліпеня 1953 года ў ноч на Івана Купалу ў чароўным кутку Смаргоншчыны нарадзілася дзяўчынка Аля. Кажуць, што ў такое свята нараджаюцца незвычайныя, духоўна багатыя, мудрыя людзі, якія ўсё жыццё сваёй цеплынёй і любоўю грэюць усіх, каму пашчасціць быць побач. Напэўна, цудоўная папараць-кветка падарыла дзяўчынцы агеньчык, які вёў яе па жыцці. Такім няпростым, але светлым і яркім. 

“Я ніколі не збіралася быць настаўніцай, – прызнавалася Аляксандра Апанасовіч, - марыла лячыць людзей. Нават вытрымала іспыты ў медвучылішчы. Аднак у рашаючую хвіліну, ува мне праявілася цікавасць да беларускага слова, да роднай беларускай культуры, якая ўзнікла яшчэ ў Свайгінскай васьмігодцы, а потым узрасла і пашырылася ў Вішнеўскай сярэдняй школе”. Магчыма, гэта чароўная сіла папараць-кветкі накіравала Аляксандру Эдмундаўну ў педагогіку.

І вось яна – маладая прыгожая піянерважатая Лешчаняцкай васьмігодкі. Піянерскія сборы, паходы, экскурсіі… Вакол яе дапытлівыя, шчырыя вясковыя вучні, для якіх яна стала і старэйшай сяброўкай, і  мудрай дарадчыцай.

Рисунок4.png

Атрымаўшы дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, Аляксандра Эдмундаўна стала працаваць у СШ№ 3 г. Смаргоні. Яе ўрокі роднай мовы і літаратуры былі прасякнуты сапраўднай любоўю і цеплынёй да беларускага слова. Засталіся ў памяці яе словы: “Я лічу нашу мову прыгожай, самай пяшчотнай, вольнай, пявучай, вобразнай, шчырай. Я – беларуска, я люблю нашу мову. Хачу,  каб і вы любілі яе так, як я”.

 У 1982 годзе Аляксандра Эдмундаўна была прызначана намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ№2 г. Смаргоні. З 1989 года па 2016 год кіравала гэтай установай адукацыі. Улюбёная  ў сваю справу, самаахвярная, яна згуртавала вакол сябе калектыў аднадумцаў.

“Школа – гэта вялікая мазаіка, складзеная з маленькіх частачак. Якога колеру яна будзе? Яскравая – калі ў школе цікава, утульна і дзецям, і бацькам, і настаўнікам. Цьмяная -  калі працуюць і вучацца без натхнення і жадання.  Якую мазаіку складаем мы? Ёсць у ёй розныя фарбы, але я ўпэўнена, што нашы агульныя намаганні  зробяць нашу школу  яскравай”,  - так гаварыла Аляксандра Эдмундаўна.

Пачуцці, сутнасць асабістай жыццёвай філасофіі найбольш дакладна раскрывае верш, які напісала Аляксандра Апанасовіч.

Сегодня все о чём-то спорят

Всё чаще выясняют, что и как,

А я хочу вам рассказать о школе,

О её буднях и делах.

 

Люблю прийти, когда здесь тихо,

А в классе еще чистая доска,

И вдруг врываются со смехом лихо

Девчонок и мальчишек голоса.

 

Я их люблю, девчонок и мальчишек,

Хочу раскрыть им тайны волшебства,

Хочу, чтоб они узнали не из книжек,

Что школа наша – волшебная страна.

 

Я дорожу минутами такими,

Когда кому-то нужен мой совет,

Считаю эти дни почти святыми

И на ошибку права у меня нет.

 

Мне кажется, как будто я умею

И шить, и петь, и даже вот писать,

Но всё же, вы поверьте мне,

Не смею я о другой профессии мечтать.

 

Пока я в школе, я не постарею,

И буду жить, смеяться и любить,

И может быть, еще сумею

Своих внучат чему-то научить.

“Дзверы кабінета Аляксандры Эдмундаўны былі заўсёды для нас адчынены. Мы ішлі да яе не толькі як да дырэктара, настаўніка-метадыста за дапамогай, а часам і проста за мудрай парадай. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага: зрабіць заўвагу, на якую не пакрыўдзішся, падказаць, а не указать. Яна рабіла ўсё з веданнем справы і шчыра,” – успамінае настаўніца пачатковых класаў Алена Шчасная.

Працаваць у родную школу пад кіраўніцтвам свайго былога настаўніка вярталіся многія выпускнікі школы. Аляксандра Эдмундаўна называла іх з любоўю “мае дзяўчаткі” і для кожнай знаходзіла словы падтрымкі, давала слушныя парады. “Памятайце, галоўнае – быць чалавекам, у любых абставінах, пры любым настроі,” – вучыла яна маладых настаўнікаў.

Рисунок6.png

“Працаваць пад кіраўніцтвам Аляксандры Эдмундаўны было і проста, і адказна. Яна ўмела поспех падзяліць на ўсіх, а адказнасць за няўдачы заўсёды брала на сябе,” – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №2 Алена Ануфрыева, былая вучаніца Аляксандры Апанасовіч.

“У жніўні 2016 года я змяніла Аляксандру Эдмундаўну на пасадзе дырэктара школы, – расказвае Іна Савіцкая. – Мяне сустрэў дружны прафесійны калектыў, які яна стварыла сэрцам, душой і кіраўніцкім талентам. Я заўсёды памятаю яе словы: “Вельмі хачу, каб маім дзяўчаткам і хлопцам было добра з Вамі. Не крыўдзіце іх, яны ў мяне працавітыя, разумныя, добрыя”. Так яна гаварыла пра настаўнікаў. А пра дзяцей – з яшчэ большай цеплынёй. Яна ведала кожнае дзіця, кожную сям’ю. І сёння я хачу сказаць: “Спіце спакойна, паважаная Аляксандра Эдмундаўна. Ваша справа працягваецца. Традыцыі, закладзеныя Вамі ў Вашай школе, жывуць і будуць жыць”.

фото для некролога.jpg

Сярод яе узнагародаў – Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама, Гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, званне “Выдатнік адукацыі”. Яе грамадская дзейнасць адзначана памятным знакам “2000 год Хрысціянству”, ёй прысвечана старонка ў энцыклапедыі “Жанчыны Беларусі”, яна была дэлегатам ІV Усебеларускага народнага сходу.

Але галоўная ўзнагарода для такога чалавека – любоў  і памяць вучняў, калег, сяброў. Няхай толькі ззяе і ніколі не гасне святло папараць-кветкі. Няхай жыве вечна памяць пра цудоўнага чалавека,  педагога, кіраўніка – пра Аляксандру Эдмундаўну Апанасовіч, якая на працягу ўсяго жыцця аддавала сэрца людзям.

Педагагічны калектыў СШ №2.