Да 75-годдзя газеты "Светлы шлях": Іван Лазута
Калі калектыў – сям’я
Ён адшчыраваў у рэдакцыі амаль да 70-гадовага ўзросту. Але ніхто не ўспрымаў яго “дзедам”. Ён любіў моладзь, а моладзь любіла яго. З 2016 года наш Іван Іванавіч – на заслужаным адпачынку. Журналістыцы ён аддаў 45 гадоў, з іх 30 – “Светламу шляху”: 17 – у якасці рэдактара і 13 – намесніка рэдактара.
У Смаргонь ён прыехаў напрыканцы 1978 года. На працягу васьмі гадоў быў уласным карэспандэнтам абласной газеты “Гродзенская праўда”. Як людзі спраўляліся аператыўна працаваць, не маючы пад рукой электроннай пошты, вайбера і месэнджара? Аказваецца, аператыўную інфармацыю даводзілася дыктаваць па тэлефоне. А іншыя матэрыялы Іван Іванавіч перадаваў праз вадзіцеляў аўтобусаў, якія курсіравалі ў абласны цэнтр. На станцыю ў Гродна прыходзіў хтосьці з работнікаў газеты і забіраў канверты з матэрыяламі.
“Я адпрацаваў у абласной газеце да 1986 года. І па праўдзе кажучы, не хацеў пакідаць “Гродзенскую праўду”, той сяброўскі калектыў таленавітых журналістаў-прафесіяналаў, тую спецыфіку работы, дзе быў сам сабе генерал, - усміхаецца мой суразмоўца. – Але аднойчы мяне выклікалі ў абласны камітэт кампартыі і прапанавалі ўзначаліць рэдакцыйны калектыў газеты “Светлы шлях”. Прапанову партыйных органаў трэба было ўспрымаць, па сутнасці, як загад. Аргументамі супраць маглі быць толькі самыя ўважлівыя прычыны і акалічнасці. Іх не было. Неўзабаве мяне афіцыйна прадставілі калектыву “Светлага шляху”, які стаў для мяне сапраўднай сям’ёй - дружнай, працавітай, творчай.
Дарэчы, раней рэдакцыя газеты знаходзілася ў старым невялікім фінскім доміку па завулку Гастэлы. Ніхто з ранейшых кіраўнікоў раёна не звяртаў увагу на ўмовы работы супрацоўнікаў газеты. Лічылі, што напісаць артыкул ці рэпартаж можа амаль кожны адукаваны чалавек і ў любых абставінах. Але тагачасны першы сакратар райкама партыі Іосіф Велькашынскі меў іншае меркаванне. Аднойчы, агледзеўшы наша жытло, сказаў: “Сыдзе снег – і пачынайце капаць пад новы фундамент. Што будзе трэба – дапаможам”. Мы вырашылі капануць як мага глыбей: вырабілі праекта-каштарысную дакументацыю прыгожага трохпавярховага будынка рэдакцыі, які павінен быў стаць на гэтым жа месцы ўздоўж вуліцы Танкістаў і найлепшым чынам упісацца ў генплан Смаргоні. Знайшлі падрадчыка і… У жніўні 1991-га магутны Савецкі Саюз скалануўся ад вастрэйшага палітычнага крызісу. А ў снежні – разваліўся, а разам з ім і нашы мары пра новы будынак. Пазней, калі мы “перасяліліся” ў будынак гасцініцы, адчулі, што значыць працаваць у камфортных умовах”.
Думаць цяжка
Наша размова плаўна перацякла ў разважанні пра прафесію журналіста.
“Яна надзвычай складаная. Усе журналісты, з якімі мне давялося працаваць, – Віталь Мурылёў, Павел Маклюк, Альберт і Тарэса Кумішчы, Аркадзь Падгол (радзійшчык, паэт, пісаў таксама для газеты) – вельмі рана пакінулі гэты свет. Гэта не выпадковае супадзенне, –упэўнены Іван Лазута. – Па звестках ЮНЭСКА, прафесія журналіста прыраўноўваецца да работы шахцёра. Толькі тут за аснову бярэцца не фізічная напруга, а разумовая. Рабочы дзень журналіста ненармаваны, не канторскі – з 8.00 да 17.00. Вядомы рускі педагог Канстанцін Ушынскі вельмі трапна заўважыў: “Марыць лёгка і прыемна, а думаць – цяжка”. Журналіст, калі ён творчы, адданы сваёй прафесіі, заўсёды думае. Дзе знайсці цікавыя тэмы і герояў? Як цікава напісаць матэрыял? Які загаловак даць, каб ён прыцягваў увагу? Прадумвае дэталі, падзагалоўкі, фотаілюстрацыі. Калі гэта праблемны матэрыял ці пра чалавека, немагчыма напісаць яго шчыра, добра, цікава, калі не “прапусціш” яго праз сваё сэрца. А гэта ўжо не толькі вялікая разумовая напруга, але і душэўная”.
“Таму дарагім маім калегам, усім, хто стварае нашу газету, жадаю здароўя, каб яны не згубіліся на жыццёвай дарозе, і ўсе працавалі над выпускам да 100-гадовага юбілею. Творчых здабыткаў вам і поспехаў. Беражыце сябе!” – на шчырае віншаванне нашаму “Маэстра” так і хочацца адказаць: “Пастараемся!”
Галіна АНТОНАВА.
Фота Сяргея ЮРЭВІЧА.