Мая адзіная, чаканая

 

Мая адзіная, чаканая

Общество
26.12.2020
1711
Вёскі Жодзішкі і Казярнікі знаходзяцца побач. Дзіўна, што жывучы па суседству з маленства, Марыя і Тамаш сустрэліся толькі ў пару юнацтва. Ёй было 16, яму – 21. Яна была яшчэ школьніца, ён – вайсковец. Увесь час да гэтага Бог вадзіў іх рознымі шляхамі, нібы рыхтаваў да жыццявызначальнага спаткання, выбіраў лепшы момант для сустрэчы.

IMG_9846.JPG

Мужчына і сёння памятае, як падчас службы ў арміі прыехаў дадому ў свой першы водпуск. Шлях у родныя Казярнікі ляжаў праз Жодзішкі. Ён ішоў і ўглядаўся ў знаёмыя хаты, радаваўся доўгачаканаму вяртанню на малую радзіму. Цёплы май шыкоўна расквеціў людскія падворкі. Беласнежныя вішні-нявесты нібы застылі ў радасным чаканні свайго жаніха. “А дзе ж мая каханая? – думаў Тамаш, - Дзе ж знайду яе? Калі сустрэну?”. У такім роздуме салдат прайшоў амаль усю вуліцу, і вось у адной з апошніх хат яго думкі перабіў дзявочы сілуэт, які нечакана з’явіўся ў адным з вокнаў. “І хто ж гэта прыгажуня?” – зацікавіўся Тамаш. Ён і сам не заўважыў, як замарудзіў хаду і спыніўся каля хаты. І адкуль толькі словы патрэбныя знайшліся? Не разгубіўся: павітаўся, пазнаёміўся, запрасіў вечарам разам прайсціся.

Сёння, успамінаючы іх першае спатканне, Марыя Мечыславаўна не ўтойвае, што ў той час не ўспрыняла ўсур’ёз намеры незнаёмага салдата. “Які ж тады ў мяне яшчэ розум быў – 16 гадоў мела, яшчэ ў школе вучылася. Пра кавалераў нават не думала. Але ж ён мяне так упадабаў, што пісьмы з войска пісаў, прасіў яго чакаць”. І Марыя чакала, а пасля вяртання з войска чакаць прыйшлося Тамашу, бо Марыя скончыла школу і паступіла вучыцца ў Маладзечанскі тэхнікум на бухгалтара. На апошнім курсе яны пажаніліся. Маці Марыі спачатку была супраць: “Дачушка, ты ж яшчэ такая маладзенькая! Куды ж ты замуж сабралася?”. Але, калі пазнаёмілася з абраннікам дачкі, зразумела, што аддае яе ў надзейныя рукі.

У 1970, на каталіцкія Каляды Тамаш і Марыя распісаліся ў сельсавеце, а праз некалькі дзён бралі шлюб у касцёле. Іх вянчанне было тайным. Нарачоныя памятаюць, як позна вечарам узбіраліся на высокі ўзгорак, каб трапіць на тэрыторыю касцёла і ўвайсці праз задні ўваход. Дзверы ў касцёле зачынілі, завесілі вокны фіранкамі. Ніхто з прахожых і падумаць не мог, што там, за тоўстымі мураванымі сценамі адбываецца вялікі сакрамэнт з’яднання двух любячых сэрцаў. Змрок, цішыня, ніякай урачыстасці: ні зіхацелі залатыя пярсцёнкі, ні цягнуўся па падлозе бялюткі падол нявесцінай сукенкі, нават арганы пакутна маўчалі. І толькі трапятанне двух палымнеючых сэрцаў нібы парушалі цішыню. Яны жадалі з’яднацца і запрашалі Усявышняга ў свой сужанскі саюз.

Пасля вяселля Мары і Тамаш Рогачы жылі некалькі гадоў з бацькамі, а ў 1975 пераехалі ў Сыраваткі. Жонка працавала бухгалтарам, муж – механізатарам, вадзіцелем. Тамаш Іосіфавіч адзначае, што нама ў калгасе такой тэхнікі, на якой ён не працаваў. СК-4, “Колас”, “Ніва”… За плячыма – 28 уборачных на розных відах камбайнаў. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак цэннага работніка папрасілі яшчэ папрацаваць. Канчаткова на пенсію мужчына пайшоў толькі ў свае 70. Работа Тамаша ніколі не палохала. З 9-гадовага ўзросту ён застаўся без бацькі. Былі старэйшыя браты, але яны пажаніліся, і Тамаш, як самы малодшы, застаўся ў маці адзінай падтрымкай. Без бацькі гадавалася і Марыя. У яе сям’і былі толькі маці і дзядуля. У нялёгкай працы на палетках і сенажацях прайшло ўсё дзяцінства.

Бог блаславіў Тамаша і Марыю Рогачаў на доўгае сямейнае жыццё. Сёлета муж і жонка адзначаць сваё залатое вяселле. Такім людзям заўсёды хочацца задаць вечныя пытанні: “У чым сакрэт сямейнага шчасця?”, “Ці ёсць каханне на свеце?”… Жадаючы задаволіць маю дапытлівасць муж і жонка паглядаюць адзін на аднаго, нібы шукаючы падказкі ў вачах. Гляджу, як сутыкаюцца іх позіркі, і пра каханне ўсё адразу становіцца зразумелым. А вось пра сакрэты шчасця Марыя Мечыславаўна тлумачыць: “Мы заўсёды былі разам: хатнюю работу рабілі разам, адпачывалі разам. Так адзін да аднаго прывыклі, што нават і думак не ўзнікала, каб быць паасобку.”. Муж і жонка прыгадваюць, як пасля працоўнага дня вазілі дровы з лесу, пілавалі, секлі, як касілі і сушылі сена, як палолі вялікія надзелы буракоў. Нялёгка было, але і работа рабілася, і святы святкаваліся, і дачушка з сынам былі дагледжаныя. Жылі Марыя і Тамаш дружна не толькі паміж сабой, але і з суседзямі. Калі сенавалі - то ўсе разам, калі бульбу капалі - то таксама вялікай грамадой. А як справа была зроблена, то збіраліся на чыімсьці падворку за чарачкай і шкварачкай. І песню добрую заспяваюць, і патанцуюць. Позна разыдуцца па хатах, а назаўтра зноў жыццё закружыць іх у шчаслівым віры паўсядзённасці, дзе будуць праца, справы, клопаты... Але ўсё перажывецца, пераадолеецца. Няўдачы падзеляцца, радасці памножацца, таму што побач заўсёды той, з кім ўсё-усё дзеліцца пароўну.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: