Кушляны. Благаславёны куток

 

Кушляны. Благаславёны куток

Культура
26.03.2020
2689
Грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, народны адвакат – усё гэта Францішак Багушэвіч. 21 сакавіка беларусы адзначылі 180 гадоў са дня яго нараджэння.

Імя Францішка Багушэвіча цесна звязана з Кушлянамі, дзе ён жыў і плённа працаваў. З асобай паэта-дэмакрата ў мяне звязана некалькі асабістых момантаў. Мой бацька Францішак Казіміравіч - цёзка Багушэвіча. Бабуля і дзядуля былі людзьмі непісьменнымі, Багушэвіча не чыталі, таму гэты факт - не больш, чым супадзенне.

багушэвич.jpg

Мой прадзед Пётр па мамінай лініі напачатку ХХ стагоддзя (пасля смерці Багушэвіча), жыў з сям'ёй і працаваў у сядзібе. У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай, прадзед захварэў, і яму нямецкі доктар рабіў аперацыю (на жаль, не ведаю, якую). Напэўна, нейкую нескладаную, бо аперыраваў менавіта ў Кушлянах. Маміна стрыечная сястра, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Смаргонскай СШ №1 Алена Рудко трыццаць гадоў таму напісала і выдала брашуру “Францішак Багушэвіч” (на год раней за кніжачку “Кушлянскі кут” Уладзіміра Содаля). Дарэчы, з Содалем яна вельмі сябравала. На жаль, рана памерла - у 1991 годзе.

Упершыню ў музей-сядзібу я разам з бацькамі патрапіла ў 1990 годзе. Тады сядзібу адрэканструявалі і адкрылі першую мастацка-літаратурную экспазіцыю. Мае бацькі далёкія ад літаратуры. Маці працавала ў фінаддзеле райвыканкама. Напярэдадні свята яе накіравалі ў Кушляны на суботнік. Разам з жонкай Алеся Жамойціна мяла сцежкі, па якіх некалі хадзіў Багушэвіч.

Так праніклася той атмасферай, што ўгаварыла бацьку адвезці нас на свята. Было вельмі шмат народу, вядомых пісьменнікаў. Быў і першы захавальнік спадчыны вядомага земляка - мясцовы дзядок Міхаіл Ляпеха. Вось што пра яго пісаў Юрась Церабун: “Міхаіл Сымонавіч жыў адзін у бакоўцы хаты Францішка Багушэвіча. Зімой там быў такі холад, што ў маразы падлога пакрывалася шэранню і хадзіць было нават небяспечна: настолькі яна была слізкай. Але самым вялікім выпрабаваннем былі гурбы снегу, што замяталі ўваходныя дзверы. Спаць даводзілася амаль не распранаючыся. А аднойчы ноччу гаспадара за нос укусіў пацук, аж знак застаўся... Дочкі забіралі бацьку да сябе ў Маладзечна, але ён адмаўляўся. Не мог пакінуць хату паэта, бо людзі розныя бываюць, маглі і шкоды нарабіць. Мне здавалася, што Міхаіл Сымонавіч быў сваяком Багушэвіча. Ён так дасканала ведаў пра жыццё і творчасць паэта, мог гадзінамі чытаць яго вершы. Дзядзька Міхал рады быў сустракаць рэдкія ў той час экскурсіі, што прыязджалі ў Кушляны. Часцей за ўсё гэта былі школьнікі са сваім настаўнікам.

З задавальненнем экскурсавод вадзіў наведвальнікаў да каменя Мацею Бурачку, ганарыўся сваёй алеяй з 60 дубоў, што высадзіў у гонар колькасці гадоў, пражытых паэтам. Абавязкова хадзілі дзівіцца на сялянскі свіран – помнік даўніны.

Пасля 80-годдзя Міхаілу Ляпеху захацелася хатняй утульнасці і цяпла, але Кушляны пакідаць ён не збіраўся. Нарэшце, былы старшыня мясцовага калгаса, а потым – Смаргонскага райвыканкама, дэпутат Анатоль Янец паехаў у Мінск вырашаць лёс занядбанай будыніны. Пытанне вырашылі, хата ператварылася ў музей”.

Я даволі рана вызначыла для сябе, што пайду ў філалогію, таму вучаніцай яшчэ не раз бывала ў кушлянскім музеі. Маю ўвагу прыцягвалі рэчы, якія літаральна праменілі Багушэвічавай энергетыкай: мэбля, рукапісы… Сустрэчы з загадчыкам музея Алесем Жамойціным пакідалі самыя прыемныя эмоцыі. Я думаю, невыпадкова, што і на экзамене ў БДУ па беларускай літаратуры другой паловы ХІХ стагоддзя я выцягнула білет з пытаннем “Філасофская лірыка Францішка Багушэвіча”. Мы здавалі іспыт маладому на той час выкладчыку Ігару Мікалаевічу Запрудскаму, які паспеў зубы з’есці на творчасці Багушэвіча.

Калі я стала працаваць у газеце, аднойчы мы з супрацоўнікамі ДАІ былі ў Кушлянах у рэйдзе. Я папрасіла заехаць на хвілінку на сядзібу, каб зрабіць некалькі здымкаў. Для мяне адкрыўся ракурс, у якім фатографы рэдка здымаюць кушлянскую сядзібу. Пазней мой свёкар, самабытны мастак Анатоль Антонаў з Петрыкава, змаляваў з фотаздымка карціну, якая пастаянна напамінае мне “пра Святую зямлю Багушэвіча”. І запавет класіка: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” .

багушэвич 1.jpg

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: