Здароўезберагальная прастора

 

Здароўезберагальная прастора

Общество
04.05.2020
3110

У сучасным грамадстве праблема здароўезберажэння разглядаецца як педагагічная праблема. Гэта ўжо не моднае новаўвядзенне, а неабходнасць, таму што ў 1 клас прыходзіць усё менш здаровых дзяцей.

Прастора.jpg

У групе падоўжанага дня асабліва важнымі і неабходнымі з'яўляюцца аздараўленчыя моманты, бо ў першую палову дня навучэнцы шмат часу праводзяць за партамі. Таму галоўнымі момантамі працы выхавальнікаў па захаванні здароўя вучняў у час іх знаходжання ў групе падоўжанага дня з'яўляюцца выкананне рэжыму дня, захаванне санітарна-гігіенічных нормаў, павышэнне псіхаэмацыйнай устойлівасці.

Шмат заняткаў у групе падоўжанага дня праходзіць на паветры (прагулкі, экскурсіі, паходы, рухомыя гульні, спартыўныя мерапрыемствы, дні здароўя), што абавязкова станоўча адбіваецца на здароўі дзяцей. У сваёй працы мы выкарыстоўваем розныя віды прагулак: прагулка-назіранне, спартыўная прагулка, творчая прагулка, прагулка -пошук ( «Знайдзі скарб», «Чые сляды»), прагулка-практыкум ( «Мы ідзем у школу», «Знаёмімся з дарожнымі знакамі», «Правілы паводзінаў у прыродзе»), прагулка-паход, прыродазнаўчая прагулка-экскурсія («Птушкі – нашы сябры», «Гэтыя дзіўныя расліны» і г.д.); грамадазнаўчая экскурсія ( «Праца людзей восенню», «Горад, у якім я жыву»).

У каляндарна-тэматычным планаванні ўключана шмат мерапрыемстваў, якія накіраваны на прафілактыку захворванняў, на пашырэнне ведаў пра сутнасць здароўя чалавека, пра фактары, якія яго ўмацоўваюць або аслабляюць, на папярэджанне шкодных звычак і фарміраванне карысных адвольных і міжвольных звычак здаровага ладу жыцця.

Прыкладам фарміравання карысных адвольных і міжвольных звычак здаровага ладу жыцця з'яўляецца такая форма працы, як навукова-даследчая дзейнасць. Праца над праектам «Спаць або не спаць? Вось у чым пытанне» паказала, з якой цікавасцю першакласнікі даведваліся пра карысць і неабходнасць дзённага сну. У рамках даследчага праекта была падрыхтавана інсцэніроўка казкі «Прынцэса на гарошыне», праведзены інфармацыйныя хвілінкі «Спаць або не спаць?» сярод навучэнцаў першых і другіх класаў, зроблены буклеты «Правілы здаровага сну», «Сон – гэта важна».

Розныя формы правядзення заняткаў (віктарыны, КВЗ, конкурсы, творчыя майстэрні, калектыўныя творчыя справы, праекты) таксама спрыяюць захаванню здароўя вучняў. Заняткі «Падарожжа ў горад Здароўя», «Падарожжа па горадзе Правілы дарожнага руху», праведзеныя ў форме гульні, не толькі пашыраюць веды навучэнцаў аб захаванні здароўя, але і дапамагаюць павышаць псіхаэмацыйную ўстойлівасць.

Група падоўжанага дня дае магчымасць комплексна вырашаць адукацыйныя, выхаваўчыя і аздараўленчыя задачы. Такім чынам, поспех працы па рэалізацыі здароўезберагальных тэхналогій залежыць ад шматлікіх складнікаў: ад актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе саміх навучэнцаў, ад высокай прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка, планамернай працы з бацькамі.

Алена ГАЎРОВА,

выхавацель СШ №5.