Вечар школьных сяброў
Сорак шэсць выпускаў з любоўю і ўдзячнасцю пакінулі сцены нашай школы за ўсю гісторыю яе існавання. А вечар сустрэчы з выпускнікамі – цудоўная нагода сабрацца, сагрэць сэрцы ўспамінамі. Сустракалі сваіх былых выхаванцаў самыя блізкія, цярплівыя, мудрыя настаўнікі на чале з дырэктарам Аксанай Анатольеўнай Дунай.
Наведалі школу яе нядаўнія выпускнікі – радасныя, поўныя энтузіязму першакурснікі. Шмат было і “пятнаццацігадовых юбіляраў”. Выпускнік 1975 года Юрый Уладзіміравіч Русакевіч - афіцэр, ваенны пенсіянер і зараз актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці нашай краіны. Прачытаўшы аб’яву на сайце і палічыў сваім доўгам наведаць малую радзіму, родную школу.
Галіна Іосіфаўна Бразінская прадстаўляла на вечары самы першы школьны выпуск – 1973 года. Усё жыццё яна адпрацавала на роднай зямлі. Скончылі Сінькоўскую школу яе дзеці, зараз тут вучацца яе ўнукі.
Удзялілі ўвагу і настаўнікам-ветэранам, якія ў далёкім 1972 годзе прыйшлі працаваць у новую школу. Уладзіслава Адольфаўна Аўчыннікава адпрацавала тут 41 год, Галіна Мацвееўна Шыманская - 38 гадоў, Уладзімір Міхайлавіч Фралоў – 33. Для школы было вялікім гонарам вітаць такіх паважаных гасцей.
Святочны настрой гасцям стваралі вучні і педагогі школы. Цёплыя словы і дарагія сэрцу ўспаміны сагрэлі душы ўсім прысутным.
Выпускнік 1975 года Юрый РУСАКЕВІЧ са сваёй настаўніцай Галінай ШЫМАНСКАЙ
Наталля ЛАТОШ, настаўніца Сінькоўскіх ясляў-сада - сярэдняй школы.