Ніна Бохан: самабытная мастачка, якая малявала дываны і грошы

 

Ніна Бохан: самабытная мастачка, якая малявала дываны і грошы

Культура
19.12.2019
9588
Ніколі б не падумала, што здымак з чужога фотаальбома стане нагодай для журналісцкага даследавання даўжынёй амаль у дзевяць месяцаў. Асабіста для мяне самадзейная мастачка Ніна Бохан – сенсацыя.

2-1.jpg

Ніна БОХАН

Практычна дэтэктыўная гісторыя, пра якую пойдзе размова ў гэтым матэрыяле, пачалася недзе напрыканцы студзеня. Аляксей Крукоўскі з Мінска, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, даслаў мне фота, зробленае падчас этнаграфічнай экспедыцыі па Смаргоншчыне летам 2018 года. На здымку – маляваны дыван, які ўдзельнікі экспедыцыі купілі ў Браніславы Шутовіч з Лісічына.

лисичына.jpg

Лісічынскія “алені” (прыкладна 50-я гады ХХ ст.)


Маляванка з аленямі ўразіла сваім самабытным, у нейкай ступені дзіцяча-наіўным, “почыркам”, незвычайным сюжэтам і яркасцю фарбаў. Прызнацца, нічога падобнагая не бачыла, хоць часта бываю ў вёсках і даволі шмат пішу пра нашых пажылых людзей.

Яшчэ адну маляванку этнографам перадала журналістка Святлана Станкевіч, шукальніца “скарбаў” даўніны, якая літаральна выцягнула яшчэ адных “аленяў” з-пад завалаў старой хаты ў Клочках. Знойдзены дыван аказаўся вельмі падобным да лісічынскага.

IMG_0877.JPG

“Алені”, знойдзеныя ў Клочках


Боханіхін акоп

“Народныя маляванкі – жанр народнага мастацтва, які доўгі час быў недаацэнены прафесіяналамі і адпаведна публікай, - кажа Аляксей Крукоўскі. - Да канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі амаль ніхто сур’ёзна не займаўся вывучэннем маляванак. Гэты жанр не чыстае народнае мастацтва. Ён прыйшоў з горада ў вёску, лічыўся другасным, таму доўгія гады памылкова думалі, што займацца даследаваннем маляванак няварта. Пры тым, што ва ўсім свеце ў другой палове ХХ стагоддзя адбыўся бум цікаўнасці да наіўнага мастацтва. І не вельмі істотна, адкуль бралі мастакі свае сюжэты. Гэта адмысловы спецыфічны жанр, у якім праяўляецца народны талент”.

Пасля майго знаёмства з першай маляванкай прайшло месяцы чатыры. Аднойчы ў знаёмай швачкі Наталлі Трацяк я разглядала старыя фотаздымкі. Мяне зацікавіла фота, зробленае ў Санкт-Пецярбургу каля паўсотні гадоў таму. Сваякі Наталлі сфатаграфаваліся на фоне маляванага дывана. Гаспадыня ўзгадала, што на Смаргоншчыне таксама была самадзейная мастачка. Тады ўпершыню я пачула пра Боханіху – менавіта так называлі па-мясцоваму Ніну Бохан. У цяжкі пасляваенны час, здавалася б, усім было не да карцін. А жанчына хадзіла па вёсках і зарабляла на хлеб маляваннем. Лю­дзі, хоць і жылі бедна, але шукалі спосабы ўпрыгожыць сваё жыллё.

Калі я расказала Аляксею Крукоўскаму пра свае здагадкі наконт аўтарства “аленяў”, ён зацікавіўся асобай Ніны Бохан і актыўна далучыўся да пошуку інфармацыі па-за межамі Смаргоншчыны.

“Я была даволі малая, але помню Нініны работы, у суседзяў мастачка размалявала дзверы і сцяну, а яе дываны былі практычна ў кожнай укропенскай хаце. Гэта маляванка з Лісічына падобная да тых, - удакладняе Наталля Трацяк. – Я помню, што на адной карціне маглі быць і возера з лебедзямі, і алені, і бярозы, і кветкі буйныя – ружы і лілеі. Маляванкі нагадвалі дзіцячы малюнак. Толькі вялікага памеру. Не пейзажы Шышкіна ці Левітана. Але ў сціплы хатні інтэр’ер яны цудоўна ўпісваліся”. 

