Гаспадар Крыўскага маёнтка
Ежы Сарока (Скальнік-Сарока) нарадзіўся каля 1750 года ў Ваўкавыскім павеце. Яго бацька карыстаўся прыхільнасцю князя Адама Казімежа Чартарыйскага, таму Ежы яшчэ ў дзіцячым узросце трапіў пад апеку гэтага вядомага дзяржаўнага мужа і апынуўся пры яго двары. Дзякуючы свайму апекуну, Сарока атрымаў добрую адукацыю і ўдала распачаў сваю цывільную і вайсковую кар’еру.
Спачатку была дыпламатычная праца ў пасольстве ў Канстанцінопалі. Вярнуўшыся ў Польшчу, паступіў на ваенную службу. Быў лейтэнантам кавалерыі. Затым ізноў апынуўся пры двары Адама Чартарыйскага, суправаджаў яго ў час паездак па Рэчы Паспалітай і за мяжой. Вольны ад службы час праводзіў у сваіх літоўскіх маёнтках, пераважна ў Валожыне.
У 1790 годзе звольніўся са службы ў Чартарыйскіх, узяў у арэнду маёнтак Палачаны ў Ашмянскім павеце. Крыху пазней у яго распараджэнне перайшлі фальваркі Яхімоўшчына і Барава. У 1791-м Сароку абіраюць цывільна-вайсковым камісарам Ашмянскага павета. Праз два гады ён становіцца чашнікам завілейскім, а ў 1794 годзе – ашмянскім.
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Ежы Сарока, як і многія іншыя патрыёты, расчараваныя стратай незалежнасці, пакінуў родны край. Аднак весткі пра смерць бацькі і пра магчымую канфіскацыю маёмасці вымусілі яго вярнуцца з эміграцыі, пасяліцца ў бацькавым маёнтку Крыўск пад Крэвам і заняцца гаспадаркай.
Карыстаючыся павагай і аўтарытэтам у суайчыннікаў, Ежы Сарока хутка ізноў вяртаецца да грамадскіх спраў. У 1805 годзе яго абіраюць суддзёй Ашмянскага павета. Адслужыўшы на гэтай пасадзе два тэрміны, у 1811 годзе ён становіцца старшынёй зямельных судоў Ашмяншчыны.
Увесь час Сарока застаецца патрыётам былой Рэчы Паспалітай. Не развітваецца з шырокай шляхецкай шабляй і шапкай-канфедэраткай – своеасаблівым сімвалам паўстанцаў-касцюшкаўцаў. Гэтага чалавека можна было заўважыць сярод удзельнікаў разнастайных патрыятычных і палітычных акцый. Ён быў адным са зборшчыкаў сродкаў на помнік Тадэвушу Касцюшку, выклікаўся паліцэйскімі ўладамі ў Мінск на допыт па справе распаўсюджвання тэксту Канстытуцыі. Ежы Сарока не цураўся стасункаў з дзекабрыстам Пестэлем, сябраваў з паэтам і ўдзельнікам забароненага таварыства філарэтаў Антоніем Эдвардам Адынцом, які жыў у Гейстунах, што недалёка ад Крыўска.
Як апісвае Адынец, гаспадар крыўскага маёнтка быў атлетычнага целаскладу і высокага росту. Любіў жыць гасцінна і з шыкам. Захапляўся коньмі і паляваннем. “Ні адно паляванне ў акрузе на 10 міль не абыходзілася без пана Сарокі, які прыязджаў на яго з цэлай псярняй, сам конна, з дубальтоўкай на плячы,” - пісаў паэт. У час аднаго з паляванняў, знаходзячыся ў захапленні ад свайго суседа, Адынец нават склаў верш у яго гонар.
Ад першага шлюбу ў Сарокі было двое дзяцей. Стаўшы ўдаўцом, а было яму тады ўжо пад семдзесят, ён рашаецца на другі шлюб, і разам з нашмат маладзейшай за яго жонкай абзаводзіцца яшчэ двума нашчадкамі.
У лістападзе 1830 года на землях былой Рэчы Паспалітай, якія ў той час знаходзіліся ў складзе Расіі, успыхнула антырасійскае паўстанне. Хутка ў віхуры бурных падзей апынуўся і наш край. У красавіку 1831 года моладзь Ашмянаў захапіла ў сваім горадзе арсенал і турму, раззброіла атрад рускага войска. Хваля захаплення і падтрымкі пракацілася па ўсім павеце. Не абмінула яна і Крэўскую воласць. На Рынкавым пляцы ў самім Крэве сабраўся народ, і ксёндз Жылінскі зачытаў адозву, якая заклікала падняцца на барацьбу супраць царскага прыгнёту. Быў створаны атрад з 50 добраахвотнікаў, які на чале з Аганоўскім і Шацілам накіраваўся ў Ашмяны на падтрымку паўстанцаў.
Нашаму крыўскаму герою было тады ўжо восем дзясяткаў. Нягледзячы на гэта, сядзець у сваім маёнтку ён не збіраўся. Ежы Сарока нібы памаладзеў і з нязвыклай для свайго паважнага ўзросту энергіяй уключыўся ў барацьбу. Ён увайшоў у склад ашмянскага ўрадавага цывільна-вайсковага камітэта. Адразу ж напісаў палымяную адозву да жыхароў павета з заклікам падтрымаць паўстанцаў. Гэты дакумент, у якім сярод усяго іншага ішла гаворка і пра адмену прыгоннага права, меў вялікі эфект: колькасць добраахвотнікаў на вачах узрастала.
Тым не менш, сілы былі няроўнымі. Паўстанне было задушана. Пасля адыходу паўстанцаў з Ашмянаў, Сарока вярнуўся дадому, але быў там захоплены казакамі палкоўніка Вярзіліна. Адасланы ў Вільню, ён паўстаў перад Віленскай следчай камісіяй. Як актыўны член урада, васьмідзесяцігадовы паўстанец быў прыгавораны да смерці. Аднак улічваючы ўзрост асуджанага, камісія змяніла першапачатковы смяротны прыгавор на пазбаўленне грамадзянскіх правоў і выгнанне ў Сібір. Яго крыўскі маёнтак, за выключэннем невялікай долі на ўтрыманне жонкі і дзяцей, быў канфіскаваны ў казну.
У час судовых разбораў, не зважаючы на ўсе пакуты, стары патрыёт трымаўся шляхетна і з гонарам. Яму прыпісваюць наступныя словы, што былі скіраваны ў бок царскіх прыслужнікаў: “Можаце адабраць апошнія дні майго жыцця, якое і так ужо хутка скончыцца. Не шмат чым мая смерць вам спатрэбіцца. А Рэч Паспалітая была і быць павінна!”
Памёр Ежы Сарока ў віленскай турме восенню таго ж года. Нягледзячы на маленні яго жонкі і дзяцей аб выдачы цела, яго пахавалі без адпявання на турэмных могілках у агульнай яме са звычайнымі злачынцамі. Адразу ж пасля гэтага, нібы здзек, прыйшоў указ цара аб тым, што той “памылкі яго ласкава даруе і міласціва загадвае вызваліць з вязніцы”.
Аляксандр КАМІНСКІ.