У гэтым навучальным годзе маленькая Каця Страх упершыню пачула гукі школьнага званка. Яна – вучаніца 1”А” класа. Яе бацькі, Наталля і Міхаіл, выхоўваюць чатырох дзетак. Трое з іх вучацца ў першай школе і адзін дашкольнік.
Кранальная мелодыя першага званка
Да Веры Жылко на першавераснёўскую лінейку прыехалі бабуля і дзядуля ажно з Бабруйска. Падтрымаць першаклашку.
…Мелодыя школьнага званка. Такая простая, але надзвычай кранальная. Яна дае старт у новае жыццё, напоўненае ведамі, сяброўствам і адкрыццямі. Першы званок празвінеў у СШ №1.
У гэтай установе адукацыі – новы кіраўнік. Самую старэйшую навучальную ўстанову горада ўзначаліла Аксана Дунай, якая дагэтуль працавала дырэктарам у Сінькоўскай сярэдняй школе.
Цяпер у першай школе будуць навучацца 633 вучні, у тым ліку 70 – першакласнікаў і 38 адзінаццацікласнікаў. Выпускнікі школы 2020 года парадавалі сваіх педагогаў: з 21 – 17 сталі студэнтамі ВНУ і 4 – сярэднеспецыяльных устаноў. З шасці вучняў, якія займаліся ў педагагічным класе, – чацвёра сталі студэнтамі ўстаноў педагагічнага профілю.
Са словамі віншавання новы дырэктар школы Аксана Дунай звярнулася да вучняў, педагогаў і бацькоў: “Першага верасня – свята блізкае для кожнага з нас. З яго пачынаецца шлях у свет ведаў. Не губляйце бадзёрасці духу і веры ў заўтрашнім дні”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.