Творчасць – лепшая таблетка

 

Творчасць – лепшая таблетка

Люди Сморгонщины
12.11.2023
2521

Літаратура не стварае звыклых матэрыяльных каштоўнасцей, яна не вырошчвае хлеба, не будуе заводы, не робіць машын. Яна вырошчвае, будуе, робіць, стварае самую высокую і самую галоўную матэрыяльную каштоўнасць на зямлі – Чалавека”, - гэту думку выказаў вядомы беларускі пісьменнік Янка Сіпакоў.

Яе пацвярджаюць і мае гераіні – Вольга Андрушчанка і Ірына Гаева. Яны – як дзве сястры. Праўда, знешняе падабенства тут ні пры чым. Абедзве нарадзіліся на Мядзельшчыне. З дзяцінства пішуць вершы. Абедзве - сейбіткі разумнага, добрага, вечнага. Далі пуцёўку ў жыццё вялікай колькасці вучняў. Іх дзеці выраслі цудоўнымі людзьмі.

І хоць Вольга Іванаўна і Ірына Ніканораўна даволі працяглы час знаходзяцца на заслужаным адпачынку, прадаўжаюць прарошчваць парасткі дабрыні, спагады, любові да Радзімы, да роднай старонкі ў душах многіх людзей. Юных і дарослых. Найперш – ствараючы вершы. Нядаўна пабачылі свет іх паэтычныя зборнікі. У планах апантаных жанчын – новыя творчыя знаходкі і адкрыцці.

Вольга АНДРУШЧАНКА: “Якое гэта шчасце - жыць! Ствараць, і радавацца, і смяяцца”

Любоў да літаратуры Вользе Андрушчанцы прывіў яе тата – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, ён сам пісаў вершы, часта друкаваўся ў газеце “Звязда”.

“Я вырасла на творах класікаў. У нас была вялікая, поўная кніг этажэрка, якую бацька зрабіў сваімі рукамі. Творы замежных аўтараў, рускіх і беларускіх. Я іх з захапленнем чытала, - успамінае Вольга Іванаўна. – Неўзабаве сама пачала пісаць вершы – пра прыроду, родную старонку. Гадоў у дзесяць асмелілася і даслала падборку вершаў у газету “Піянер Беларусі”. Іх надрукавалі, а я атрымала ліст ад Хведара Жычкі (тады ён працаваў у газеце), які пахваліў мае дзіцячыя творы і параіў больш чытаць па-беларуску.

У юнацтве мая паэзія была інтымнай. Нікому з напісанага нічога не паказвала – саромелася. У Свірскай школе я вучылася ў адным класе з Артурам Цяжкім, мы сябравалі на глебе паэзіі. Калі Артур пайшоў у армію, перапісваліся, сёе-тое з вершаў я яму дасылала, ён – мне. Гэта быў творчы абмен, і нічога больш. У асноўным, я пісала “ў стол”, і не надавала сваёй творчасці вялікага значэння”.

Быў час, калі Вольга Іванаўна зрэдку бралася за “пяро”. Настаўніцкая праца адымала шмат часу, хапала і будзённых хатніх клопатаў. Іншы раз жанчына магла напісаць прысвячэнне камусьці з родных ці сяброў на свята,  штосьці смешнае для падняцця настрою.

IMG_0350.jpg

Літаратурнай справай захапілася, калі пайшла на заслужаны адпачынак. З’явіўся час пераасэнсаваць перажытае, пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці, з гумарам глянуць на ўзрост.

“Як нараджаюцца вершы? – паўтарае маё пытанне суразмоўца. – З’яўляецца думка – і я пачынаю яе развіваць. Мне хочацца выказацца. Зраблю гэта – і становіцца лягчэй. Вершы – гэта ўсплёскі маёй душы”.

Вершы Вольгі Андрушчанкі пастаянна друкуюцца ў газеце “Друг пенсионера”, іх можна ўбачыць і на  старонках “Светлага шляху”. Летась Вольга Іванаўна выдала кнігу “Шчасце – жыць”, дзе прадставіла вершы, якія былі напісаны з 2011 па 2022 гады.  

