Кашалёк разладу, альбо Спаць трэба больш

 

Кашалёк разладу, альбо Спаць трэба больш

Общество
01.11.2020
801


Марына чакала дзень зарплаты. Напярэдадні – здарыліся нечаканыя выдаткі. А “заначку” яна ніколі не чапала. Такі ў яе быў прынцып: раз паклала, то і растраціць яе можна толькі на запланаваныя мэты. Іншых мэт для “заначкі” не дадзена.

Нарэшце, грошы на картку пералічылі – і Марына пайшла ў бліжэйшы прадуктовы магазін затаварвацца. У торбу “палезлі” курыца, свіныя ножкі і рулька (любіла Марына халадзец), замарожаныя брокалі і малочныя прадукты.

Абмяняўшыся са знаёмай прадаўшчыцай рэцэптамі прыгатавання халадца, жанчына рушыла дамоў. А гадзіны праз дзве – прадаўшчыцы не пазналі той мілай, прыязнай, вясёлай Марыны, пастаяннай пакупніцы.

- Дзяўчаты, я ў вас пакінула кашалёк, - паведаміла жанчына літаральна з парогу. 

- Мы не бачылі, - пачула ў адказ.

- Што? Вы маеце сумленне? Якое нахабства – так хлусіць!

- Але мы сапраўды яго не знаходзілі…

- Не маніце! Чужыя грошы нікому шчасця не прыносілі. Я вас пракляну! Я ў міліцыю заяву падам! Кашалёк дакладна ў вас, бо з магазіна я адразу дадому пайшла. Вываліцца з сумкі кашалёк не мог – інакш бы я заўважыла!

- Марына… Мы ж з табой знаёмыя сто гадоў. Павер, мы не бралі твой кашалёк, - прамовіла прадаўшчыца, з якой Марына зусім нядаўна вяла размову пра халадзец.

- Дайце кнігу заўваг! Я напішу, якія работнікі працуюць у гэтым магазіне. Злодзеі! Прахадзімцы! Нічога святога за душой! Мала таго, што абвешваеце, дык яшчэ і кашалькі крадзеце. Паглядзім, што вы будзеце тлумачыць свайму начальству!

Прадаўшчыцы ў адказ толькі вачыма лыпалі. Нарэшце, адна апомнілася:

- Марына, у нас тут камера назірання стаіць. Усё запісала, што ты нагаварыла. І нашы рухі фіксуе ў падрабязнасцях. Можна адматаць і паглядзець.

Жанчына рэзка супакоілася. Літаральна аслупянела. Пастаяла некалькі секунд, развярнулася і моўчкі пасунулася на выхад.

…Дзень хіліўся да вечара. Марына напякла булачак – і пайшла да прадаўшчыц мірыцца. Жанчына знайшла свой кашалёк. Прыйшла дахаты, палезла ў маразільнік па маргарын – і… сярод мяса і замарожаных пакетаў з  брокалі ляжаў яе вялікі чырвоны кашалёк. Па інерцыі паклала яго разам з прадуктамі.

“Трэба больш адпачываць, - падумала Марына і ўспомніла цытату з аднаго медыцынскага артыкула. – “Пастаяннае недасыпанне на працягу доўгага часу можа прывесці да сур’ёзных псіхічных праблем, вырашыць якія без удзелу спецыялістаў не ўяўляецца магчымым”.

Галіна АНТОНАВА.