Словам лічбаў, фактаў і цытаты вялікіх

 

Словам лічбаў, фактаў і цытаты вялікіх

Общество
21.02.2021
5941

Ніякае багацце людзей  не бывае даражэйшым за іх родную мову.

Якуб Колас

Напрыпачатку

Пра мову за мінулыя стагоддзі напісана многа кніг, прац, даследаванняў, манаграфій. Для мяне мова – гэта заўсёднае свята душы і сэрца, на ёй лёгка думаецца, душа адразу прагне адкрыццяў. Аднак аднаго дня-свята для дзяржаўнай мовы надта мала. Мне, як грамадзяніну Беларусі, вельмі хочацца, каб матчына слова гучала з вуснаў суайчыннікаў штодня. Захацелася знайсці найбольш красамоўныя прычыны, чаму мову трэба вучыць, любіць, паважаць, шанаваць, прапагандаваць.

Беларуская мова з’яўляецца старажытнапісьменнай: гісторыя беларускага пісьменства налічвае каля 10 стагоддзяў. Мова пачала складацца ў 14 -16 стагоддзях, была аформлена напрыканцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў.

У перыяд знаходжання беларускіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім афіцыйнай мовай была старабеларуская: на ёй вялі афіцыйнае і прыватнае ліставанне, судовую практыку, перакладалі творы, размаўлялі.

Беларускі першадрукар, ураджэнец гераічнага Полацка Францішак Скарына сцвярджаў: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”. 6 жніўня 1517 года ён  выдаў першую друкаваную беларускую кнігу “Псалтыр”.

Сучасная  літаратурная мова пачала стварацца з 1850-х гадоў на аснове мінскай гаворкі сярэднебеларускай групы дыялектаў, у працэсе станаўлення здолела сінтэзаваць характэрныя для многіх гаворак граматычныя і лексічныя рысы.

Беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай.

Беларускі алфавіт складзены на аснове кірыліцы, развіты з алфавіта стараславянскай мовы. Яго сучасная форма была замацавана ў 1918 годзе і складаецца з 32 літар.

Ля вытокаў развіцця літаратурнай мовы стаяла інтэлігенцыя Бацькаўшчыны: ураджэнец фальварка Панюшкавічы Бабруйскага павета, заснавальнік айчыннай драматургіі, нацыянальнага тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, ураджэнец вёскі Кукавячына Віцебскага павета, паэт, фалькларыст, кнігавыдавец Аляксандр Рыпінскі, ураджэнец вёскі Малюшычы Навагрудскага павета, паэт, мовазнавец, фалькларыст, перакладчык Ян Чачот.

Сапраўдны росквіт нацыянальнай мовы распачаўся ў 2-й палове 19 стагоддзя: на ёй тварылі Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала.

Гэта Францішак Багушэвіч дасць запавет нашчадкам: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. З лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 годзе, калі ўбачыла свет першае выданне Дудкі беларускай, штогод пачалі зяўляцца кнігі на беларускай мове. Багушэвіч, акрамя  літаратурных твораў, займаўся лексікаграфічнай працай. Па даручэнні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх слоў. Францішак даказваў: “Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”. І сёння не толькі ў Кушлянах Смаргонскага і ў Жупранах Ашмянскага раёнаў жыве святая памяць пра першага нацыянальнага класічнага паэта.

Вялікі сын зямлі глыбоцкай Вацлаў Ластоўскі сцвярджаў: “Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі”.

Паэтка, ураджэнка фальварка Пешчын Лідскага павета, Цётка пісала: “Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць

Ураджэнец вёскі Сакоўцы Слонімскага павета Піліп Пестрак канстатаваў : “ Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю”.

Ураджэнец вёскі Пасадзец Лагойскага раёна Змітрок Бядуля пісаў: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў свааіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця”. У яго аповесці-казцы “Сярэбраная табакерка” закадзіравана міфалагема пра лёс Беларусі.

Слынны сын зямлі аршанскай Уладзімір Караткевіч зробіць выснову: “Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка – сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак”.. На мове ён стварыў бессмяротную прозу: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі” і інш.