Прыйдзі і пакланіся
22 сакавіка 2021 года адбылася чарговая гадавіна хатынскай трагедыі. На тэрыторыі Крэўскага сельсавета размешчана вёска Крыўск. Трагедыя спаленых на Беларусі вёсак разам з людзьмі толькі кранула Крыўск. У гады Вялікай Айчыннай вайны больш за палова вёскі была спалена, людзі паспелі выратавацца.
Членамі гуртка “Юныя краязнаўцы” пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі М.А. Міхалькевіча было здзейснена некалькі экспедыцый у вёску Крыўск. Навучэнцы сустракаліся з людзьмі - сведкамі трагедыі чэрвеня 1943 года, запісвалі іх успаміны, адначасова шукалі архіўныя і музейныя матэрыялы, паведамленні ў літаратуры і сродках масавай інфармацыі. Вынікам даследчай дзейнасці стаў удзел у 2018 годзе ў рэспубліканскім конкурсе “Дарогамі памяці”, намінацыя “Сёстры Хатыні”.
Навучэнцы разам з педагогамі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Прыйдзі і пакланіся” ў час веснавых канікулаў наведалі Крыўск, прайшліся па вуліцы, якая была спалена на золку ў адзін з чэрвеньскіх дзён 1943 года, сустрэліся з мясцовымі жыхарамі, усклалі кветкі ля помніка загінушўым у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхарам аграгарадка Ракаўцы. Дарослыя і дзеці былі ўзрушаны размовай з жыхаркай Крыўска Нінай Міхайлаўнай Канановіч, маці якой была сведкай тых трагічных падзей. Як маленькія расінкі, на вачах дзяцей блішчэлі слёзы.
Прагляд і абмеркаванне відэафільма “Трагедыя вёскі Крыўск” стаў фінальным акордам у акцыі – навучэнцам былі прадэманстраваны ўспаміны жыхароў вёскі Крыўск, жывых сведкаў знішчэння вёскі.
Вёска Крыўск пасля вайны адбудавалася, людзі засяліліся ў новыя дамы. Аднак памяць пра жахлівыя падзеі 1943 года жыве ў сэрцах жыхароў, іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Што для захавання міру можа зрабіць сучаснае пакаленне? Не забываць, прыйсці і пакланіцца.