Вайна ў сэрцы
Усё больш і больш гады аддзяляюць нас ад жудаснай Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш сведкаў падзей той пары. Мой аповед пра маіх суседак, дзвюх сясцёр - Валянціну і Юлію Барысенкаў, якія жывуць у вёсны Дзевятні.
Юлія Барысенка нарадзілася падчас вайны, таму ведае пра трагічныя падзеі з успамінаў маці і бабулі. А Валянціна падчас вайны атрымала цяжкую псіхалагічную траўму.
Юлія Сяргееўна родам з Хойніцкага раёна, з вёскі Чырвоны Рог. Там жыла іх сям’я перад Вялікай Айчыннай вайной. На жаль, цяпер гэтай вёскі няма. Яна знікала двойчы: першы раз яе спалілі немцы, але пасля вайны была адбудавана, а Чарнобыльская трагедыя вёску знішчыла назаўсёды.
Дзве сястры не могуць успамінаць пра вайну без слёз. Гартаючы стары альбом з фотаздымкамі, жанчыны бачаць тых людзей, якіх вайна бязлітасна забрала з іх сям’’і: бацьку, дзядулю і дзядзьку. Дзядуля загінуў у фашысцкім лагеры смерці ў Бабруйску. Дзядзька меў шмат узнагародаў: медаль “За адвагу”, ордэн Чырвонай Зоркі, медаль “За абарону Масквы” і іншыя. Памёр ён у 1948 годзе, у 25-гадовым узросце, ад ран, якія атрымаў у баях. Бацька загінуў у лютым 1945 года пры вызваленні Польшчы, не дажыў два з паловай месяцы да Вялікай Перамогі.
Назаўсёды ў памяці Валянціны захаваўся адзін эпізод. Недалёка ад іх вёскі ў лесе базіраваўся партызанскі атрад, камандзірам якога быў аднавясковец. Аднойчы паліцаі раскрылі дзейнасць партызанскага атрада і выдалі сям’ю камандзіра Арсеня Вараб’ёва. У вёску Чырвоны Рог прыехалі фашысцкія карнікі. Яны падпалілі хату камандзіра, жонку і дзвюх дачок (8 і 5 гадоў) спалілі жывымі. Дзяўчынкі сябравалі з Валянцінай. Вобразы дома, дзе былі спалены людзі, урэзаліся ў памяць дзяўчынкі на ўсё жыццё. 3 той пары Валянціна страціла магчымасць чуць і размаўляць. Было ёй у той час толькі 5 гадоў.
Валянціна Сяргееўна, нягледзячы на тое, што глуханямая, умее чытаць і пісаць. Яна скончыла 7 класаў Капцэвіцкай спецшколы для глуханямых у Петрыкаўскім раёне. Цікавіцца цяпер падзеямі жыцця ў краіне і ў свеце, таму часта чытае газеты і часопісы. Калі ёй трапляюцца артыкулы пра вайну, не можа стрымаць слёз. Плача, калі глядзіць па тэлевізары ваенныя фільмы.
Як чалавеку пацярпеламу ад наступстваў вайны, Валянціне штогод да Дня Перамогі выплачваецца матэрыяльная дапамога. Прадпрыемства “Камінтэрн” з Гомеля, дзе жанчына раней працавала, таксама кожны год аказвае ёй дапамогу. Не забываюць пра яе і вучні мясцовай Жодзішкаўскай СШ. Са святам Перамогі жанчыну прыязджаюць павіншаваць прадстаўнікі ГА “БРСМ” і работнікі вузла паштовай сувязі, ваеннаслужачыя вучэбнага цэнтра ДУА “Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь”.
Сям’я Барысенка ўдзячна ўсім за ўвагу і дапамогу. Асаблівую падзяку сёстры Барысенкі выказваюць шэфам Валянціны - дзіцячаму рэабілітацыйна-аздараўленчаму цэнтру “Лясная паляна”. Кіраўніцтва цэнтра - частыя госці ў доме Барысенкаў, яны цікавяцца праблемамі сям’і і па меры магчымасці дапамагаюць ёй. На такіх чулых і спагадлівых людзях трымаецца зямля.
Дырэктар ДРАЦ “Лясная паляна” Анатоль ХОМБАК, Валянціна БАРЫСЕНКА і намеснік дырэктара ДРАЦ “Лясная паляна” Інэса ЯКУШАВА.
Алена СУРВІЛА.
Фота прадастаўлена аўтарам.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!