Антыкварыят, вінтаж і рэтра

 

Антыкварыят, вінтаж і рэтра

Культура
19.07.2020
1666

Некалькі гадоў назад пазнаёмілася з сям’ёй Юганаў: Эдуард Пятровіч і Ніна Васільеўна адзначалі сваё “залатое вяселле”. У смаргонскім загсе была з гэтай нагоды ўрачыстасць, якую я асвятляла ў мясцовай газеце. А праз нейкі час лёс звёў нас ізноў. Я апынулася на іх лецішчы ў Гаранях. Сказаць, што была ўражаная, - мала. Дом з незвычайным інтэр’ерам, нібы партал у мінуўшчыну, зноў і зноў прыцягваў і клікаў пад свой дах. І кожны раз, наведваючыся на госці да Юганаў, нібы пагружаюся ў атмасферу даўніны, дзе няма мітусні, а ёсць засяроджанасць, утульнасць, адчуванне абжытасці і грунтоўнасці.

юган 2.jpg

Ні пра якія сучасныя ды- зайнерскія рашэнні аздаблення дачнага доміка, тым больш пра звышмодны вінтажны стыль у афармленні інтэр’еру Ніна Васільеўна не думала, калі яны з мужам у далёкія 90-я мінулага стагоддзя набылі вясковую хатку ў Гаранях. Найперш гаспадыні, як сапраўднай турыстцы-пешаходніцы, ды яшчэ рамантычнай асобе, спадабаўся навакольны пейзаж: некрануты лес, возера, лебедзі. Чыста інтуітыўна яна адчувала, што ў такім месцы і жытло павінна быць адпаведным – звонку і знутры з характэрнымі рысамі аўтэнтыкі.

Эдуард Пятровіч перабудоўваў дом, які паступова набываў выгляд казачнага церамка, а гаспадыня напаўняла яго адмысловай атрыбутыкай. Назваць гэтыя рэчы проста мэбляй ці начыннем жылля, не зусім дакладна. Сказаць, што яна хацела стварыць прыватны этнаграфічны музей, таксама няпраўда. Проста жанчыне падабаліся старажытныя рукатворныя рэчы з натуральных матэрыялаў, і наогул, як яна сама выказваецца: “Люблю стар’ё!”

IMG_9307.JPG

IMG_20200606_204921.jpg

Спачатку было захапленне талентам і здольнасцямі сельскіх рамеснікаў, майстроў ды мастакоў, якія стваралі прадметы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчы інвентар, немудрагелістыя карціны, дыванкі. Затым прачнулася жаданне вывучаць гісторыю рэчаў, рамёстваў, прадметаў даўніны, каб расказваць пра гэта сваім дзецям і пазней унукам. А затым захацелася сярод абстаноўкі досыць старажытнай стварыць куточак з рэтра-экспазіцыяй у духу савецкай рэчаіснасці 60-70 гадоў. Проста, каб іх нашчадкі мелі хоць маленькую “фортку” ў маладосць бабулі і дзядулі.

У спадчыну ад сваіх бацькоў Юганы атрымалі антыкварны буфет, кнігі ды люстра ў абрамленні рагоў, прывезенае бацькам Эдуарда Пятровіча з Германіі. Стрыечны дзед Пятровіча, які жыў у вёсцы Машчаніца на Магілёўшчыне, аддаў старажытны маляваны па байкавай коўдры кілім з казачным сюжэтам, дзе Іван-царэвіч скача з прыгажуняй Васілісай на шэрым ваўку. Пазней калекцыю маляваных дыванкоў папоўнілі экспанаты са смаргонскіх хат. Напрыклад, прадала рарытэтную рэч з запечча васьмідзесяцігадовая бабуля з Пастарыняў, якая сцвярджала, што насценны дыванок з маляванымі аленямі ў бацькоўскай хаце з’явіўся яшчэ да яе нараджэння. Яшчэ адна стагадовая маляванка перакачавала да Юганаў з хутара Слаўчыненты ад Рэгіны Шчучкі. Самадзейныя мастакі свайго аўтарства нідзе не засведчылі, ды і гаспадары за даўніной гадоў нічога пра іх не маглі расказаць.

Асаблівай пашанай у сям’і карыстаецца вялікая ступа, якая належыла яшчэ бабулі Ніны Васільеўны. Убачыўшы ў куце гэты “лятальны апарат у адну нячыстую сілу”, я прыпомніла казку пра Бабу Ягу-касцяную нагу, што апавядала перад сном мне бабуля. А гаспадыня дома на поўным сур’ёзе паведаміла, што насамрэч яе бабулька, хоць на ступе не лятала, але рэпутацыю вядзьмаркі мела, бо была і шаптухай, і павітухай, і лекаркай народнай.

Пад нямецкім люстэркам, упрыгожаным па перыметру рагамі буйной рагатай жывёлы, стаіць куфар-вандроўнік. Такую назву ён атрымаў таму, што разам з гаспадаром напачатку мінулага стагоддзя з’ездзіў у Амерыку і назад. Аказваецца, раней, калі не было чамаданаў на колах, едучы на доўгі час у далёкі шлях, пакавалі рэчы ў куфар.

IMG_9317.JPG

Кожны пакойчык трансліруе тут пэўную эпоху, часам закранаючы і суседнія. На этажэрцы 20 стагоддзя, горда задраўшы насы, стаяць электрапрасы, а на палічках ніжэйшых - самадастаткова і з пачуццём выкананага доўгу - цяжкія вугальныя прасы. Інтэрпретацыя вясковага стылю часам суседнічае з гарадскім, і каля вялізнай радыёлы туляюцца сціплыя калаўроты.

Ніна Васільеўна выкарыстоўвала кожны сантыметр карыснай плошчы для рэчаў, якія пачалі прыносіць і прывозіць усе, хто ведаў пра яе захапленне старажытнымі цікавосткамі. З’явіліся на лецішчы высокія шафы, буфеты з разным дэкорам, драўляны ложак, начоўкі, крэслы і ўслончыкі, нават гмах студыйны магнітафон з калекцыяй музычных запісаў у бабінах.

У афармленні пакояў гарманічна суседнічаюць, як элементы дэкору, цяслярскія, бандарныя, ткацкія вырабы, так і вышыванкі, створаныя самой гаспадыняй. Знайшлося месца для плеценых з саломкі і лазы скрынак, корабаў, кошыкаў. Калісьці гэтыя рэчы мелі чыста ўтылітарнае значэнне, а цяпер уражваюць майстэрствам выканання і, здаецца, праз стагоддзі захоўваюць цеплыню рук майстра. Дарэчы, зусім не з сялянскай хаты трапіла ў калекцыю спінка крэсла, плеценая з ліяны ратангавай пальмы. Апошнім часам даволі папулярнай стала плеценая мэбля са штучнага ратангу. А тут самы натуральны ратанг, ды яшчэ ўвянчаны зверху драўлянай разьбой!

IMG_9335.JPG

Не здзіўляюся, што на сядзібе ў Юганаў заўжды шматлюдна. Наведваюцца дзеці, гасцююць сябры, бавяць вакацыі ўнукі. Тут прыгожа і шыкоўна на падворку. Тут змястоўна і ўтульна ў пакоях.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.