Дзень роднай мовы святкавалі ў дзіцячым садку №8

 

Дзень роднай мовы святкавалі ў дзіцячым садку №8

Общество
21.02.2022
991
Дзень роднай мовы –  нагода засяродзіць увагу грамадскасці  на важнасці сваёй мовы для нацыі, яе адметнасці, багацці і прыгажосці.

 А для выхаванцаў нашай беларускамоўнай групы свята роднай мовы – заўсёды важная і адказная падзея, да якой дзеці пачынаюць рыхтавацца загаддзя.

Сёлета да Дня роднай мовы быў распрацаваны шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, прысвечаных Францыску Скарыне і яго “Малой падарожнай кнізе”. Дзеці пазнаёміліся з дзейнасцю першадрукара, даведаліся, чаму беларусы ганарацца і ўшаноўваюць яго памяць. Вядомы беларускі мастак і кніжны ілюстратар Мікола Купава стварыў каляндар на 2022-і год. Твор  прысвечаны 500-годдзю напісання “Малой падарожнай кніжкі”, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1522-м годзе ў Вільні, што стала пачаткам кнігадрукавання ў ВКЛ. Мастак лічыць, што такая ўжытковая рэч, як каляндар, стане і данінай павагі, і добрым сродкам распаўсюджання пра беларускага першадрукара. Адзін з асобнікаў мастак падарыў нашай групе, і гэты падарунак стаў нагодай для стварэння фотавыставы “Францыск Скарына – беларускі першадрукар”.

IMG_20220217_210854.jpg

 Хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі ў цікавыя аўтарскія гульні, чыталі і слухалі  вершы беларускіх пісьменнікаў, стваралі калаж і паштоўкі, удзельнічалі ў “гістарычных хвілінках”,  а самае галоўнае –  іх маленькія сэрцы напоўніліся любоўю да беларускай мовы, яе багацця і прыгажосці, усвядомілі прыналежнасць да славутага, працавітага і таленавітага народа, якога ведаюць, які мае годнасць, гісторыю і культуру.

Не абмінулі выхаванцы ўвагай і асобу Францішка Багушэвіча, нашага земляка. Словы публіцыста і пісьменніка “Не пакідайце мовы сваёй беларускай, каб не ўмёрлі” нанесены не толькі на гранітным помніку ў гарадскім цэнтральным парку Смаргоні, але сталі крылатым выразам для ўсіх беларусаў. Дзеці захапіліся гісторыяй “мужыцкага адваката”, і ў іх з’явілася жаданне наведаць музей-сядзібу пісьменніка ў Кушлянах, захацелася яшчэ раз схадзіць разам з бацькамі да помніка Францішку Багушэвіча, бо цяпер яны глядзелі на яго другімі вачамі, свядома і з павагай.

Дзеці павінны ведаць гісторыю краіны, мець сваё стаўленне да яе. І не трэба хвалявацца, што малыя чагосьці не зразумеюць, ім будзе складана ці не цікава, гэта ўжо адказнасць і майстэрства педагога. Самае галоўнае дзеці, як і дарослыя, разумеюць сэрцам, а пасля цаглінка за цаглінкай з новых ведаў, уласнага досвяду  дабудоўваюць свет асобы, фарміруюць яе каштоўнасці і свядомасць.

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,

выхавальнік ясляў-сада №8.

 


Статьи по теме: