Жанчыны са Смаргоні расказалі, як святкавалі Божае Нараджэнне 40 год таму назад
Мы прапанавалі жанчынам сталага веку і маладзейшым успомніць, як святкаваліся Каляды 20 - 40 гадоў таму, якія традыцыі яны прынеслі ў сваю сям’ю з бацькоўскага дома, як усё гэта з году ў год падтрымліваецца дзецьмі і ўнукамі. Успаміны аказаліся надзвычай цікавымі, кранальнымі, шчырымі. Прапануем і чытачам акунуцца ў непаўторную калядную атмасферу разам з нашымі гераінямі.
Злева направа: Люцына ІСАЙЧУК, сястра Ірына БАРЦЭВІЧ, Марыя МАЕЎСКАЯ, Алена ВЫРЖЫКОЎСКАЯ, Люцыя СУЛЬЖЫЦКАЯ
Расказвае Алена Выжыкоўская:
“У маіх бацькоў былі чатыры дачкі. І пасля замужжа я прыйшла ў вялікую сям’ю: акрамя мужа, было яшчэ сем сясцёр і два браты. Доўга жылі на Ашмяншчыне са свёкрамі – каля 30 гадоў, да самай іх смерці. Астатнія дзеці раз’ехаліся, а мы іх даглядалі. Я каталічка і прыйшла ў каталіцкую сям’ю, таму ніякіх непаразуменняў адносна свята не было. Абавязкова ездзілі ў касцёл. Ды не так проста гэта было, як цяпер! Касцёлы ж пазачынялі… Ехалі ў Жупраны ці Вішнева, ці Гальшаны, ці Баруны. Бывала, пільнавалі нас. Я тады хустку нацягну аж на вочы, галаву апушчу, спадзяюся, што не пазнаюць. Як добра, што дзецям цяпер хавацца не трэба!
Ёлку ўпрыгожвалі, стол засцілалі сенцам. Што не змясцілася пад абрусам – у кошычку ставілі пад стол. Дагэтуль для мяне Божае Нараджэнне – гэта пах ёлкі і сена. На стол клалі аплатак, стравы рыхтавалі адмысловыя. Памятаю, як са свякроўю лічылі, каб іх было дванаццаць, не менш. І лішнюю талерку ставілі для адзінокага падарожніка, якому ў калядны вечар нізавошта б не адмовілі ў прытулку.
А дзеткі як чакалі куццю! Штохвіліну бегалі ў двор, паглядалі, ці з’явілася першая зорачка. Як з’явілася машына, то пасля куцці ездзілі ў Гальшаны на Пастэрку (Святая Імша ў калядную ноч – аўт.). Калі не стала свёкраў і мужа, пераехала ў Смаргонь, бліжэй да дзяцей. Цяпер на Божае Нараджэнне хаджу да іх. Як самая старэйшая, кірую Вігіліяй: молімся, дзелімся аплаткам, вячэраем – і ў касцёл. І на заўтра дзень пачынаем з Імшы, потым - асноўнае свята. Унукі ўжо студэнты, але заўсёды прыязджаюць. Якія ж Каляды, калі ўся сям’я не збярэцца?”
Успаміны Люцыны Ісайчук: “Сям’я маіх бацькоў была толькі напалову каталіцкай, тата быў праваслаўны. Але ўсіх дзяцей – нас было пяцёра – хрысцілі ў касцёле і святы адзначалі па каталіцкім календары. Як былі малыя, у касцёл траплялі ўрыўкамі.
Мы жылі ў Шутавічах, даводзілася ездзіць у Солы ці ў Жодзішкі, а мама расказвала, што яна ў дзяцінстве хадзіла пехатою аж у Беніцу. Каляды заўсёды святкавалі па даўніх звычаях: лажылі сена пад абрус, запальвалі свечку, стравы ў першы дзень гатавалі толькі посныя. У савецкія часы, памятаю, забаранялі ўсё, што звязана з верай і рэлігіяй, таму бацькі заўсёды на Божае Нараджэнне занавешвалі вокны і прасілі не расказваць нікому пра ўрачыстасць.
Цяпер святкуем з дочкамі. Яны замужам за праваслаўнымі хлопцамі, то на адно Божае Нараджэнне едуць да нас, на другое – да свёкраў”.
Аповед Марыі Маеўскай: “У сваіх бацькоў я была адна. Вельмі веруючыя былі тата з мамай. Я нарадзілася ў 1958 годзе, калі любыя праяўленні рэлігійнасці забараняліся. Мяне і на лінейцы перад усёй школай выводзілі, і саромілі, але ўсё адно: на Святую Імшу мы кожную нядзелю спяшаліся ў Жодзішкі. І на Каляды абавязкова. Пакуль бацькі былі жывыя, то Божае Нараджэнне заўсёды святкавалі ў іх, ездзілі ў вёску, усе разам абавязкова прысутнічалі на Імшы. Цяпер збіраемся ў нас. Дзеці павырасталі, але на свята заўсёды з’язджаюцца. Штогод прыносім дадому цудадзейны Віфлеемскі Агонь, дзелім паміж сабой аплатак, молімся, дзякуем Богу за пражыты год”.
