Калі Крэва пасылае натхненне…

 

Калі Крэва пасылае натхненне…

Люди Сморгонщины
30.01.2022
3065
Крэўскі замак ляжыць у даліне паміж высокіх пагоркаў, што расцягнуліся ланцугом абапал рачулкі. Тут, на нізкім поплаве, у сутоках ракі Краўлянкі і ручая Шляхцянкі ў 20-я гады ХІV стагоддзя быў пабудаваны мураваны замак-кастэль. Гэты маўклівы сведка гістарычных падзей, якія адбываліся ў Крэве на працягу стагоддзяў, пастаянна, як магніт, прыцягвае да сябе, не толькі турыстаў і краязнаўцаў. У маленстве тут любіў бываць Валодзя Сосна. Тады яшчэ вучань Лашанскай школы, а ў будучым – дацэнт, кандыдат гістарычных навук.

PBK_8802.JPG

Шлях у навуку

Нарадзіўся Уладзімір Аркадзьевіч у 1951 годзе ў вёсцы Галяшонкі. “У доме, дзе рабіў першыя крокі, жыве мая дваюрадная сястра. Часам бываю на сваёй малой радзіме, там пахаваны мае прадзеды, бабуля і дзядуля, дзядзька. Наша сям’я нядоўга пражыла ў Галяшонках, бацькі пераехалі ў Загор’е, там мама загадвала пачатковай школай, а бацька неўзабаве ўзначаліў сярэднюю школу ў суседняй вёсцы Лашаны. Ад Загор’я да Крэва – шлях недалёкі. Пракаціцца з бацькам на матацыкле да Крэўскага замка – было маёй найлепшай забавай. Тата дазваляў мне гуляць на рэштках кастэлі. Крутыя ўзгоркі, маляўнічая прырода. Тут, відаць, я на ўсё жыццё і натхніўся на пазнанне гісторыі сваёй Радзімы. А ў старэйшых класах маё ўражанне да прадмета ўзмацніла Ганна Іосіфаўна Лобач, наш класны кіраўнік і настаўніца гісторыі”.

“А ці натхніла Вас маляўнічае Крэва на творчасць?” – неяк само сабой гэта пытанне нарадзілася ў мяне. Адказ гісторыка быў нечаканым: “Схільнасці да малявання я не меў. У мяне былі здольнасці да спеваў, на самадзейных імпрэзах я выступаў сольна. Калі паступіў на гістарычны факультэт, стаў наведваць народную харавую капэлу БДУ, якой на той час кіраваў Уладзімір Раговіч. А канцэртмайстрам быў наш зямляк Юрый Шутовіч (родам з Шутавіч), вучань харавога дырыжора Уладзіміра Роўды. Таму нядзіўна, што і Уладзімір Роўда нярэдка наведваў рэпетыцыі. Мы мелі стасункі і з Ігарам Лучанком. Наша капэла першая выканала яго песню на словы Янкі Купалы “Спадчына”.

Пасля заканчэння БДУ малады гісторык спевамі займацца перастаў. Паўгода працаваў у беларускамоўнай школе ў Мядзелі. Узяў адмацаванне. Вярнуўся на родны факультэт, уладкаваўся на кафедру лабарантам, паступіў у аспірантуру БДУ, стаў весці семінарскія заняткі са студэнтамі. Акунуўся з галавой у навуку. Пачаў пісаць кандыдацкую дысертацыю на тэму “Фарміраванне саслоўя дзяржаўных сялян у Беларусі ў канцы XVIII – першай паловы ХІХ стагоддзя”. Гады карпатлівай работы, праца ў бібліятэках, архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Ленінграда і Масквы, публікацыі ў навуковых выданнях. У 1983 годзе дысертацыю малады вучоны паспяхова абараніў.

