“Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…”

 

“Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…”

Общество
07.04.2020
1239
Нядаўна я прапанавала выхаванцам і бацькам арганізаваць у групе выставу старых рэчаў, якія засталіся ад нашых продкаў. Ніколі б не падумала, што яна  можа прадставіць столькі інфармацыі пра захаванне і ўшанаванне спадчыны ў сем'ях, пра гісторыю і культуру Смаргоншчыны.

Хачу расказваць пра сям’ю выхаванца Юрыя Надольскага і пра яго прадзеда - Пятра Уладзіміравіча Канчанкова, які нарадзіўся 5 верасня 1910 года. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён далучыўся да артылерыйскага палка і ўдзельнічаў у баях пад Лідай. Яго полк атрымаў загад стрымліваць націск гітлераўцаў, якія імкнуліся захапіць  шашу. У жывых пасля бою засталося некалькі чалавек. Разам яны вырваліся з акружэння і адступілі да вёскі Бабы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Зрабілі зямлянку ў лесе. Так у́ верасні 1941 года з'явіўся новы партызанскі атрад “Полымя”.

Усю восень і зіму атрад займаўся пошукамі зброі, новых байцоў, наладжваў сувязь у ваколіцах, выведваў інфармацыю. Партызаны некалькі разоў абстрэльвалі фашысцкія машыны на шашы, вывучалі графік руху на чыгунцы.

У маі 1942 года атрад правёў першую сур’ёзную аперацыю: пусціў нямецкі цягнік пад адхон. Прычым, зрабілі гэта партызаны, можна сказаць, “голымі рукамі” -  выбухоўкі ў іх не было, яны хутка разбіралі рэйкі. Пазней - адзін за адным сталі сыходзіць з пуцей нямецкія эшалоны. Праз некаторы час партызанскі атрад павялічыўся. Да яго сталі далучацца новыя людзі, хутка  сфарміравалі брыгаду. Пётр Канчанкоў стаў камандзірам узвода “Полымя”. Да лета 1943 года ўзвод паспяхова праводзіў баявыя аперацыі, пускаў пад адхон  варожыя эшалоны.

Асабліва запомніўся Пятру Канчанкову начны бой – з 2 на 3 жніўня 1943 года партызаны выйшлі на чыгуначны перагон Пухавічы – Талька. У вызначаны час паступіў сігнал на штурм.  Тры атрады, у тым ліку і “Полымя”, амаль гадзіну вялі жорсткі бой з фашыстамі. Падрыўнікі тым часам хутка ставілі міны на рэйкі. У выніку  - падарвалі 1510 рэек, рух на чыгуначным участку быў паралізаваны на 10 дзён. У гэтай ваеннай аперацыі камандзір партызанскага ўзвода “Полымя” атрымаў раненне і кантузію.

Пётр Уладзіміравіч Канчанкоў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага сцяга, ордэнам Леніна, медалём Вялікай Айчыннай вайны І ступені і многімі іншымі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён жыў і працаваў у Смаргоні. Стаў першым дырэктарам Смаргонскага камбікормавага завода. Памёр 5 лістапада 1989 года.

Сям’я ганарыцца продкам,  беражліва захоўвае яго ваенныя  дакументы, узнагароды. Імя Пятра Уладзіміравіча Канчанкова, яго ўзнагародныя лісты можна знайсці на інтэрнэт‑партале “Партызаны Беларусі” – сумесным праекце выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

п.1.jpg

п.2.jpg

п.3.jpg

п.4.jpg

п.5.jpg

п.6.jpg

п.7.jpg

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ, выхавальнік ясляў-сада 8.