“Мая любоў да роднай зямлі, гісторыі і матулінага слова, павага да людзей, з якімі пашанцавала сустракацца, жыць, працаваць, адлюстраваліся ў маіх вершаваных творах. Вельмі прыемна, калі  яны знаходзяць водгук у людзях, - зазначыла паэтка. - Цяпер часта чую станоўчыя водгукі пра маю творчасць. І ад чытачоў газеты, ад тых, хто прачытаў маю кнігу, і ад выпадковых слухачоў. Такіх, як, напрыклад, акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Барыс Донін, з ім я нядаўна пазнаёміліся падчас адпачынку ў санаторыі. “У Вас цудоўныя вершы, я з задавальненнем іх прачытаў бы са сцэны”, - такая высокая адзнака, якая гучыць з вуснаў аўтарытэтнага чалавека, узрадуе любога творцу”.

Але не толькі вершамі адзінымі жыве наша гераіня. Удзельніцы тэатральнай студыі “Натхненне”, якая працуе ва УТЦСОН “Цёплы дом”, нядаўна прадставілі спектакль па п’есе Вольгі Андрушчанкі “Пасядзелкі даўніх сябровак”. П’еса гэта пра адзіноту, з якой сутыкаюцца многія пажылыя людзі. Дзеці выраслі, у іх свае сем’і, клопаты, некаторыя нават не знаходзяць час, каб патэлефанаваць бацькам. Пазбавіцца ад адзіноты дапамагаюць сябры, з якімі можна сустрэцца і падзяліцца сваімі думкамі, праблемамі і радасцямі.

Спектакль займеў поспех у гледача, а Вольга Іванаўна натхнілася на напісанне яшчэ адной п’есы пад назвай “Гісторыя выпадковых спадарожніц”, у аснову якой ляглі жыццёвыя гісторыі з жыцця смаргонцаў.

IMG_0494.JPG

Цяпер у Вольгі Андрушчанкі – новы творчы ўздым. Нядаўна ў яе нарадзіўся праўнук. Статус “прабабулі” падштурхнуў жанчыну да стварэння кнігі дзіцячых вершаў. “Іх я пачала пісаць пасля таго, як ажаніўся мой унук Улад. Падумала: “Хутка праўнук ці праўнучка павінны з’явіцца. Трэба ім нешта на памяць пра сябе пакінуць”.

 Неўзабаве так і адбылося – нарадзіўся маленькі Янка. А ў прабабулі назапасілася пэўная колькасць дзіцячых вершаў, якія яна марыць сабраць пад адну вокладку. І усё гэта здаецца рэальным, бо ў яе сяброўкі-мастачкі Ніны Навіцкай практычна гатовы ілюстрацыі да кнігі. Відаць, новага выдання чакаць давядзецца нядоўга.

IMG_0405.JPG

Кнігі Вольгі АНДРУШЧАНКІ і Ірыны ГАЕВАЙ.

Ірына ГАЕВА: “Зямля дзядоў, зямля бацькоў! Тут карані мае, вытокі”

Яна з дзяцінства захаплялася паэзіяй і народнымі песнямі. Бацька любіў чытаць, ён прывіў ёй любоў да кнігі і роднага слова, а маці і яе сёстры цудоўна спявалі. “Тады і абуджалася мая душа да мастацкага ўспрымання жыцця, любові да роднага краю і мовы.

Мне было гадоў дзесяць, калі падчас буры прада мной паўстаў нязвыклы вобраз любімага Латвянскага возера. Я была настолькі ўражана, што пераказала свае пачуцці  ў вершы. Гэта была мая першая проба пяра. Тады стала пісаць і іншыя творы на беларускай мове. Сярод іх – жартаўлівы верш пра браціка.

IMG_1082.JPG

У сямнаццаць гадоў, калі паступіла ў педвучылішча, прачнуліся першыя дзявочыя пачуцці. Неўзабаве з’явіліся вершы пра каханне на рускай мове. Але пра іх ніхто не ведаў. Сорамна было выстаўляць напаказ свае перажыванні. Пазней, калі стала вучыцца ў Брэсцкім педінстытуце, пісала шмат, але не надавала гэтай справе асаблівага значэння. Часта паперку з новымі вершамі спакойна выкідала ў сметнік. Нешта заставалася ў памяці. Калі распачала працу над выданнем кнігі, літаральна даставала напісанае з патаемных вугалкоў памяці.