 91-гадовая Вера Кабак, маці Наталлі Трацяк, расказвала, што Ніна з’явілася ва Укропенцы пасля вайны не адна – з братам і сёстрамі. Яны былі, як казалі, “бежанцамі”. Бацькоў не мелі. Жылля таксама. Хадзілі па людзях. Ніна малявала, старэйшая сястра і брат дапамагалі ёй. На месцы, дзе працавалі, там і жылі. У астатні час спыняліся ў лесе, паміж Чарнятамі і Укропенкай, у адной з зямлянак, дзе вайной хаваліся мясцовыя жыхары. Той акоп у народзе празвалі Боханіхін.

Пра родных мастачкі вядома няшмат. Яе старэйшая сястра Вольга пачала сустракацца з мясцовым хлопцам Ёзафам і зацяжарыла, нарадзіла дзяўчынку, але сям’і ў іх не атрымалася. Оля з дзіцём некуды з’ехала.

Толькі ў 80-х гадах ХХ стагоддзя малодшая сястра Вера знайшла Олю, якая жыла пад Ленінградам. Сёстры збіраліся пабачыцца, але, на жаль, Вольга раптоўна памерла.

Пётр, брат Ніны, сустрэўся ў аповедах толькі раз. Пляменніца паказала фотакартку, якую ў 1953 годзе Пётр падарыў Ніне, калі яны сустрэліся ў Іжы Вілейскага раёна.

Народны жарт

Смаргонец Міхаіл Бохан, 66-гадовы стрыечны пляменнік мастачкі, удакладняе: “Пасля вайны ў нас сапраўды было шмат бежанцаў. Неўраджай 1946 года прынёс страшэнны голад. Людзі хадзілі па хатах, прасілі есці.

Боханы на Смаргоншчыну прыйшлі з Вілейскага раёна. Жылі ў вёсцы Пукелы (цяпер Засценкі). Бацька Ніны таксама быў мастаком. Ён вёў вандроўны лад жыцця. Я быў падлеткам, калі з мамай трапіў у царкву ў вёсцы Ручыца. Мама мне ўзгадала, што напачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя родны брат майго дзеда Сцяпан Бохан распісваў царкву. Мне казалі, што фрэскі і дагэтуль захаваліся”.

сцяпан.jpg

Сцяпан БОХАН (стаіць у цэнтры)


У сеціве фотаздымкаў з роспісамі Ручыцкай царквы я не знайшла. Паехала на Вілейшчыну, каб на свае вочы пабачыць, што захавалася. Фрэскі сапраўды ёсць. Высока пад столлю. Сцены святыні шмат разоў перабельвалі, але ні ў кога не паднялася рука поўнасцю знішчыць старыя роспісы. Вобразы святых выглядаюць, як аплікацыі на выбеленым фоне. На жаль, ні мясцовыя жыхары, ні святар, які ў Гануце служыць працяглы час, нічога не ведаюць пра аўтарства гэтых роспісаў.

IMG_0021.JPG

IMG_9984.JPG

Роспісы ў Ручыцкай царкве. 40-ыя гады ХХ стагоддзя


Міхаіл Бохан з усіх дзяцей дзя­дзькі найбольш помніць Ніну. Яна нарадзілася ў 1917 годзе. Пасля вайны, зусім нядоўга, жыла ў смаргонскім Доме культуры, дзе ёй адвялі невялікі пакойчык. Афармляла наглядную агітацыю, афішы для кіно. Ездзіла да сваякоў у Чарняты і Укропенку, там малявала для мясцовых жыхароў.

1947 год стаў трагічным у лёсе мастачкі. У Вільнюсе яе злавілі з падробнымі грашыма: сама намалявала. У міліцыю пра яе, быццам, данёс кавалер, калі ўбачыў, як Ніна капіруе асігнацыі.  Свой тэрмін – сем гадоў – адбывала на Калыме, у Магадане.

Гісторыя з Нінай і падробнымі грашыма ператварылася ў народны жарт. Працяглы час людзі яе ўспаміналі прымоўем: не маеш грошай – ідзі да Боханіхі, хай намалюе.

