БРАТ-2

 

БРАТ-2

Общество
10.04.2021
2517

У нас з братам быў яшчэ адзін брат – стрыечны. Звалі яго Пётр. Старэйшы за мяне на шэсць год. Выраслі мы фактычна разам. Літаральна кожнае лета праводзілі на бабулінай «фазэндзе», дзе побач стаяла і хатка яго ўдовай маці. Мы гулялі ў футбол і валейбол, запускалі ракеты, змайстраваныя з цюбікаў ад зубной пасты, хадзілі на рэчку плаваць і лавіць рыбу. Гэта ён навучыў мяне гуляць у шахматы, ездзіць на матацыкле, а пазней паказаў, як правільна галіцца, завязваць гальштук. Пётр хоць і рос без бацькі, шмат у чым разбіраўся, рукі ў яго раслі з патрэбнага месца. Меў розныя захапленні і планы. Ажаніўся даволі рана, узяў маладую жанчыну з дзіцём. Пасля арміі мы з братам дапамагалі ім майстраваць новую хату. У сям'і Пятра нарадзіліся яшчэ два хлопчыкі. Вядома ж, і ён дапамагаў, калі трэба было. У першую чаргу, у будаўнічай справе. Жонка яго глядзела на гэта коса, а з цягам часу поўнасцю падпарадкавала Пятра патрэбам уласнай гаспадаркі. Ён мусіў адкласці ў бок і рыбалку, і цікавыя падарожжы, і сустрэчы з сябрамі. Кляпаў дошчачку да дошчачкі, пастаянна перабудоўваў нешта ў хаце і на дварышчы.

Калі памерла маці Пятра, ён праз нейкі час завёў з жонкай размову, што, маўляў, трэба было б паставіць помнік. Але кабета сказала, як адрэзала:

- Паспеем, няма цяпер грошай! Вунь, хлеў яшчэ недабудаваны, лазню да ладу не давялі!

Гадоў з дзесяць, калі не болей, мінула, пакуль Пётр, адзіны сын, сабраўся нарэшце зрабіць усё па людскі: расчысціў магілку ад хмызняку, усталяваў сціплы помнік замест струхнелага крыжа. Праўда, агароджу так і не паставіў.

Навошта? - запярэчыла жонка. - Могілкі старыя, даўно закрытыя...

Паступова адправіліся ў кут і нашыя зносіны з ім, тым больш, што па жыццёвых абставінах мне давялося пакінуць з сям'ёй родны горад. Калі прыязджаў за паўтары сотні кіламетраў, патрапіць да іх было няпроста. Адгарадзіліся ад свету высокім плотам, завялі злоснага сабаку. Колькі не ляпай у дзверы, ніхто не чуе. За ўвесь час Пётр патэлефанаваў усяго адзін раз, на юбілей, ды і ў мяне жаданне турбаваць яго паступова адпала. Родны мой брат калі-нікалі заходзіў да іх, тэлефанаваў на Новы год. Але ніякага задавальнення гэта ўжо не прыносіла. Жонка, забраўшы ў мужа трубку, магла адказаць: “Ну, пазваніў, павіншаваў, чаго яшчэ хочаш?!”

Апошнім часам Пётр моцна хварэў, часта ляжаў у бальніцы. Але даведацца, што з ім, было вельмі цяжка. Мы з братам нават гаварылі між сабой, што можа здарыцца, памрэ Пятро, а ніхто і не паведаміць. Так яно і здарылася. Калі брат патэлефанаваў яму ў навагодні вечар, жонка адказала, што муж спачыў яшчэ ў жніўні… І патлумачыла, папярэджваючы заканамернае пытанне, што сам, маўляў, не хацеў, каб нехта быў на яго пахаванні. Нешта сумніўна, ці сапраўды так і было. Але ж што перашкодзіла паведаміць сваякам, што Пётр памёр? Дзе пахаваны?! Тым больш, ведаючы, кім ён быў для нас.

Праз зіму, на Радаўніцу, на неабсяжных гарадскіх могілках, сярод разнастайных стракатых помнікаў, давядзецца нам з братам пакутліва шукаць і яго месца вечнага спачыну. І яшчэ, пэўна, доўгі час будзе стаяць там звычайны рытуальны крыж, зроблены па зацверджанаму шаблону.

Аляксандр БЫКАЎ.