Вайна бязлітасная да кожнага
Изображение используется в качестве иллюстрации
На жаль, сёння сярод нас стала большаць людзей перакаці-поле, для якіх мінуўшчына, спадчына, гісторыя нацыі – пустыя гукі. Галоўнае – долары і еўра ў кішэні. А заходнія цёткі і дзядзькі з вучонымі ступенямі імкнуцца перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны на свой лад. Выдаюцца за мяжой хлуслівыя кнігі пра вайну, напісаць якія маглі толькі аўтары-пярэваратні, у якіх хворыя мазгі. Забываючы самае “нязначнае”: Беларусь першай прыняла на сябе ўдары фашысцкай навалы. Усім скептыкам раю наведаць музей Брэсцкай крэпасці-героя – адразу адпадуць усе негатывы і сумненні. Больш таго, сур’ёзныя, салідныя даследаванні пра мінулую вайну замоўчваюцца ў свеце, затое сумніўныя, ілжывыя з’яўляюцца на самых відных паліцах. Знаходзіцца ўсё больш тых хлусаў, хто гатовы зноў і зноў мусіраваць нашу гістарычную памяць. А наконт мінулай вайны ў ХХІ стагоддзі ў свеце развернуты татальны інфармацыйны тэрор. І гэта пры тым, што ветэранаў застаецца ўсё менш і менш. З якімі думкамі ім дажываць свой век, калі перамогу абліваюць брудам і памыямі, руйнуюць помнікі іх паплечнікам?
Проста дзікунства: краіны, якія прайгралі ў вайне, сёння імкнуцца выдаваць сябе пераможцамі. Агідна, што на выпушчаным у ЗША юбілейным медалі, прысвечаным чарговай гадавіне завяршэння Другой сусветнай вайны, месца для сцяга СССР не знайшлося. А менавіта СССР і перамог фашызм. Адбылося гэта ў многім дзякуючы савецкаму інтэрнацыяналізму і патрыятызму. Красамоўнымі старонкамі стала і партызанская вайна ў нашай Айчыне. Чаму фальсіфікатары забыліся, што Беларусь страціла кожнага трэцяга грамадзяніна, а ў некаторых раёнах – і кожнага другога. Скептыкі могуць наведаць Хатынь, іншыя мемарыяльныя месцы нашай Бацькаўшчыны, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Больш таго, Беларусь заўсёды клапацілася пра месцы захавання салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, пастаянна з’яўляліся новыя помнікі, а старыя дбайна даглядаліся. А вось у “цывілізаванай” Еўропе помнікі руйнуюцца, руйнуецца чалавечая памяць і свядомасць. Дзеці выхоўваюцца на абыякавасці і нянавісці да іншых нацый…
Беларусь умее і можа жыць у міры і суладдзі абсалютна з усімі краінамі, імкнецца развіваць па максімуму матэрыяльныя і духоўныя стасункі. А ў Амерыкі і Еўропы – толькі свае меркантыльныя геапалітычныя інтарэсы. Чаму мы, нашчадкі герояў-пераможцаў, павінны сёння слухаць тых, продкі якіх і пораху не панюхалі?! Еўрапейцы хочуць сёння абяліць сябе, бо ў час вайны праявілі сябе як маладушныя здраднікі, як палахлівыя саюзнікі. Дайшло да таго, што ілжывыя палітыкі патрабуюць перагляду вынікаў вайны. Як кажуць, прыехалі… Зноў хочацца многім выконваць ролю Трэцяга Рэйха – гаспадарыць над іншымі нацыямі. ЗША ніяк не могуць супакоіцца, бо пад імі захістаўся трон.
Перамога ў вайне многія гады аб’ядноўвала розныя пакаленні савецкіх людзей. Чамусьці забываецца, што Вялікая Айчынная насіла справядлівы, вызваленчы характар. Яна і атрымала назву Айчыннай таму, што на барацьбу з карычневай чумой узнялася ўся Айчына - і малыя, і сталыя. І сёння, проста наш святы абавязак – абараніць гістарычную памяць, праўду пра вайну для нашых нашчадкаў. Мы павінны цаніць мір, за які вельмі дорага заплацілі нашы продкі-героі.
