Невыпадковы чалавек

 

Невыпадковы чалавек

Люди Сморгонщины
12.08.2023
939
Дома ў Валянціна Мядзвецкага захоўваецца асаблівая калекцыя: інструменты, якія ў дзяцінстве і юнацтве ён штодзень бачыў у бацькавых руках. Некаторыя з іх тата, майстар на ўсе рукі, рабіў сам. Безумоўна, зараз хапае новых інструментаў, больш зручных і функцыянальных, але гэтыя сякера, малаток муляра, рубанак нібы звязваюць цяперашняга сталага і сур’ёзнага мужчыну з тым хлапчуком, якім ён быў, здаецца, зусім нядаўна.

2Z3A7547.JPG

Дзяцінства Валянціна Мядз­вецкага  прайшло недалёка ад самага глыбокага возера Беларусі – Доўгага. Колькі разоў бегаў ён туды з кампаніяй такіх жа басаногіх сябрукоў! Колькі га­дзін глядзеў там на паплавок сваёй вуды і марыў, што вось-вось выцягне такую вялікую рыбіну, што ўся вёска будзе зайздросціць!
“Цяпер на маёй малой радзіме застаўся, можа, з дзясятак дамоў”, - заўважае Валянцін Іосіфавіч. У Івесь ён усё яшчэ прыязджае разам з братамі і сястрой: пабыць у роднай хаце, наведаць могілкі, успомніць сваё не надта лёгкае, але светлае дзяцінства.

Валянцін Іосіфавіч – адзін з чатырох дзяцей з сям’і Мядзвецкіх. Тата яго быў будаўніком, мама працавала паляводам у калгасе. Жылі, як усе: агарод, гаспадарка. “Што я не любіў, дык гэта пасвіць кароў, - смеючыся ўспамінае наш субяседнік. – Як на рыбалку, дык хоць у чатыры гадзіны раніцы лёгка ўстану, а як да кароў у поле – ледзь вочы расплюшчваю”.

Затое ў школе быў добрым вучнем. Матэматыку як палюбіў з пачатковай школы, так і далей усё жыццё цікавіўся “каралевай навук”. Пасля васьмігодкі скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум, паспеў толькі размеркавацца на работу, як прыйшла павестка ў армію. Адслужыў у далёкай Венгрыі, а пасля армейскія сябры “падбілі” паступаць у Наваполацкі політэхнічны інстытут. Дыплом аб вышэйшай адукацыі Валянцін Мядзвецкі атрымліваў ужо жанатым чалавекам – яшчэ на чацвёртым курсе ажаніліся з аднакурсніцай Любай. “Каб вы бачылі, якая яна прыгожая была і ёсць!” – хваліць жонку Валянцін Іосіфавіч. Маладая сям’я разам з маленькім сынам па размеркаванні адправілася ў абласное ўпраўленне ЖКГ у Гродна. Тагачасны кіраўнік абласной камунальнай сферы Барыс Батура прапанаваў паехаць працаваць у раён, маўляў, там кватэру куды лягчэй атрымаць. “Практычна выпадкова тыцнуў я пальцам на карту і выбраў Смаргонь. Вырашыў, што да бацькоў дабірацца адсюль прасцей”, - расказвае Валянцін Мядзвецкі.

У Смаргоні працаваў у ЖКГ, быў галоўным інжынерам, потым намеснікам дырэктара. Далей паслужны спіс папоўніўся такімі прадпрыемствамі як ДРБУ, “Смаргоньсілікатабетон”. А апошнія 15 гадоў Валянцін Іосіфавіч кіруе ПУ “Смаргоньгаз”. Якраз “Смаргоньгаз” стаў для яго больш, чым проста работа. “Бывае, пайду ў водпуск, а жонку ж трэба прывезці на працу. (Любоў Віктараўна працуе тут жа, займаецца праектнай работай – аўт.) Зайду ў кабінет “на хвіліначку”, а выходжу, як жонку трэба дахаты везці”, - смяецца дырэктар.

Валянцін Мядзвецкі ўпэўнены, што кожны з яго падначаленых на сваім месцы. Тут кожны на віду, і не толькі як прафесіянал. Калектыў ПУ “Смаргоньгаз” умее не толькі працаваць, але і адпачываць. Іх спартыўная каманда прыносіць усё новыя ўзнагароды з розных спаборніцтваў. Сам Валянцін Іосіфавіч з дзяцінства гуляе ў настольны тэніс, таму добра разумее сваіх калег-спарт­сменаў і стварае ім усе ўмовы для трэніровак і адпачынку.

Ужо 15 год роўна 11 жніўня дырэктар ідзе ў водпуск, які пачынаецца са святкавання яго дня нараджэння. Сёлета свята асаблівае – 65-гадовы юбілей. Гэта дзень, калі звычайна збіраецца ўся сям’я: браты і сястра Валянціна Іосіфавіча, двое сыноў, унукі. Ён шчаслівы чалавек, бо зранку радасна збіраецца на работу, а вечарам з такім жа задавальненнем едзе дахаты. У яго акружэнні няма выпадковых лю­дзей, ды і сам ён такі ж – робіць усё з азартам, добрым настроем і любоўю.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.




Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях  #Люди_Сморгонщины