Дужыя, самастойныя, адказныя, справядлівыя
Станіслаў ЛАБАЧОЎ (1937 года нараджэння), пенсіянер.
У год Быка нараджаюцца фізічна моцныя людзі. Я заўжды адчуваў у сабе неверагодную сілу, таму і працаваў за дваіх, а можа, і за траіх. А яшчэ, на маю думку, людзі з характарам быка не баяцца браць на сябе адказнасць. Мне часта даводзілася прымаць рашэнні, ад якіх залежалі лёсы маіх падначаленых. Праўда, рызыкаваў толькі тады, калі бачыў перспектыву і быў упэўнены ў станоўчым вырашэнні праблемы. З адмоўных якасцей гэтага знака, лічу, галоўная – празмерная даверлівасць.
Антон СТРАХ, гімназіст, вучань школы мастацтваў імя М. К. Агінскага (год нараджэння – 2009):
Кажуць, мужчыны, народжаныя ў год Быка, вельмі працавітыя, мужныя, упартыя ў дасягненні сваёй мэты, надзейныя і адданыя сябры. Мне падаецца , я сапраўды добры сябар, досыць лёгка і хутка знаходжу мову з новымі людзьмі. Люблю праводзіць канікулы ў бабулі і дзядулі ў вёсцы, стараюся дапамагаць ім: навучыўся паліваць і палоць агарод, капаць бульбу, умею працаваць з малатком, пілой і электракасой. Люблю рыбалку. А яшчэ я граю на баяне, удзельнічаў у шматлікіх музычных конкурсах, нават міжнародных і рэспубліканскіх, быў дыпламантам і лаўрэатам І ступені. Заўсёды стараюся сур’ёзна рыхтавацца да конкурсу. Кажуць, адказнасць – яшчэ адна рыса людзей, народжаных у год Быка.
Таццяна НЯСЦЮРЫНА, (1973 года нараджэння), рэжысёр лялечнага народнага тэатра “Батлейка” Залескага Дома культуры.
Якія якасці года Быка прысутнічаюць ува мне? Упартасць, вытрымка і сіла волі. А жыццё ў нас, “быкоў”, насамрэч нялёгкае: усё даводзіцца цягнуць на сваіх плячах. Магчыма, таму, што нашу сілу адчуваюць тыя, каму прырода не дала такіх магчымасцей, а можа, таму, што мы самі бяром на сябе вельмі шмат, бо ўпэўнены, што ніхто лепш за нас гэтага не зробіць.
Ларыса РОГАЧ (1949 год нараджэння), старшыня клуба «Клопат» пры ТЦСАН «Цёплы дом».
Лічу, што няма больш цярплівага знака, чым Бык. Гэта якасць мне дапамагае ў жыцці. А яшчэ мэтанакіраванасць, працаздольнасць, добрасумленнасць – не хвалюся, проста канстатую факт. Калі я бяруся за якую справу, то абавязкова давяду яе да канца і стараюся выканаць усё якасна. Уменне працаваць выпрацоўвае і павагу да працы іншых людзей. Я люблю сваіх сяброў, блізкіх і ўмею цаніць тое, што ёсць. Хочацца пажадаць усім здароўя і яшчэ, каб якасці Быка дапамагалі ім у 2021 годзе. Плёну!
Ала КЛЕМЯНОК (1961 года нараджэння), паэтэса.
Нарадзілася я па Усходнім календары ў год Белага Металічнага Быка. Надыходзячы 2021 па ўсіх паказальніках мой. Але ў нашай сям’і акрамя мяне яшчэ два “Бычкі” – гэта мае сыны. Адзін 1985 года, другі 1997. Таму пра асаблівасці, станоўчыя і адмоўныя якасці народжаных пад знакам Быка, я ведаю з уласнага вопыту. І калі б мяне папрасілі двума-трыма словамі ахарактарызаваць прадстаўнікоў гэтага года, то я, не вагаючыся, назвала б наступныя: прагматызм, незалежнасць, трываласць. Не памятаю, якой была ў дзяцінстве я. Мяркуючы па маміных кпінах у мой бок – не вельмі паслухмяная. А мае абодва сыны былі надзвычай ласкавымі цяляткамі, добразычлівымі, дужымі, шчодрымі. І разам з тым, вельмі ўпартымі ў адстойванні сваіх пазіцый. З цягам часу такія якасці, як упорастасць і незалежнасць, толькі ўзмацняліся. Але гэта я кажу на падставе ўласнага вопыту і асабістых адчуванняў. А якія яны, іншыя “быкі”, што паміж намі агульнага, мяркуйце самі.
Анатоль ЖАБІНСКІ (1961 года нараджэння), вадзіцель ва ўпраўленні механізацыі будаўнічых работ.
Я 35 гадоў адпрацаваў у УМБР машыністам аўтавышкі – хіба гэта не галоўная прыкмета Быка, які цягне лямку, не любіць перамен, добрасумленна выконвае свае абавязкі? Я заўжды быў здабытчыкам у сям’і. Камандаваць асабліва не люблю, але і калі мной камандуюць, то не падабаецца. З людзьмі сходжуся лёгка. Праца для мяне – не цяжар, наадварот, не магу без працы. Маю падсобную гаспадарку, якая таксама прыносіць у сям’ю пэўныя даброты. Люблю трываласць, забяспечанасць, перспектыву.
Апытанне правялі Ала СТРАШЫНСКАЯ і Галіна АНТОНАВА.