Кошык са свянцонкай

 

Кошык са свянцонкай

Общество
02.04.2021
1193
Набліжаецца Вялікая субота. У гэты дзень у нашых святынях традыцыйна асвячаюцца стравы, якімі ў каталіцкіх сем’ях распачынаецца ўрачысты сняданак велікоднай раніцай. Кожная з размешчаных у кошыку рэчаў мае ўласны сімвал. Усе элементы свянцонкі ўспрымаюцца як Божыя дары і павінны прыгадваць пра важныя матэрыі, патрэбныя, каб плённа разважаць Муку і Уваскрэсенне Хрыста.

Пасха_цв.jpg


Ягня з харугвай

Знак уваскрэслага Хрыста. На харугве змешчаны крыж і надпіс “Алелюя”, які выражае радасць ад перамогі Жыцця над смерцю і пераадолення граху. Сімволіка ягняці мае глыбокія біблейскія карані. У Старым запавеце гэта ўцёкі яўрэяў з Егіпта, калі ізраільцяне пазначалі дзверы сваіх дамоў кроўю спажытага ягняці (параўн. Зых. 11-12), а таксама характарыстыка Слугі Яхвэ ў прарока Ісаі (параўн. Ян. 19). Велікоднае ягня з’яўляецца таксама сімвалам паслухмянасці, нявіннасці і ахвяры.

Яйка

Старажытны сімвал новага жыцця. У міфалогіі яйка звязана з 4-ма стыхіямі: шкарлупіна – зямля, абалонка – паветра, жаўток – агонь, а бялок – вада. Яно з’яўляецца знакам пачатку жыцця і адраджэння. Падобна як велікоднае ягня, сімвалізуе трыумф Жыцця над смерцю. Успрымаецца таксама як метафара ўтоенага жыцця і сілы існавання. Некалі яек не спажывалі на працягу ўсяго Вялікага посту, і яны вярталіся на сталы толькі на Вялікдзень. Дзяленне асвечаным яйкам мае братэрскі характар і служыць умацаванню сямейных сувязей.

Соль

Напамін наказаў Хрыста аб тым, што мы як Яго вучні павінны быць “соллю зямлі” (параўн. Мц. 5, 136). Гэты жыццядайны мінерал спадарожнічае чалавеку са спрадвечных часоў. Надае стравам смак, а дзякуючы кансерватыўным уласцівасцям, захоўвае іх ад псавання. З’яўляецца сімвалам жыцця, самой сутнасці існавання, маральных і духоўных сіл, ачышчэння і праўды.

Вяндліна

Сімвал ягняці, якое ізраільцяне забівалі, каб адзначыць свята Пасхі. У мінулым, калі мяса спажывалі час ад часу, таму што было дарагім, яно лічылася знакам дастатку. У кошык са свянцонкай укладаем звычайна кавалак шынкі ці каўбасу.

Хлеб

Памятка размнажэння хлеба ў пустыні, якім Езус накарміў сваіх слухачоў. Сімвалізуе спажытак для душы, г. зн. Цела Хрыста, які сказаў аб сабе: “Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны…” (Ян. 6, 35) – і штодзённую ежу для цела, неабходную для жыцця, што знайшло адлюстраванне ў малітве “Ойча наш” (параўн. Мц. 6, 11). Хлеб таксама з’яўляецца знакам Пераісточання, здзейсненага ў прысутнасці апосталаў у вячэрніку. Выражае жаданне прыняцця св. Камуніі. У той жа час хлеб – гэта сімвал поспеху, дастатку і сытасці. Для асвячэння дастаткова адрэзаць толькі кавалак, які пазней спажывём падчас велікоднага сняданку.

Печыва

Знак майстэрства, таму лепш за ўсё, калі гэта хатняя выпечка – выраз нашых уменняў. Печыва – таксама сімвал неаформленай матэрыі, ператворанай у дасканалую форму. Яго салодкасць з’яўляецца ўзнагародай за трываласць у самаўтаймоўванні падчас Вялікага посту і звеставаннем Нябеснага Валадарства: “Пакаштуйце, які добры ёсць Пан” (Пс. 34, 9).

Сыр

Знак сувязі паміж чалавекам і прыродай. Заахвочвае да ўдзячнасці за спажытак, атрыманы ад жывёл, і да пашаны да іх.

Хрэн

Сімвал горычы Мукі Пана – з-за вострага смаку і здольнасці выклікаць слёзы. Азначае фізічную моц, чалавечыя сілы і жыццяздольнасць.

Сярод элементаў свянцонкі могуць таксама быць і іншыя (розніцы вынікаюць з рэгіянальных традыцый): вада – сімвал Святога Духа; перац – сімвал горкіх слёз; зайчык – сімвал пладавітасці і адраджэння прыроды; куранятка – сімвал новага жыцця (некалі казалі, што Хрыстос устаў з магілы “як кураня з яйка”).

Па матэрыялах газеты “Слова жыцця”.