Аксіёма і тэарэма Надзеі Мікелсонс

 

Аксіёма і тэарэма Надзеі Мікелсонс

Общество
11.08.2020
3268

“Ніколі не трэба баяцца спасцігаць нешта новае”, - для Надзеі Мікелсонс гэта жыццёвая аксіёма. Яшчэ не так даўно яна гандлявала на базары ў Ашмянах, а цяпер маладая жанчына – трэнер па паўэрліфтынгу і самадзейная мастачка. 

“Мастацтва сапраўды мае цудадзейную сілу”, - а гэта ўжо вядомая жыццёвая тэарэма, якую Надзея бліскуча даказала.

IMG_0199.JPG

Хвароба спасцігла маладую жанчыну нечакана. Пошук лепшых урачоў, працяглае лячэнне. Адна ўрач параіла Надзеі зусім незвычайны спосаб узнаўлення - прапанавала заняцца творчасцю. “Я нават вершы спрабавала пісаць… Але аднойчы ўзяла ў рукі пэндзлік і не выпускаю яго з рук дагэтуль. Прысвячаю маляванню ўвесь свой вольны час”, - расказвае маладая жанчына.

IMG_0225.JPG

Хвароба ад Надзеі адступіла. Дакладней, галантна ўступіла месца творчасці і спорту. Гледзячы на мужа Надзя захапілася паўэрліфтынгам, а пасля ў Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі пачала трэніраваць падлеткаў.

Надзея Мікелсонс з вялікай напругай называе сябе мастачкай. Хаця за тры гады стварыла больш за 400 работ у тэхніцы акрыл і акрыл-спрэй. 

IMG_0218.JPG

IMG_0217.JPG

IMG_0215.JPG

IMG_0214.JPG

IMG_0211.JPG

Малюе не толькі на традыцыйным палатне, але і на шкле, камені, спіле дрэва. На яе карцінах - мала рэальных прадметаў і вобразаў. Надзея глядзіць глыбей: спрабуе адлюстраваць настрой, гук, пах... Каля работ хочацца спыніцца, глядзець і ўглядацца, каб разгадаць іх сэнс і таямніцу.

IMG_0223.JPG

Пра тое, што Надзея такі пладавіты творца да нядаўняга часу ніхто, акрамя яе блізкіх, не ведаў. З “падполля” яе вывела ашмянская журналістка Аліна Санюк. Даведаўшыся пра захапленне маладой жанчыны, Аліна пераканала мастачку, што нельга хаваць сваю творчасць. Трэба дзяліцца ёй з публікай. І Надзея асмелілася. Ашмянскім гісторыка-краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча зладзіў выставу яе работ, якая адразу перакачавала ў Смаргонь.

IMG_0193.JPG

6 жніўня ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы “Мой утульны дом”. Акрамя цікавых карцін, Надзея робіць яшчэ і арыгінальныя вазы (лепіць іх з гіпсу і размалёўвае), яны таксама прадстаўлены на выставе.

 “Прызнацца, я б раней не паверыла, каб мне сказалі, што Надзя будзе так маляваць, -  зазначыла мама Надзеі падчас адкрыцця выставы. - Тыя рэдкія карціны, якія яна малявала ў дзяцінстве, адрозніваліся неардынарнасцю, - Але я ніколі не бачыла, каб яна гэтым захаплялася. У іншым выпадку я б абавязкова запісала яе ў мастацкую студыю”. 

IMG_0233.JPG

IMG_0239.JPG

Надзея і сама прызналася: “Я ніколі не думала, што буду столькі маляваць. Тым больш ніколі не думала, што буду выстаўляць свае работы. У мяне няма спецыяльнай мастацкай адукацыі. Гэта мой занятак для душы, ніводнай карціны я  не прадала. А сёння з радасцю я прадстаўляю свае работы на суд гледача. Буду вельмі шчаслівая, калі каму-небудзь яны спадабаюцца”.

Выстава самадзейнай мастачкі Надзеі Мікелсонс будзе працаваць у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі на працягу месяца.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.