У гісторыка-краязнаўчым музеі прэзентавалі кнігу Уладзіміра Ліхадзедава «Смаргонь і ваколіцы. Падарожжа ў часе»
17 студзеня ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла прэзентацыя доўгачаканага выдання - кнігі Уладзіміра Лiхадзедава «Смаргонь і ваколіцы. Падарожжа ў часе».
Уладзімір Ліхадзедаў - філакартыст і калекцыянер, аўтар сотняў публікацый і дзясяткаў кніг, сярод якіх «Аляксандр Неўскі», «1812 год», «Святы роўнаапостальны князь Уладзімір», «Сінагогі», «Банкі Расійскай імперыі», заснавальнік гісторыка-асветніцкага праекта «У пошуках страчанага».
Як сцвярджаюць супрацоўнікі музея, кніга «Смаргонь і ваколіцы. Падарожжа ў часе» – выдатнае дакументальнае сведчанне, якое ілюструе гісторыю Смаргоншчыны вачыма нашых продкаў. На яе старонках можна ўбачыць арыгінальны культурна-гістарычны зрэз развіцця нашага рэгіёну на мяжы XIX - пачатку ХХ стагоддзяў.
- Было вельмі шмат падводных плыняў, якія марудзілі стварэння гэтай кнігі. Але я ўдзячны ўсім, хто далучыўся да той справы, каб яна ўсё ж такі пабачыла свет, - адзначыў Уладзімір Ліхадзедаў.
Адчуць атмасферу смаргонскага краю таго перыяду падчас прэзентацыі кнігі дапамаглі ўдзельнікі ўзорнага ансамбля народнай музыкі «Гулянок» Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя. М. К. Агінскага.
Узорны ансамбль народнай музыкі «Гулянок»
Для гасцей гучалі мелодыі, у 1990-я гады перанятыя мультыінструменталістам смаргонцам Чэславам Жыхам ад народнага музыкі Уладзіслава Буцько «з рукі на руку». Гэтая музыка гучала на Смаргоншчыне на пачатку ХХ стагоддзя і такім спосабам - «з рукі на руку» - перадавалася народнымі музыкамі на працягу стагоддзя, а сёння дайшла да нас.
Сярод гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі начальнік галоўнага Упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук, начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва.
Аляксандр ВЯРСОЦКІ, Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ і Сяргей КУДЗЕНЬЧУК
- У мяне даўно было жаданне пазнаёміцца з Уладзімірам Ліхадзедавым, - запэўніў Аляксандр Вярсоцкі. – Калі знаёмства ўсё ж такі адбылося, тады пад час нашай сустрэчы мы дамовіліся, што такія выданні (маецца на ўвазе кніга Лiхадзедава «Смаргонь і ваколіцы. Падарожжа ў часе» аўт.) мы зробім па кожным рэгіёне Гродзеншчыне.
Аляксандр ВЯРСОЦКІ
Аляксандр Людвігавіч зазначыў, што яго ідэю падтрымаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама.
- У каго была магчымасць патрымаць гэтую кнігу, могуць пацвердзіць яе ўнікальнасць. Кажуць, цэніцца тое, што нараджаецца ў муках. Як нараджалася гэтая кніга – ведаем толькі я і Аляксандр Ліхадзедаў. Таму я вельмі рады, што яе прэзентацыя адбылася, - дадаў Аляксандр Вярсоцкі.
- Уладзімір Ліхадзедаў – носьбіт той даўніны, аб якой не ўсе ведаюць. Гартаючы кнігу, кожны зможа пагрузіцца ў гісторыю роднага краю. Вельмі сімвалічна, што прэзентацыя гэтай кнігі адбылася ў дні, калі мы святкуем 80-годдзе Смаргонскага раёна, - адзначыў Генадзь Бычко.
Генадзь БЫЧКО
Таццяна РАЖЭВА і Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ
Прысутныя падчас мерапрыемства задавалі пытанні
Першае знаёмства з кнігай
У канцы мерапрыемства Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ падпісаў жадаючым асобнікі сваёй кнігі
Адзін асобнік быў падпісаны для рэдакцыі газеты "Светлы шлях"
Фота аўтара.