Ніна вярнулася з Калымы на Смаргоншчыну ў 1954 годзе. Пасялілася ў Чарнятах – прытуліла жанчыну цётка Броня, удава па Нініным стрыечным браце.

“Малявала Ніна вельмі шмат. У хляве ці пад паветкай. Розныя дываны з лебедзямі, аленямі, прыродай, кветкамі. Прадавала іх па вёсках і ў Смаргоні на кірмашы, - удакладняе Міхаіл Бохан. – Афармляла насценную агітацыю, плакаты з надпісамі тыпу “Дагонім, перагонім, пераможам”. Пісала па клетачках партрэты правадыроў – Леніна і Сталіна. Каб “карціна” была больш трывалай, аснову грунтавала растворам крухмалу ці зубнога парашку. Фарбы купляла ў Смаргоні. На вуліцы Кірава жыла Зязюля. Яна вазіла з Вільнюса фарбы – вельмі яркія, з гадамі зусім не бляклі”.

Той, хто бачыў, як працуе мастачка, гаварылі, што эскізаў яна не рабіла, трафарэтамі ніколі не карысталася. А малявала на ўсім, што людзі прапаноўвалі, – на старых “капах”, на дзіцячых коўдрах, цыраце, паперы, кардоне, на даматканай тканіне. Размалёўвала шафы, люстэркі, сцены.

Бохан 1.jpg

Ніна БОХАН (справа), канец 50-х ХХ ст.


У Чарнятах Ніна пражыла да канца 50-х гадоў, пакуль сын гаспадыні не ажаніўся. Адтуль яна накіравалася да малодшай сястры Веры ў Ленкаўшчыну Маладзечанскага раёна. Пасля гэтага Міхаіл бачыў цётку толькі аднойчы. Недзе напачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя яна заязджала ў госці. “Вельмі жвавая, стройная, голас нізкаваты, пастаўлены”, – такой запомніла мастачку жонка Міхаіла Аляксеевіча, якую, дарэчы, таксама завуць Ніна Бохан.

“Козыры”  самадзейнай мастачкі

Недзе ў 1963-64 гадах Ніну бачылі на Астравеччыне. Сын Броні, Аляксандр Бохан, з жонкай Фаінай перабраўся ў вёску Віктасіна. Пачаў там будаваць дом. “Мне было гадоў шэсць, калі ў нас з’явілася сваячка-мастачка, - расказвае іх дачка Людміла Гродзь з вёскі Варона. – Ніна жыла ў нас, харчавалася і малявала. Рабочым кабінетам ёй служыў вялікі пакой у хаце, у ім тата яшчэ нават падлогу не паслаў. Яна малявала дываны з вялікімі і малымі вянкамі з кветак, а таксама з казачнымі сюжэтамі, жывёл (звычайна аленяў ці ласёў), лебедзяў. Хадзіла, каб прадаць свае маляванкі, у Валэйкавічы, Старую Рудню, іншыя вёскі (да Клочак, дзе была знойдзена другая маляванка, - рукой падаць – аўт.). Там таксама спынялася ў мясцовых людзей  і малявала, а пасля вярталася ў Віктасіна”.

У хаце Боханаў у Віктасіна доўга вісеў на сцяне дыван з выявамі жанчын у хітонах. На жаль, да гэтага часу ён не захаваўся. А вось другі, ідэнтычны, знайшоўся ў Ніны Колтан, роднай сястры Фаіны Бохан. Гэта была наша першая знаходка, якую дакладна стварыла Ніна. Але па сюжэце і тэхніцы выканання вельмі моцна адрознівалася ад тых маляванак, якія належаць СЭТаўцам.

IMG_2034.JPG

"Жанчыны ў хітонах" (сярэдзіна 70-х гг.)


Яшчэ адзін прыгожы дыван - з выявамі трох волатаў - знайшоўся ў Варнянах. Бацькі Людмілы Кухарэвіч купілі яго на кірмашы ў Міхалішках бліжэй да сярэдзіны 60-х гадоў.

астравец.jpg

Пошукі прадаўжаліся. У Маладзечанскім раёне знайшліся раннія работы Ніны Бохан – “кветкавы” абрус і вельмі цікавы абраз Святой Кацярыны, многае распавяла пра сваячку пляменніца Галіна з Радашковічаў. 

