Прыбытковыя кіламетры тэхнікі аўтапарка

 

Прыбытковыя кіламетры тэхнікі аўтапарка

Общество
26.10.2019
1329
Сёлета аўтапарк №17 выконвае амаль усе вытворчыя паказчыкі. Ёсць прыбытак, перавыканана заданне па інвестыцыях. Куплены два новыя міжгародныя аўтобусы “Нёман” і МАЗ, два грузавыя аўтамабілі КамАЗ грузападымальнасцю 33 тоны і самазвал 20-тоннік з прычэпам на 16 тон.

Вадзіцелі грузавікоў у асноўным знаходзяцца ў камандзіроўках. 8 аўтамашын задзейнічаны на будаўніцтве Беларускай АЭС, 6 самазвалаў з прычэпамі працуюць у Гродзенскім рэгіёне – возяць з палёў гаспадарак цукровыя буракі на Скідальскі перапрацоўчы завод, 7 аўтамабіляў дастаўляюць салодкія караняплоды на прыёмны пункт у нашым раёне, 2 грузавікі часова “прапісаліся” на Міншчыне, дзе таксама занятыя вывазкай буракоў. Аўтапаркаўская тэхніка выкарыстоўваецца ў ДБУ-28 і ДЭУ-159, працавала падчас рэканструкцыі дарогі М6. Там былі задзейнічаны 10 аўтамабіляў. Столькі ж іх удзельнічала і ў будаўніцтве другой Мінскай кальцавой дарогі.

IMG_8082.JPG

Амаль 35 гадоў працуе ў аўтапарку вадзіцелем грузавіка Яўген МАТЫЯШКОЙЦЬ


Аўтобусы аўтапарка №17 выконваюць 7 міжгародных рэйсаў, возяць пасажыраў па прыгарадных маршрутах і ў горадзе. Некаторым аўтобусам мясцовага прызначэння па 15 гадоў, але нямала больш новых. Яны складаюць 50% мясцовага аўтобуснага парка.

IMG_8022.JPG

Вадзіцель аўтобуса з 29-гадовым стажам работы Аляксандр ЮЗЭФОВІЧ


“Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у сістэме “Гроднааблаўтатранса”, - сказаў дырэктар аўтапарка №17 Мікалай Самайловіч. – Аўтобусы-“гармонікі” ў добрым стане, трэба толькі крыху падладзіць іх. Да абласных “Дажынак” размесцім на аўтобусных баках адпаведную рэкламу, будуць прыгожа выглядаць на вуліцах горада”.

Пакуль рыхтуюць гарадскія аб’екты да свята, вадзіцелі аўтобусаў і пасажыры зведваюць пэўныя нязручнасці. Але ўжо засталося нядоўга пацярпець да адкрыцця вуліцы Савецкай.

Аўтапарк хаця і знаходзіцца на ўскрайку горада, але таксама рыхтуецца да абласных “Дажынак”. На аўтавакзале ўстаноўлены новыя бардзюры, будаўнічая брыгада занялася пафарбоўкай будынка.

“За гэты год цалкам узвядзём агароджу паміж аўтапаркам і прыватнымі прадпрыемствамі, - прадаўжае дзяліцца навінамі Мікалай Яўгенавіч. - Цяпер тэрыторыя аўтапарка стане яшчэ больш дагледжанай, бо няпроста было абкасіць 11 гектараў зямлі”.

У рамонтныя майстэрні былі набытыя новыя пнеўмагайкавёрты і пнеўматычныя ключы, якія замянілі звычайныя. Цяпер слесары затрачваюць менш часу на адкручванне гаек. Да таго ж не трэба прыкладваць вялікіх намаганняў, інструмент ўсё зробіць сам.

У памяшканнях майстэрняў выконваецца поўны цыкл рамонтных работ. Рухавікі, каробкі пераключэння перадач, рэдуктары, электраабсталяванне – усё падуладна аўтапаркаўскім рамонтнікам.

IMG_8044.JPG

Слесары-рамонтнікі аўтамабіляў Павел ЛЯШЧЭВІЧ і Андрэй КАРНЕЙ


На абслугоўванні аўтапарка №17 знаходзяцца таксама 7 бензавозаў, 1 грузавая аўтамашына і аўтобус мясцовага падраздзялення “Беларусьнафтатранса”.

На тэрыторыі аўтапарка выдзелена пляцоўка для стаянкі гружаных аўтамабіляў, фур. На прасторнай заасфальтаванай пляцоўцы штогод праводзяцца спаборніцтвы па прафесійным майстэрстве сярод вад зіцеляў аўтапаркаў Гродзенскай вобласці. Сёлета смаргонскія аўтатранспартнікі занялі другое агульнакаманднае месца. Летась было першае. “Нічога страшнага, падрыхтуюцца і ў наступным годзе выступяць лепш”, - сказаў дырэктар аўтапарка.

Сёлета ўрачыстае мерапрыемства да Дня аўтамабіліста і дарожніка будзе праведзена ў новай, прыгожа аздобленай аўтапаркаўскай зале. На ўрачыстасць акрамя цяперашніх работнікаў запрошаны і ветэраны аўтапарка №17, якія адпрацавалі па 20 і больш гадоў і знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.