Крыніца мудрасці, лекі для душы
Сёлета 75-гадовы юбілей адзначае дзяржаўная ўстанова культуры “Смаргонская раённая бібліятэка”. У гэтай лічбе адбіліся не толькі лёсы яе работнікаў, але і гісторыя цэлай краіны. За гэты час не раз мяняўся статус бібліятэкі, ведамасныя падначаленыя, прыярытэты.
Смаргонскія бібліятэкары сцвярджаюць, што іх бібліятэка можа святкаваць ужо, як мінімум, 80-гадовы юбілей. Яе адчынялі двойчы. Першы раз – у 1939 годзе з невялічкай колькасцю кніг. У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэкі на стала. Другі раз яна расчыніла дзверы перад чытачамі пасля вызвалення Беларусі, у 1944 годзе. Асновай фонду паслужылі кнігі, прысланыя з Казанскай бібліятэкі ў колькасці 170 экзэмпляраў.
Сёлета таксама 50 гадоў са дня адкрыцця святкуе філіял “Гарадская бібліятэка №1” і 30 гадоў – філіял “Гарадская дзіцячая бібліятэка” ў мікрараёне Усходнім.
Некалі кнігі лічыліся раскошай. Толькі вельмі багаты чалавек мог набыць кнігу. У наш час усё значна прасцей – дзверы бібліятэк адчынены, запрашаючы ўвайсці і пазнаёміцца з кніжнымі паліцамі.
Важнейшай задачай новага часу становіцца мадэрнізацыя бібліятэк і ўключэнне іх у сістэму інфармацыйных камунікацый. Праводзіцца камп’ютарызацыя асноўных бібліятэчных працэсаў. Бібліятэкарам пастаянна ставяцца новыя задачы. Тут з’яўляюцца новыя формы і напрамкі работы.
Смаргонскія бібліятэкары прэзентуюць сваю ўстанову на фестывалі “Смаргонскія абаранкі”
Смаргонская раённая бібліятэка мае свой уласны сайт са зручным інтэрфейсам для карыста льнікаў. На сайце адлюстроўваюцца апошнія навіны бібліятэкі, анонсы мерапрыемстваў. Цяпер, каб дазнацца пра наяўнасць канкрэтнай кніжкі ці часопіса, не трэба ісці ў бібліятэку. Уся інфармацыя – у электронным каталогу на сайце раённай бібліятэкі.
Руплівая праца вядзецца бібліятэкарамі па стварэнні баз дадзеных. Шмат цікавага можна даведацца ў раздзелах базы “Смаргоншчына музычная”, “Известные уроженцы и жители Сморгони”, “Их имена увековечены в названии улиц”, “Страницы истории Первой мировой войны”, у распрацоўцы знаходзіцца “Смаргоншчына паэтычная”.
Пры бібліятэцы працуе літаратурна-музычная гасцёўня “Сустрэчы”, дзе ладзяцца літаратурныя і літаратурна-музычныя вечары, вечары-рамансы, бенефісы, сямейныя святы, сустрэчы з цікавымі людзьмі. У літаратурна-музычнай гасцёўні пабывалі многія знакамітыя людзі. Сярод іх Вольга Іпатава, Наталля Батракова, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Уладзімір Церабун, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Алена Стэльмах, Янка Крук, Мар’ян Дукса, Ала Клемянок, Таццяна Скарынкіна і іншыя.
Гісторыя бібліятэк працягваецца, і хочацца верыць, што наперадзе – новыя поспехі і дасягненні. “Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”, - такі наказ даў сваім нашчадкам больш за 500 гадоў таму беларускі першадрукар Францыск Скарына. Актуальнасць гэта думка не страціла і да нашага часу.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.