Вайна… Напэўна, - гэта самае жудаснае слова з усіх слоў на планеце Зямля. Вайна прынесла слёзы, пакуты і смерць усяму чалавецтву.
Пра што гавораць абеліскі?
Што ведаю я, дзяўчынка адзінаццаці гадоў, пра Вялікую Айчынную вайну? А ведаю я ўжо даволі многа: з кнігаў, кінафільмаў, расказаў сваёй бабулі, а таксама старэнькай суседкі, якая жыве ў доме насупраць, з вуснаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Гражуля Вацлава Браніслававіча.
А яшчэ пра вайну многа можа расказаць помнік, загінуўшым воінам-землякам, які знаходзіцца ў нашым аграгарадку Жодзішкі. На ім надрукаваны прозвішчы і імёны тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму, за яе свабоду.
Уявіце сабе: раніца 21 чэрвеня 1941 года, цёплая летняя раніца. Смачна пасапваюць дзеці ў сваіх ложачках, іх брацікі і сястрычкі. І ўсе яны мараць у сне аб тым, як заўтра будуць бегаць па двары, лавіць стракатых матылькоў у сачкі, гуляць у салачкі або проста дурэць і сваволіць. Мамы і таты таксама спяць і бачаць у сне сваіх дзетак, якія ім усміхаюцца і шчабечуць: “Мама, татка! Мамачка, татачка!” Бабулі і дзядулі таксама спяць, ім сняцца іх любімыя ўнукі з ружовымі шчочкамі і смяшынкамі ў вачах, іх любімыя свавольнікі, пестункі і гарэзы. Усе спяць соладка: вакол цішыня і салаўіны шчэбет.
І толькі не спіць вораг: з вышыні птушынага палёту ён кідае бомбы на мірных жыхароў. Яму ўсё роўна – дзеці, мамы, таты, бабулі ці дзядулі. Яго галоўная задача: знішчыць ні ў чым не павіннага чалавека.
Колькі ж загінула людзей у гэтай машыне смерці? Кожны трэці. І ўсе мары ўміг забыліся, пагаслі смяшынкі ў вачах, зніклі прывабныя ўсмешкі з твараў. Людзі сталі жыць адной думкай: калі закончыцца гэты страшны жудасны сон? Змагаліся ўсе ад малога і да старога: зацята, упарта, не шкадуючы сябе, ахвяравалі сваім жыццём. Дзеці і юнакі ўміг сталі дарослымі, дарослыя пасталелі адразу на некалькі гадоў. І ва ўсіх людзей толькі адна мэта: прагнаць ворага з роднай зямлі.
І вось ён настаў, гэты самы шчаслівы дзень! 9 мая 1945 года – у гэты дзень на даху Рэйхстага быў узняты чырвоны сцяг, сцяг Перамогі. Людзі, знясіленыя, худыя, змардаваныя, абдымалі адзін аднаго і крычалі толькі адно слова “Перамога! Перамога!”. Ахапкамі пахучага бэзу яны віталі салдатаў-пераможцаў, якія здабылі гэтую перамогу цаной уласнага жыцця.
Дзень Перамогі… Вельмі глыбокі сэнс заключаны ў гэтых словах: радасць і пакута, слёзы і смех, жыццё і смерць… І гэты камок у горле: “Дзякуй вам, дзякуй, нашыя дарагія ветэраны, за мір і блакітнае неба над галавой!”. Словы ўдзячнасці хочацца гаварыць бясконца тым, хто змагаўся за мір на нашай зямлі.
Спыняюся ля помніка, запальваю свечку, кладу чырвоныя гваздзікі на пастамент – слёзы на вачах, шапчу ім: “Дзякуй вам, дзякуй.”
І няхай будзе голадна, няхай будзе холадна, абы толькі мір, толькі сонца, толькі маміна ўсмешка…
Кавяка Алена, вучаніца 6 класа Жодзішкаўскіх ясляў-сада -сярэдняй школы.