Калі жыццё пасылае натхненне

 

Калі жыццё пасылае натхненне

Люди Сморгонщины
17.03.2024
1188
“Пісаць вершы і байкі мяне натхнілі… мае выхаванцы, - прызналася нам адразу Марыя Лось. -  Я чытала вершы вучняў, нешта ў іх падпраўляла, каб яны сталі больш дасканалымі, а потым сама вырашыла напісаць. Здаецца, атрымалася. Прачытала верш людзям, якім давяраю, – яны мяне пахвалілі”.

Лось М.С. настаўнік.jpg

Нарадзілася Марыя Стэфанаўна на Шклоўшчыне. Яе дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Баранавіцкім раёне. Пасля заканчэння Мозырскага педінстытута накіравлася ўслед за мужам на Астравеччыну. Але неўзабаве маладая сям’я пераехала на Смаргоншчыну, у вёску Забалацце, дзе і пусціла свае карані.

Марыя Стэфанаўна ўжо магла б пайсці на заслужаны адпачынак (у педагогіцы яна шчыруе 39 год), але жаданне “сеяць разумнае, добрае, вечнае” і неймаверная працаздольнасць не дазваляе сядзець дома. Яна па-ранейшаму спяшаецца да сваіх вучняў, каб узгадаваць у іх душах парасткі дабрыні і духоўнасці, любові да бліжняга і да малой радзімы, да прыроды і жыцця. Дарэчы, гэтыя тэмы яна раскрывае не толькі на ўроках і на выхаваўчых гадзінах, але і ў сваіх вершах. А ў яе байках  пад вобразамі жывёл хаваюцца людзі хітрыя, сквапныя, грубыя, няўклюдныя, празмерна даверлівыя…  Тэмы падказвае жыццё, і калі прыходзіць натхненне, то ўсё перажытае-пераасэнсаванае кладзецца на паперу.

Сярод твораў паэткі – верш  “Залессе – слынная мясціна”. На працягу апошніх шасці гадоў Марыя Стэфанаўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў Залескай школе. “Мне вельмі падабаецца гэта багатая на гістарычныя падзеі мясціна, тутэйшыя людзі, калегі, з якімі  працую. У мяне – некалькі твораў пра Залессе”, - зазначае Марыя Стэфанаўна.

Непадалёка ад Забалацця ёсць яшчэ адна маляўнічая вёска, якая натхніла настаўніцу напісаць  “Легенду пра Вострава”. “У яе аснове я не выкарыстоўвала ніякага гістарычнага матэрыялу. Гэта плод маёй фантазіі”, - усміхаецца жанчына.

Сапраўды: хто можа забараніць творчаму чалавеку фантазіраваць? Менавіта так здаўна ў нашым народзе нараджаліся паданні, песні, загадкі, прыпеўкі… – усё тое, што мы называем вуснай народнай творчасцю. А наша гераіня – цудоўнае ўвасабленне і прыклад сучаснай народнай паэзіі.

Залессе – слынная мясціна

Залессе – слынная мясціна,

Здаўна так славіцца яна.

І госці едуць несупынна,

Вядома, гэта нездарма.

Лясы бяскрайнія, таемныя

І ціхаплынная Вілля

Лятункі – думкі навяваюць,

А хвараство відаць здалля!

… Вось дом Міхала Клеафаса,

Гучаць мазуркі, паланэзы,

Праходзяць балі, вечарыны,

Як пря Агінскім жа імпрэзы!

Сама прырода таямніча,

З сівой даўнінаю з’яднана,

Славута месца і прыгожа,

Рэспект Залессю і пашана!

Асобна я скажу пра школу:

Яна крыніца моцных ведаў.

Тут людзі ўмелыя працуюць

І дзетак вучаць, і шануюць.

Ёсць і музыкі, й спевакі,

На скрыпках граюць і цымбалах,

А наша школа ўсіх яднае,

Бы сонейка ў родным краі.

Гучыць бацькоўская ў нас мова,

Праменнае, жывое слова,

І гукі паланэза слых чаруюць,

Яны ў паветры тут паўсюль віруюць…

 

Легенда пра Вострава

Вострава – адна з тутэйшых вёсак.

Вакол хвойнік, поле ды лугі.

Глянеш удалеч – лес стаіць сцяною

Ды палеткаў аксамітных мурагі.

… Тут было раней глыбока возера.

А на востраве палац стаяў.

Белакаменны, сцяной абнесены.

У палацы магнат люты пражываў.

У яго законы былі жорсткія;

У цямніцах ён народ трымаў,

Хто правініцца, таго біў розгамі,

Людзям шчасця, долі не даваў!

… Назіраў за гэтым Божа праведны,

Вырашыў ён князя пакараць:

Навальніцу, перуны з маланкамі

На яго ўладанні Бог рашыў наслаць.

… Прыйшло лета… Ночка вераб’іная…

Перуны грымяць… Нябесны гнеў!

З неба лье вада ды ручаінамі!

Князь у жаху быццам ашалеў.

Просіць-моліць Бога ён перад іконамі!

Позна ўспомніў Усявышняга ўладар.

Гулка грымнуў гром,

І знік у возеры

Той палац высозны –

Пакараў нябесны Цар!

… Шмат прайшло стагоддзяў…

Ужо няма і возера,

Ну, а востраў

Час даўно зраўняў з зямлёй.

Толькі далі старажылы

Назву Вострава вёсцы,

Што стаіць сярод палёў. 

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Марыі ЛОСЬ.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях   Новости сельсоветов 

 

 

 

Статьи по теме: