Сучасныя песні – пад акампанемент маэстра. Эдуард Ханок – у ДРАЦ “Лясная паляна”
Культура
04.08.2023
2353
Гукі дудачкі і дуды гучалі ў клубе ДРАЦ “Лясная паляна”, а потым жывыя спевы пад фартэпіяна. Аздараўленчы цэнтр наведалі артысты – саліст-інструменталіст Андрэй Дзяргай і народны артыст Рэспублікі Беларусь, кампазітар Эдуард Ханок.
Юная публіка жыва рэагавала на іх выступленні, асабліва калі сучасныя, любімыя моладдзю песні загучалі з вуснаў 83-гадовага кампазітара. Аказваецца, Эдуард Сямёнавіч выдатна ведае сучасную эстраду, пільна сочыць за навінкамі і з радасцю спявае і “Ягаду-малінку”, і “Она вернётся”, і “Малінавую ладу”.
Такія сустрэчы ў ДРАЦ “Лясная паляна” ладзяцца пастаянна. “Упершыню мы з Ігарам Міхайлавічам Лучанком сюды прыехалі ў 1996 годзе, можна сказаць, урачыста адкрывалі цэнтр, якому на той час быў толькі год, - зазначае Кацярына Копелева, аўтар і арганізатар сацыяльна-творчай праграмы “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”. – Увогуле наша дабрачынная праграма стартавала летам 1986 года ў Гомелі, на плошчы Леніна. Адтуль тры аўтобусы з артыстамі раз’ехаліся па раёнах Беларусі, якія пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай аварыі: адзін – у Магілёўскую, другі – у Гомельскую, трэці – у Брэсцкую і Гродзенскую вобласці. Спачатку наша мэта была – падымаць настрой людзей заваднымі канцэртнымі нумарамі. Яшчэ адна наша мэта – духоўная рэабілітацыя дзяцей і падлеткаў з “чарнобыльскіх” раёнаў. Мы даем магчымасць юным артыстам выступіць на сцэне разам з вядомымі артыстамі.
За 37 гадоў у дабрачынных турах удзельнічалі многія вядомы беларускія салісты і калектывы. Сярод іх – Эдуард Ханок, Надзея Мікуліч, Валянціна Альшанская, Жанет, Влада, Стэлла, ансамблі “Песняры”, “Свята”, “Крыжачок”,“Купалінка”, група “ByCity”… Ігар Лучанок удзельнічаў у дабрачыннай праграме на працягу 25 гадоў. Мы праехалі і ўсе рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры. Пастаянныя госці – у ДРАЦ “Лясная паляна. З радасцю вяртаемся туды, дзе нас ведаюць, чакаюць, любяць”.
“Цяпер у нас адпачываюць дзеці з трох абласцей Беларусі – Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей. Усяго – 441 чалавек ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. А за год аздараўляецца ў сярэднім 6700 дзяцей, - удакладняе дырэктар ДПАЦ “Лясная паляна” Анатоль Хомбак. – Акрамя рэабілітацыі і аздараўлення, стараемся прапанаваць ім цікавую забаўляльную праграму. Кампазітар Эдуард Ханок – наш даўні сябра. З творчай праграмай сёлета прыехаў ў другі раз. Дзецям цікава яго сустракаць. Умее ён “запаліць” юную публіку.
Увогуле у свой час у нас пабывала шмат вядомых людзей. Іосіф Кабзон, Уладзімір Мулявін, Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў, Алена Ланская і многія іншыя папулярныя беларускіяспевакі… Усе выступленні – на дабрачыннай аснове. Сустрэчы з творчымі людзьмі ў цэнтры ладзяцца для адпачываючых у кожнай змене. І традыцыя гэта будзе прадаўжацца”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!