Асінаўшчызненскія дашкольнікі прынялі ўдзел у спартыўна-гульнявой праграме, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

 

Асінаўшчызненскія дашкольнікі прынялі ўдзел у спартыўна-гульнявой праграме, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Лето 2023
01.07.2022
982
Патрыятычнае пачуццё не ўзнікае ў людзей само па сабе. Дзіця не нараджаецца патрыётам, яно ім становіцца. Дашкольны ўзрост як перыяд станаўлення асобы мае свае вялікія магчымасці для фарміравання маральных пачуццяў, да якіх і адносіцца пачуццё патрыятызму. Праз шэраг такіх мерапрыемстваў, як гутаркі, забавы, святы, дыдактычныя гульні ў дашкольнай адукацыі адбываецца выхаванне асноўных чалавечых якасцей: дабрыні, любві і павагі да блізкіх, родных, суперажывання, беражлівых адносін да роднай прыроды, пачуцця гонару за сваю Радзіму.

Беларускі арнамент.jpg

Беларускі арнамент.

3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца вельмі важнае свята – Дзень Незалежнасці.  З гэтай нагоды з мэтай выхавання ў дашкольнікаў любві, павагі да роднага краю ў рознаўзроставай групе дзяржаўнай установы адукацыі “ВПК Асінаўшчызненскі яслі-сад-пачатковая школа” прайшла спартыўна-гульнявая праграма “Я краінай сваёй ганаруся, яе імя – Беларусь”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваімі бацькамі прынялі ўдзел у спаборніцтве. З падтрымкай і дапамогай прыйшлі і старэйшыя брацікі выхаванцаў. Падчас конкурса “Перакладчык” яны перакладалі словы з рускай мовы на беларускую. Вельмі парадавала тое, што выхаванцы добра валодаюць роднай мовай. Віктарына “Што я ведаю пра Беларусь?” дала ўдзельнікам праграмы магчымасць паказаць сваю эрудыцыю, кемлівасць і сістэматызавала веды аб сваёй Радзіме. У ходзе эстафеты “Прыродны сімвал Беларусі” дашкольнікі складалі васілёк. З вялікім задавальненнем выхаванцы гулялі ў беларускую народную гульню “Гарачыя гаршчочкі”, пераскоквалі праз блакітныя “рачулкі”, складалі беларускі арнамент і выконвалі яшчэ шмат розных заданняў.

Кветка васілёк - сімвал Беларусі.jpg

Кветка васілёк - сімвал Беларусі.

Апошнім заданнем для ўдзельнікаў спаборніцтва было маляванне беларускаіх пейзажаў. У малюнках маленькія мастакі перадалі сваю шчырую любоў да навакольнай прыроды. Яны старанна вымалёўвалі дрэўцы, траўку, кветкі, хмаркі.

У канцы свята ўсе атрымалі граматы. Такога роду мерапрыемствы спрыяюць выхаванню ў дзяцей дашкольнага ўзросту патрыятычных пачуццяў, грамадзянскасці, любві да роднага краю і гонару за яго, лепшых маральных якасцяў беларусаў: дабрыні, спагадлівасці, працавітасці.

Фота на памяць.jpg

Фота на памяць.



Алена БІСЛЮК,

выхавальнік дашкольнай адукацыі

вучэбна-педагагічнага комплексу

Асінаўшчызненскія яслі-сад - пачатковая школа.