Сёлетні год багаты на юбілеі славутых літаратараў, сярод якіх і наш зямляк, ураджэнец Смаргоні, Майсей (Мойша) Кульбак. У свой час (20 - 30-я гады ХХ стагоддзя) ён быў досыць вядомы і паспяховы паэт, пісьменнік і драматург, які пісаў на ідыш, і творы якога перакладаліся не толькі на рускую і беларускую, але і на англійскую, нямецкую, польскую і іншыя мовы.
Дакладны дзень яго нараджэння невядомы: па адных звестках – гэта 20, па іншых – 25 сакавіка 1896 года. Яго бацька, Саламон Кульбак, быў малодшым сярод сямнаццаці братоў. Усе мужчыны ў сям’і цяжка працавалі: смалакурамі, плытнікамі, гарбарамі…