На жаль, хлусня пра вайну сёння вельмі хутка распаўсюджваецца дзякуючы ўсемагутнаму інтэрнэту. Я лічу, што сама фальсіфікацыя гісторыі XX стагоддзя і падтасоўка фактаў пра падзеі Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай выхоўваюць маладыя пакаленні з дэфармаванай свядомасцю. Мы ўсе разам павінны захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную ў дзяржавах Садружнасці і супрацьдзейнічаць спробам фальсіфікацыі гісторыі. Чалавецтва, зямляне, на жаль, пачалі забываць гісторыю. Ужо расце пакаленне, якое нярэдка не ведае рэальную гісторыю, а гэта можа прывесці да яе паўтарэння, калі адна дзяржава аб’яўляе сябе вяршыцелем лёсаў усяго свету. І выкарыстоўваючы фэйкавыя навіны, “дабрадзеі” пачынаюць вучыць Беларусь, як нам жыць сёння і заўтра.
Наша краіна сама ў стане вызначаць прыярытэты інфармацыйнай палітыкі, фармуляваць і вызначаць прынцыпы інфармацыйнага суверэнітэту. Мяне ўзрадавала, што з эфіру знік замежны тэлеканал «Euronews», які мне ніколі не падабаўся, бо навіны там падаваліся спрошчана і аднабока. А сама дыкцыя і тон паведамленняў былі крыклівымі, пампезнымі, аднак часта пустымі і нікчэмнымі, што проста раздражняла. І на паверку аказваліся дзіркай ад бубліка. Інфармацыя на гэтым канале падавалася не аб’ектыўна, а так як хацелі так званыя эліты Еўрапейскага саюза. Гэтыя эліты зноў і зноў вучылі нас, беларусаў, як жыць. Мне думаецца, ім трэба найперш дбаць пра тое, каб хвалёны Еўрасаюз сам дашчэнту не разваліўся. А то Вялікабрытанія ўжо збегла, на старце – і іншыя “дэмакратычныя” краіны. Мне, як гледачу, ніколі не быў даспадобы ангажыраваны погляд на падзеі ў свеце.
Навіны нам падабаліся больш пра сам Еўрасаюз, чым пра Еўропу ў цэлым. Так, Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, аднак мы, у адрозненне ад Украіны, ніколі не імкнуліся стаць членам Еўрасаюза. Няхай ужо заморскія цёткі і дзядзькі сілкуюцца той “смакатэчай”, той дэмакратыяй, якія толькі і змагла нарадзіць двайныя стандарты.
Глыбока сімвалічна, што на месцы згаданага канала будуць весціся перадачы канала са святой назвай “Перамога”. Няхай паглядзяць заморскія паны і паненкі, якім быў сапраўдны твар Другой сусветнай, які быў не толькі мужчынскі, але і жаночы, дзіцячы твар. Тады, можа, і менш захочацца фальсіфікаваць падзеі вайны, руйнаваць свядомасць сучаснікаў і нашчадкаў. Добра, што на новым канале будуць дэманстравацца мастацкія і дакументальныя фільмы, перадачы пра Вялікую Айчынную.
Набліжаецца трагічная дата – 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але нашы заморскія ворагі пачынаюць злосна даказваць, што такой абарончай вайны наогул не было ў гісторыі чалавецтва. Не было і перамогі, якая вызваліла нашу краіну, СССР і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. Нельга ні ў якім разе забываць, што вайна стала паваротным пунктам у сусветнай гісторыі. Мы ўсе разам павінны захоўваць, вывучаць, прапагандаваць матэрыяльныя і духоўныя сведчанні пра подзвіг і ахвяры беларускага народа. У імя захавання міру на планеце Зямля. “Порахам чалавека не выхаваеш”, - сцвярджаў Васіль Быкаў, аўтар многіх твораў пра Вялікую Айчынную. Перачытаем іх!
Канстанцін КАРНЯЛЮК.