абрус.jpg

икона.jpg

Абраз Святой Кацярыны (прыкладна 1957 г.)


ласи.jpg

'"Алені", знойдзеныя ў Маладзечанскім раёне (прыкладна 1976 год)


Напрыканцы жніўня ў “Светлым шляху” быў змешчаны фрагмент маляванкі з Лісічына і зварот да чытачоў, каб дапамаглі ўстанавіць аўтара работы і расказалі штосьці пра Ніну Бохан. Адзін тэлефонны званок раскрыў нам “козыры” самадзейнай мастачкі. Аказалася, працяглы час яна жыла ў вёсках Сінькоўскага сельсавета. У сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя за ежу і начлег стварала прыгажосць у хатах мясцовых жыхароў. Усе насілі ёй свае старыя капы, а мастачка ператварала іх у квяцістыя дываны – адзін такі мы знайшлі ў Сяльцы. Вялікая маляванка, на ўсю шафу, з вельмі цікавым сюжэтам, захавалася ў вёсцы Наваспаск, у сям’і Ульяш.

IMG_2145.JPG

Маляванка ў в. Сялец (сярэдзіна 70-х гг. ХХ ст.)


IMG_2171.JPG

Маляванка ў в. Наваспаск (сярэдзіна 70-х гг. ХХ ст.)


У Сяльцы, у хаце 85-гадовай Галіны Вяршковіч, чакаў сапраўдны скарб: карціны, якія малявала Ніна Бохан на сценах.  Выява трох волатаў, памерам 135х115 см, паверх якой павесілі сучасны дыван. Дзве іншыя – заклеілі шпалерамі. Тым не менш гаспадыня, убачыўшы зацікаўленасць да насценных малюнкаў, дазволіла нам іх “адкрыць” – зняць шпалеры. А пад імі… на адной сцяне – казачныя павы (паўліны) на ярка-блакітным фоне. На другой – плывуць лебедзі.

IMG_2127.JPG

Сялецкія “Тры волаты”


IMG_7022.JPG

Лебедзі на сцяне дома ў вёсцы Сялец (сярэдзіна 70-х гг. ХХ ст.)


IMG_7031.JPG

Галіна ВЯРШКОВІЧ і яе дачка Ларыса 


Ларыса, дачка Галіны Вяршковіч, успамінае пра нязвыклую тэхніку стварэння гэтых карцін: “Ніна малявала знізу ўверх. Напрыклад, пачынала з хваста паўліна і пайшла-пайшла ўверх. Мяне гэта здзіўляла, бо звычайна чалавека ці жывёлу пачынаюць маляваць
з галавы”.

Штрыхі да партрэта

“Ніна казала, што прыйшла ў Сялец з Ленкаўшчыны. Там жыла яе малодшая сястра, - удакладняе Галіна Вяршковіч. - Яна была вельмі простая ў зносінах, непераборлівая ў ежы, худзенькая. Па ўсім было відаць, што многа гаравала. Вялікіх грошай за работу ў людзей не прасіла. З мужчынамі не зналася. Пастаянна была адна”.

Сярод сясцёр і брата (якія былі шатэнамі з прамымі валасамі) яна найперш выдзялялася цёмненькай шавялюрай. Фарбавала вусны і вочы (што на той час было рэдкасцю), сачыла за модай.

10.jpg

Ніна з сястрой Верай (прыкладна 1958 год)


0.jpg

Ніна БОХАН


Галоўны аксесуар, па якім здалёку пазнавалі мастачку, – вялікі драўляны чамадан, дзе знаходзіліся пэндзлікі і фарбы.

Аляксей Крукоўскі пачуў ад пляменніцы Ніны, што цётка памерла прыкладна ў 1980 годзе ў смаргонскай бальніцы. На жаль, радня не ведала, дзе яе пахавалі, і цяпер вельмі шкадуюць, што ў апошнія гады Нінінага жыцця не зналіся з ёй.

Са сваім сынам я настойліва шукала месца пахавання мастачкі. Мы абышлі старыя смаргонскія могілкі. Дакументацыі пра пахаванні тут ніхто ніколі не вёў. Смаргонскія старажылы сцвярджалі, што раней тут хавалі людзей адзін на адным. Стомленыя, мы прыселі, і сын прамовіў: “Шукаць магілу – як іголку ў стозе сена”.

