Камедыя па ёй плача
Па Вользе Крывянковай плача камедыя. Тое, што ў гэтай бландзінкі – талент камедыйнай актрысы, смаргонцы і раней не раз пераконваліся. Але яе сёлетняе выступленне на сцэне падчас раённых “Дажынак” і здымкі ў міні-фільме, прысвечаным працаўнікам сельскай гаспадаркі, пераўзышлі ўсе чаканні. У вобразе Лёдзі яна была беспадобнай.
Вольга КРЫВЯНКОВА ў ролі Лёдзі
- Тэлекарэспандэнт, які адказвае за сельскую гаспадарку, - для мяне гэта сапраўды новая роля, – удакладняе Вольга Крывянкова. - Прычым мы вырашылі здымаць несур’ёзна пра сур’ёзнае, і ў нейкай ступені рызыкавалі: ці зразумеюць наш гумар вяскоўцы?
І ведаеце, зразумелі. Наш фільм спадабаўся. Гэта найвышэйшая адзнака працы. Тры дні мы ездзілі па ўсіх сельскіх гаспадарках раёна, знаёміліся з вясковымі рупліўцамі. І на раённых “Дажынках” у Смаргоні мы сустрэліся, як лепшыя сябры.
Цікавімся, ці доўга думалі над сцэнарыем, – і чуем у адказ: “Думалі, але калі пачаліся здымкі, пайшла імправізацыя. Калі б прытрымліваліся сцэнарыя, так весела і цікава не атрымалася б”.
Дарэчы, быць актрысай на святах – гэта толькі адна іпастась нашай суразмоўцы, бо яна – рэжысёр раённага Цэнтра культуры. На абласных “Дажынках-2019” Вольга рэжысіравала адкрыццё імпрэзы. Напомню, галоўным сімвалам свята стаў трохметровы “дажыначны” сноп. Ён складаўся са снапоў, якія прывезла дэлегацыя з кожнага раёна Гродзеншчыны. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў перавязаў сноп шасціметровым ручніком, на якім былі вышыты назвы ўсіх раёнаў Гродзеншчыны і эмблема “Дажынак”.
Такі сноп – ноу-хау смаргонцаў. Але, відаць, можа стаць традыцыйным сімвалам свята. Пасля адкрыцця імпрэзы Вольга накіравалася на падворак Смаргонскага раёна і на працягу ўсяго свята разам з іншымі культработнікамі цешыла публіку. Каму свята, а каму і праца.
Хтосьці мог бы паскардзіцца на такі незайздросны лёс. Але толькі не Вольга. Яна любіць сваю работу, а работа любіць яе. І гледачы таксама.
Галіна АНТОНАВА.
Фота з архіва РЦК.