Дзеліцца Люцыя Сульжыцкая: “Мая сям’я таксама была каталіцкая: мама, тата, я і яшчэ дзве сястры. Ведаеце, мы такія шчаслівыя былі: да касцёла з вёскі, дзе мы жылі (Шэметава, Мядзельскі раён – аўт.) усяго пяць кіламетраў было. Па мерках савецкага часу – вельмі блізка. Божае Нараджэнне мы святкавалі не адны. Кожны год мама пыталася татавага дазволу, каб запрасіць да нас адзінокую цётку Паўліну, яна жыла непадалёку. Тата, вядома, дазваляў. І мы ўсе радаваліся, што цётка Паўліна не застанецца ў Вігілію адна. Пазней я забрала бацькоў у Смаргонь, да канца свайго жыцця яны былі са мною.
На Божае Нараджэнне дзеці звычайна прыязджаюць да мяне, і сын, і дачка жывуць у Мінску. Але сёлета я да іх паеду. Вельмі шкадавала, што сыну якраз на Каляды выпала працаваць. Толькі некалькі дзён таму ён патэле-фанаваў і сказаў, што памяняўся зменамі. Гэта такое шчасце быць у свята ўсёй сям’ёй. Зяць у мяне праваслаўны, але з вялікай павагай адносіцца да нашай веры. І яго бацькі таксама. Я часта запрашаю іх на каталіцкія святы, яны мяне - на праваслаўныя. Дружна жывём!”
Сямейныя гісторыі сястры Ірыны Барцэвіч: “Яшчэ не так даўно 25 снежня не было выхадным днём, але на свята Божага Нараджэння да бацькоў збіраліся ўсе, гэта было нейкае асаблівае перажыванне. 24 снежня мы называлі галодным днём: да вечара елі толькі чорны хлеб і пілі чай. А з кухні даносіліся найсмачнейшыя ў маім жыцці пахі: мама пякла сялёдку ў цесце, ламанцы, гэта такія посныя булкі, якія потым настойваліся з макам. Тут такіх не пякуць, замест іх выкарыстоўваюць абаранкі. Усе разам мы ўпрыгожвалі ёлку, тата прыносіў сена. Зверху стол засцілалі белым абрусам, ставілі талерку з аплаткам, толькі тады можна было прыносіць астатнія стравы.
Каб сесці за стол, чакалі першую зорку. Як дзеці павырасталі і раз’ехаліся, то садзіліся ўжо пазней, калі ўсе прыязджалі. Сям’я была вялікая: сямёра дзяцей. А калі хтосьці жаніўся і выходзіў замуж, людзей за сталом прыбаўлялася. Бывала, і па 30 чалавек збіралася. І адно месца абавязкова пакідалі вольным: а раптам хто пастукаецца. Усе разам маліліся, тата чытаў урывак з Евангелля – можна было прыступаць да вячэры.
Абавязкова трэба был о паспытаць усе стравы. Памятаю, як я не любіла аўсяны кісель. Але ўздыхала і хутка з’ядала некалькі лыжак, у іншым выпадку маіх любімых ламанцаў магла і не дачакацца. Пасля вячэры прыбіралі са стала і садзіліся спяваць калядкі. Адкрывалі кніжку – і пакуль галасы не пачнуць сіпнуць, гадзінупаўтары спявалі. У мамы такі прыгожы голас быў! Яна завадзіла, мы ўсе да яе далучаліся. Прыходзілі і суседзі павіншаваць са святам, паспяваць разам. І мы да іх таксама. Калі не ўся сям’я, то дэлегата абавязкова выпраўлялі, каб нікога не пакрыўдзіць. А потым ехалі на Імшу ў Індуру (Гродзенскі раён – аўт.). Пастэрка была ў 12 гадзін, мы прыязджалі на гадзіну раней, каб мець магчымасць увайсці ў касцёл, пазней стаялі б на вуліцы. Вельмі важна было нам, дзецям, убачыць, як святар кладзе фігуру Дзіцятка Езуса ў яслі. А пасля Імшы спяшаліся дадому, каб паглядзець трансляцыю Святой Імшы з Ватыкану. Як выраслі, то потым ужо і спаць не клаліся: усё роўна хутка ўставаць і ехаць на працу. Маглі ў 5 раніцы накрыць на стол і працягнуць святкаванне. Лепшы ўспамін з дзяцінства – зімовыя канікулы. Мама сядзела за кроснамі, мы - ля яе, нешта дапамагалі і абавязкова спявалі калядкі”.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.