Аднойчы, калі ўжо працавала ў школе, па просьбе карэспандэнта Аркадзя Падгола адважылася некалькі вершаў надрукаваць у “Светлым шляху”. Быў яшчэ публічны выступ у санаторыі. Людзі, якія пачулі-пачыталі вершы невядомай паэткі, вельмі прыязна адгукаліся на іх.

Верш “Матуліна мова” ўхваліў нават народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. У 2004 годзе Ніл Сымонавіч праводзіў у смаргонскай гімназіі  творчую сустрэчу. Пацікавіўся, ці займаецца літаратурнай творчасцю хтосьці з прысутных, папрасіў падзяліцца вынікам. Ірына Гаева з радасцю выканала просьбу маэстра.

Калі Ірына Ніканораўна пайшла на пенсію, з’явіўся вольны час, які яна ўсё часцей стала прысвячаць любімаму занятку. І з’явілася ўсведамленне, што яе творчасць патрэбна людзям.

Тады жанчына ўспомніла яшчэ пра адзін любімы занятак – спяваць народныя песні. Выступіла з ініцыятывай стварыць вакальны гурт “Крынічанька” пры УТЦСОН “Цёплы дом”, стала яго актыўнай ўдзельніцай разам з калегай па пяру Вольгай Андрушчанкай.

Вершы смаргонскіх паэтак пачаліі выкарыстоўвацца падчас напісання сцэнарыяў для тэматычных выступленняў і імпрэзаў “Крынічанькі”. У рэпертуары гурта з’явіліся песні “Крынічанька”, “Смаргонскія абараначкі”, словы да якіх напісала Ірына Гаева, а музыку – Васіль Карпец. Словы песні “Освобожденная Сморгонь” належаць Ірыне Ніканораўне, а музыку стварыў Аляксандр Лях.

Бадай, самай галоўнай падзеяй для самой Ірыны Ніканораўны і прыхільнікаў яе таленту стала кніга “На хвалях лёсу”, якая пабачыла свет у 2021 годзе.  У прадмове да кнігі паэтка напісала:  “Мае перажыванні, шчырая любоў да сям’і і вёскі, роднай зямлі, матулінай мовы, павага і ўдзячнасць людзям, з якімі пашанцавала сустракацца, жыць і працаваць, мае пачуцці, думкі, мары адлюстраваліся, як у родным Латвянскім возеры, у маіх вершах. Яны нараджаліся ў душы ад маладых гадоў да “залатога ўзросту”.

IMG_0437.jpg

Напрыканцы нашай размовы Ірына Ніканораўна прызналася, што хоча паспець дапісаць кнігу, якая б стала яе дзённікам. “Ніхто не павінен адыходзіць, не расказаўшы пра тое, што перажыў”, - прачытала яна аднойчы ў Аляксандра Салжаніцына і вырашыла, што будзе пісаць успаміны пра родную вёску Лотва, што на Мядзельшчыне, і пра яе жыхароў, а таксама пра сваіх продкаў – з роду Андронаў і Сабалёў.

“Мой бацька Ніканор любіў цытаваць Івана Крылова: “Мы – карані дрэва, на якім вы квітнееце”, - зазначыла Ірына Гаева. - Відаць хацеў, каб я не забывалася, што чалавек без усведамлення родных каранёў - пустое стварэнне, якому нічога нецікава, акрамя сваёй асобы. Баюся толькі, ці змагу напісаць так, як хацелася б бацьку, і ці паспею…Але буду старацца ”.

Мае гераіні – яскравае пацверджанне таго, што жыццё на пенсіі толькі пачынаецца. А творчасць – лепшая “таблетка” ад усіх хвароб і няшчасцяў. Не толькі для самога пісьменніка, але і тых, хто яго акружае. Яна такая – сіла літаратурнага слова!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Похожие новости

Счастье шить. История сморгонской мастерицы, которая создаёт куклы и одежду

Жизнь глазами художника

Окушковский «остров Везения»

У кожнага мястэчка – свае Коласы і Купалы

Круціцца-верціцца круг ганчара…


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях