У добры шлях, мае вучні!

 

У добры шлях, мае вучні!

Общество
20.06.2020
5764

Вельмі хутка праляцелі дзевяць гадоў вучобы ў школе. Безумоўна, гэта свята для вучняў майго 9 класа, але ж гэта і вельмі сумна для мяне як настаўніка і як класнага кіраўніка. Усе гады, праведзеныя разам, настаўнік ўсё больш прывязваецца да сваіх вучняў, і вельмі цяжка ў адзін дзень разарваць усю тую сувязь, што была паміж імі.

mHSqsdBsDOY.jpg

Менавіта ў такія моманты, калі вучні развітваюцца са школай, яны пачынаюць цаніць і разумець усю важнасць праведзеных разам школьных гадоў. Вельмі прыемна ўспамінаць самыя вясёлыя моманты і выпадкі, разам праведзеныя мерапрыемствы і розныя паездкі ўсім класам.

А кожны настаўнік успамінае асаблівасці кожнага свайго вучня: хто самы шумны ў класе, з каго прыходзілася выцягваць кожнае слова, хто быў завадатарам самых дзіўных школьных «прыгод», а каго даводзілася доўга ўпрошваць прыйсці на школьнае мерапрыемства, хто прыходзіў у клас задоўга да пачатку заняткаў, а хто толькі-толькі са званком забягаў у школу… І такіх успамінаў, якія грэюць душу, вельмі і вельмі шмат у кожнага настаўніка.

Вядома, з многімі мы сустрэнемся і ў наступным навучальным годзе ў школе, з іншымі будзем абявязкова падтрымліваць сувязь, цікавіцца іх поспехамі і радавацца за сваіх вучняў. Я як настаўнік памятаю кожнага свайго вучня, а як класны кіраўнік – назаўсёды запомню свой клас. З хваляваннем буду чакаць кожнага з дзяцей у сценах роднай школы. У добры шлях, мае вучні!

Таццяна ЗІТАРАВА,

класны кіраўнік 9 «Б» класа

сярэдняй школы № 5 г. Смаргоні