Звестак пра Ніну няма ні ў смаргонскай бальніцы (інфармацыя пра хворых ёсць толькі за апошнія 25 гадоў), ні ў пашпартна-візавай службе, ні ў загсе. Супрацоўнікі загса вылучылі версію, што мастачка магла жыць без пашпарта. І гэту версію пацвердзіў Міхаіл Бохан. Таму не захавалася і пасведчанне аб смерці.

Людзі часам называлі Ніну Бохан “жабрачкай”. А на мой погляд, яна ў прамым сэнсе была вольнай мастачкай.

На гэты час мы знайшлі каля 20 работ самадзейнай мастачкі. Невядомае імя Ніны Бохан паціху раскрывае свае таямніцы…

P.S. Папулярнае апошнім часам стварэнне муралаў – карцін на гарадскіх сценах – дало магчымасць мне памарыць. Я выразна ўяўляю, як цудоўна глядзеліся б алені, паўліны ці лебедзі на сценах смаргонскіх збудаванняў. Такім чынам можна было б увекавечыць імя малавядомага пакуль народнага таленту.

Інфармацыя пра Ніну Бохан здабывалася рознымі шляхамі. І адначасова распаўсюджвалася. Тэмай знойдзеных “аленяў” зацікавілася Дзіяна Бранцэвіч са Смаргоні, якая  цяпер вучыцца на мадэльера-дызайнера адзення. Сабе і маці яна пашыла сумкі, на ёй – копія маляванак, якія знайшлі ў Лісічына і Клочках. А я сабе вырашыла заказаць у юнай майстрыхі “паўлінаў” – цудоўны напамін пра гісторыю, якая стала нагодай для няпростага, але такога захапляльнага журналісцкага даследавання. І якая, спадзяюся, яшчэ будзе мець прадаўжэнне.

IMG_7030.JPG

Сялецкія паўліны на сцяне і на торбачцы, якую зрабіла Дзіяна БРАНЦЭВІЧ


А я зноў звяртаюся да чытачоў газеты. Калі у вас захаваліся работы Ніны Бохан (каб сфатаграфаваць) ці вы валодаеце дадатковай інфармацыяй пра мастачку, вялікая просьба паведаміць пра гэта ў рэдакцыю па тэлефонах: 3-84-19, 8(029)302-12-25.

Маляваныя дываны вядомыя на Беларусі з канца 19 стагоддзя, але найбольш распаўсюдзіліся ў 30 - 50 гадах ХХ стагоддзя. Народны жывапіс сфарміраваў паэтыку ідылічнай карціны свету - маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. У беларускіх вёсках маляванкі калісьці дарылі «на шчасце» да вяселля ці ўваходзінаў.

У 80-х гадах мінулага стагоддзя на Случчыне і Віцебшчыне пачалі адраджаць традыцыі маляваных дываноў. Мастак Уладзімір Басалыга, даследчык творчасці Алены Кіш, знайшоў 13 дываноў, якія сталі асновай калекцыі маляванак Заслаўскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пазней яе дапоўнілі маляваныя дываны Язэпа Драздовіча. У 1978 годзе Уладзімір Басалыга, тагачасны старшыня Беларускага саюза мастакоў, арганізаваў у Мінску першую рэспубліканскую выставу народных маляваных дываноў. У 1999 годзе ў Маскве адбыўся І міжнародны фестываль «Інтэрмузей-99», дзе экспанаваліся беларускія маляваныя дываны Алены Кіш.

Вядомыя беларускія мастакі Аляксей Марачкін і Віктар Маркавец настолькі захапіліся народнымі традыцыямі, што пачалі ствараць уласныя варыяцыі на тэму маляванак. Некаторыя з работ увайшлі ў альбом пад назвай «Беларускія маляваныя дываны», выдадзены ў Мінску ў 2005 годзе.

Імя Ніны Бохан пакуль невядомае ў мастацкім свеце. Але інтуіцыя мне падказвае, што яно яшчэ загучыць. 

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і Аляксея КРУКОЎСКАГА.