Яшчэ раз пра бяспеку

 

Яшчэ раз пра бяспеку

Общество
24.10.2020
964
У г. Ліда Гродзенскай вобласці ёсць цікавае месца: Цэнтр бяспекі МНС, які створаны з мэтай навучання школьнікаў навыкам правільных паводзін падчас надзвычайных сітуацый.

eEbW_ESAucc.jpg

Мы не застрахаваны ад трагедый, розных з'яў прыроднага характару, і кожны павінен умець абараніць сябе і дапамагчы іншым, якія трапілі ў складаную сітуацыю. Каб паменшыць наступствы катастроф або стыхійных бедстваў, неабходна мець навыкі дзеянняў у падобных сітуацыях. Менавіта гэтаму вучаць у Цэнтры бяспекі.

22 кастрычніка вучні Сыраваткінскіх ясляў-сада - базавай школы ў чарговы раз пабывалі там. У цэнтры нас сустрэла ветлівая супрацоўніца Косая Людміла Раманаўна, якая ў інтэрактыўнай форме правяла пазнавальны занятак з навучэнцамі. Літаральна пераступіўшы парог Цэнтра, мы віртуальна апынуліся ў асяроддзі, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі (лес, кар'ер, дарога з люкамі, пешаходы і машыны). Дзецям  яшчэ раз нагадалі правілы паводзінаў у грамадскім транспарце і на вуліцы, правілы пасадкі і высадкі з аўтобуса ці тралейбуса. З манекенам навучэнцы змаглі адпрацаваць навыкі аказання першай дапамогі пры трапленні рэшткаў ежы ў дыхальныя шляхі. А патрапіўшы ў “лясны” пакой, хлопчыкі ідзяўчынкі прагледзелі павучальны мультфільм пра тое, што трэба рабіць, калі вы заблукалі ў лесе, праслухалі інфармацыю аб правілах паводзін у час навальніцы, разважалі аб тым, якія прадметы спатрэбіліся б ім у лесе і чаму.

0yfC930xssA.jpg

Цікавай была сітуацыя, калі ў спецыяльна абсталяваным пакоі дзеці адпрацоўвалі алгарытм выкліку службы выратавання па тэлефоне. На кабінках прадстаўлена пэўная сітуацыя (гарыць дом, чалавек праваліўся пад лёд, у кватэры пажар, аварыя на дарозе,). Аб гэтай сітуацыі дзецям неабходна паведаміць дыспетчару, набраўшы нумар тэлефона 101 або 112. Праграма ў тэлефоне адказвае на званок, прымае атрыманую інфармацыю, пры неабходнасці можна праслухаць запіс размовы і прааналізаваць правільнасць дзеянняў.

Пры праглядзе чарговага відэароліка навучэнцы пазнаёміліся з правіламі паводзінаў у кватэры, даведаліся, як сябе паводзіць і што неабходна паэтапна рабіць, калі раптам здарыцца пажар у жылым памяшканні.

Вялікае ўражанне зрабіў яшчэ адзін этап навучальнага курсу – пакой задымлення. Тут размешчаны страбаскопы для імітацыі гарэння, генератары дыму, чутны крыкі і гарэнне. Складваецца ўражанне, што ты сапраўды апынуўся ў складанай сітуацыі. Дзеці  павінны былі зарыентавацца і знайсці выхад з “палаючага” памяшкання.

wkysKa1uHBg.jpg

Завяршыўся занятак праверкай атрыманых ведаў на электронных планшэтах у тэставым рэжыме пад наглядам работніка МНС. Хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ раз змаглі ўспомніць і паўтарыць правілы бяспечных паводзін у розных экстрэмальных сітуацыях і рашылі тэсты без памылак.

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,

настаўніца рускай мовы і літаратуры

Сыраваткінскіх ясляў-сада - базавай школы.