Навуковую працу сумяшчаў з педагагічнай. У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя яшчэ мала дзе выкладалі гісторыю Беларусі, таму пяць гадоў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі Уладзімір Сосна чытаў лекцыі па эканамічнай гісторыі. У 1988 вярнуўся на гістфак БДУ, на кафедру гісторыі БССР. Стаяў ля вытокаў стварэння кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, якую адкрылі ў 1994 годзе. Пачаў чытаць лекцыі па гісторыі Беларусі яшчэ і на філалагічным факультэце. Пэўны час быў загадчыкам кафедры гісторыі і беларусазнаўства Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, дзе праводзяцца курсы па павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ.

PBK_8807.JPG

Гісторыя – настаўніца жыцця

Уладзімір Аркадзьевіч па-ранейшаму чытае лекцыі на гістарычным і філалагічным факультэтах. “З моладдзю мне працаваць цікава. Укараняць свае думкі, апрабіраваць распрацоўкі ў выкладчыцкай дзейнасці. Мяне ўвесь час у жыцці акружалі філолагі. Мой тата быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, жонка па першай адукацыі філолаг.

Сёння Уладзімір Сосна – адзін з вядучых спецыялістаў па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі XVIII – першай паловы ХІХ стагоддзя.

У нашага земляка – вялікі навукова-даследчы вопыт, ён аўтар больш за 200 навуковых і вучэбных работ, удзельнічае ў напісанні падручнікаў для абітурыентаў і студэнтаў ВНУ, у падрыхтоўцы першага у Беларусі спецыяльнага падручніка “Гісторыя Беларусі” для ліцэяў, гімназій і школ з паглыбленым вывучэннем гуманітарных навук, які пабачыў свет у 1996 годзе. Уладзімір Сосна з’яўляецца аўтарам і рэдактарам шасці падручнікаў па гісторыі Беларусі для 7, 8 і 9 класаў агульнай сярэдняй адукацыі, змест якіх ахоплівае перыяд XVIXX стагоддзяў.

Двойчы Уладзімір Аркадзьевіч прымаў удзел у краязнаўчых канферэнцыях, якія праходзілі ў Смаргоні. Наш зямляк зрабіў унёсак і ў літаратуразнаўства: ён дакладна вызначыў персанажа верша “Хрэсбіны Мацюка”. Дагэтуль у літаратуразнаўцаў было некалькі версій. З дапамогай дакументаў, знойдзеных ў архівах Польшчы і Расіі, Уладзімір Аркадзьевіч пацвердзіў тое, што Францішак Багушэвіч пісаў менавіта пра князя Хаванскага, вайсковага кіраўніка Віленскага павета.

Праца Уладзіміра Сосны са студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі таксама прыносіць свой плён. Пад кіраўніцтвам дацэнта ажыццяўляецца напісанне курсавых, магістарскіх і дысертацыйных работ. Чатыры маладыя гісторыкі, у якіх Уладзімір Аркадзьевіч быў навуковым кіраўніком, сталі кандыдатамі гістарычных навук. Дацэнт прадаўжае і сваю навуковую дзейнасць, працуе над доктарскай дысертацыяй.

- Ці пайшлі дзеці па бацькавых слядах? – пацікавілася напрыканцы размовы ў свайго субяседніка.

- Дзеці вырашылі рэалізоўваць сябе ў іншых сферах. Але ёсць надзея, што ўнук стане маім прадаўжэннем. Цяпер ён вучыцца ў сёмым класе, і я бачу, што мае ахвоту да глыбокага вывучэння гісторыі. Я падбіраю яму папулярную літаратуру, навуковую яму яшчэ чытаць ранавата (смяецца – аўт.), усяму свой час.

- А Вы б хацелі, каб Вашы дзеці былі гісторыкамі?

- Найперш я заўсёды хацеў, каб яны былі добрымі людзьмі. Таму ахвотна дзяліўся з імі ведамі па гісторыі. Для выхавання добрага чалавека яны не будуць лішнімі, бо гісторыя, як вядома, – настаўніца жыцця.

Галіна АНТОНОВА.

Фото прадастаўлена прэс-службай БДУ.