Без крылаў песні не ўзляцець высока

 

Без крылаў песні не ўзляцець высока

Культура
08.10.2023
2557

Зарадзілася “Вечарынка” восенню 1998 года – як фальклорны ансамбль песні і танца, і ўжо праз пяць гадоў калектыву было прысвоена званне “народны”. Дзейнасць “Вечарынкі” – лагічны працяг і развіццё культурных традыцый, якія сфарміраваліся на Смаргоншчыне на працягу стагоддзяў. Унікальная музычна-абрадавая спадчына ўвасобілася ў шматлікіх канцэртных праграмах калектыву, якія аб’ядноўваюць у сабе песню, музыку, танец. У рэпертуары ансамбля – больш за сто кампазіцый: беларускія народныя песні, беларускія аўтарскія песні. “Візітоўка”  калектыву – “Жодзішкаўская полька”.

 

b49n6x25lwud9vvrkoos0jr9qx6rpkaa.jpg

Мама цягнула яе на саначках па заснежанай Вязьме, а яна гучна спявала: “У лесе нарадзілася ялінка”. Прахожыя ўсміхаліся і гаварылі: “Артыстка расце”. Было на той час артыстцы два з паловай гады.

 Урокі па вакалу праводзіла пад “акампанемент” пласцінак. “Ставіла любімую кампазіцыю і спявала так, што ўсе суседзі чулі, - усміхаецца Алена Давыдзенкава, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Вечарынка”. – У школе на сцэну ў якасці спявачкі выйшла ў восьмым класе. У нас стварылі вакальна-інструментальны ансамбль, і кожны клас павінен быў прадставіць кампазіцыю пад жывую музыку. Я выканала песню Ліліі Івановай і атрымала гран-пры школьнага конкурсу. На наступны дзень прачнулася знакамітай”.

Палюбіць сваё

Не толькі да песні, але і да танца мела цікавасць наша гераіня. Наведвала харэаграфічны гурток, планавала паступаць у Гро­дзенскае культасветвучылішча на харэографа. На той час сям’я ўжо жыла ў Беларусі, на малой радзіме мамы – у Слуцкім раёне.

На ўступных экзаменах камісія адзначыла менавіта вакальныя дадзеныя дзяўчыны і парэкамендавала пайсці вучыцца на харавога дырыжора. Алена не супраціўлялася, і пазней ніколі не пашкадавала, што не стала танцоркай. Культасветвучылішча скончыла з “чырвоным” дыпломам.

У 1987 годзе па размеркаванні наша гераіня прыехала на Смаргоншчыну. “Ехала сюды на адпрацоўку. Уявіць сабе не магла, што Жодзішкі для мяне стануць другой радзімай. Планавала вярнуцца на Случчыну. На той час Слуцк у параўнанні са Смаргонню мне падаваўся сталіцай. Толькі пазней я зразумела, што не месца вызначае лёс чалавека, а людзі, якія акружаюць. Я патрапі­ла ў такое творчае асяроддзе, да такіх апантаных людзей, што нешта лепшае шукаць не захацела, дадому вяртацца таксама жаданне прапала. На той час у клубе працавала Людміла Кісялёва – чалавек моцна ўлюбёны ў фальклор. Яна і мне прывіла гэту любоў да народных танцаў, песень, музыкі. Да таго ж мне выдзелілі жыллё – аднапакаёвую кватэру, такім чынам вырашылі маё жыллёвае пытанне”.

У Жодзішкаўскім ДК Алена Давыдзенкава кіруе дзіцячым аматарскім аб’яднаннем “Вясёлыя ноткі”, гурткамі “Вакальныя спевы” (для дзяцей) і “Акорд” (эстрадныя спевы для дарослых). Напэўна, не памылюся, калі скажу, што галоўнае яе дзецішча – ансамбль “Вечарынка”, які быў створаны чвэрць
веку таму. 

Брава,“Вечарынка”!

“Быў час, калі “Вечарынка” налічвала два дзясяткі ўдзельнікаў, прычым гэта былі людзі, далёкія ад культуры. У калектыве спявалі і танцавалі медыкі, работнікі калгаса, лясгаса… - успамінае Алена Віктараўна. – Цяпер, на жаль, людзі з меншай ахвотай займаюцца мастацкай самадзейнасцю. Ансамбль налічвае 9 чалавек, практычна ўсе – са сферы культуры. Толькі акампаніятар Андрэй Гіль – механізатар філіяла “Жодзішкі”, але  і ён не меншы прафесіянал, чым астатнія. У яго цудоўны слых і выдатнае валоданне інструментам. Мае талент ад Бога. Яго мама – прафесійны музыка, а таксама браты ў свой час былі ўдзельнікамі “Вечарынкі”. Жонка Святлана – настаўніца па музыцы – і цяпер у калектыве. Такі вось сямейны тандэм.

Дарэчы, у свой час мая калега Кацярына Дудзінская, якая стаяла ля вытокаў стварэння, а цяпер таксама з’яўляецца кіраўніцай “Вечарынкі”, са сваім будучым мужам пазнаёмілася ў калектыве. Такіх прыкладаў можна прыво­дзіць і больш. Не сакрэт, што для нас, удзельнікаў ансамбля, “Вечарынка” – другая сям’я”.

“Гэта стан душы, тое, без чаго я не ўяўляю свайго жыцця”, - дапаўняе нашу суразмоўцу Алена Махнач, якая ў скла­дзе ансамбля з 2001 года. “Тое, што Алена Віктараўна і дагэтуль узначальвае калектыў, – гэта подзвіг, - менавіта так ацэньвае працу калегі Кацярына Дудзінская. – У “Вечарынку” прыходзяць новыя людзі, і да кожнага яна знаходзіць падыход. Хіба гэта не цуд, што на рэпетыцыі ў Жодзішкі прыязджае з Сасноўкі Каця Варанішча, са Смаргоні – Валерыя Бачкарова?! Ганарымся, што маем у складзе галасістага Максіма Пашука”. 

Жодзішкаўскім артыстам апладзіравала публіка ў розных кутках Беларусі, а таксама ў Польшчы, Літве, Латвіі. Міжнародны фестываль-конкурс “Вясёлка над Віцебскам” (ладзіцца ў межах “Славянскага базару”), рэспубліканскае свята “Александрыя збірае сяброў”, рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, абласныя “Дажынкі” - гэта далёка не ўвесь пералік канцэртных пляцовак, дзе дэманстравалі свой талент  нашы артысты.

Побач з народным ансамблем “Вечарынка” нярэдка можна сустрэць узорны фальклорны калектыў “Нальшчаначка” Жо­дзішкаўская СШ, якім кіруе Кацярына Дудзінская. “Таму нядзіўна, што дзеці ведаюць усе нашы песні, - усміхаецца Алена Давыдзенкава. – Такая вось пераемнасць пакаленняў, народных традыцый і культуры”.

IMG_3296.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях