Пленэр у Залессі сабраў мастакоў з Літвы і Беларусі
Пленэр у межах праекта “Актуалізацыя і ўзнаўленне Еўрапейскага культурнага ландшафту на літоўска-беларускай мяжы” сабраў мастакоў з Літвы і Беларусі. Кожны творца змог знайсці тэмы і матывы, сугучныя яго ўспрыманню “Паўночных Афінаў”.
У пленэры ўдзельнічала 8 мастакоў. Чатыры – з літоўскага боку: рэктар Вільнюскай акадэміі мастацтваў Ева Скаўроне, прафесар з Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўтаса Магнуса Рычардас Барткявічус, дацэнт Вільнюскай акадэміі мастацтваў
27 жніўня ў музеі-сядзібе адбылася ўрачыстасць, на якой ўдзельнікі пленэра прадставілі свае работы і падзяліліся ўражаннямі.
“Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Міхал Клеафас Агінскі цікавіўся жывапісам і сабраў у залескім палацы калекцыю графікі сярэдневяковых майстроў, - зазначылі вядучыя імпрэзы. – У якасці партрэцістаў Агінскі заўсёды наймаў найбольш вядомых мастакоў з Варшавы і Вільні – Джузэпэ Грасі, Франсуа Ксаўе Фабра, Юзафа Аляшкевіча. Сам Міхал Клеафас нядрэнна маляваў, і яго талент перадаўся дзецям.
Залеская сядзіба з самага пачатку свайго існавання вабіла прафесійных мастакоў. Самай першай і значнай работай была і застаецца графічны малюнак “Залессе на Літве. 1822 год”, які стварыў сакратар Міхала Клеафаса Агінскага Леанард Ходзька. На ім – сядзіба пасля завяршэння будаўніцтва. Гэты малюнак нават паслужыў узорам пры рэстаўрацыі сядзібы”.
На ўрачыстасць у Залессе прыехаў Вітас Руткаўскас, дырэктар музея гісторыі культуры Агінскіх, які размяшчаецца ў жывапісным мястэчку Рэтавас, былой уласнасці Агінскіх. Літоўскі госць выказаў захапленне ад таго, якімі высокімі тэмпамі развіваецца залескі музей.
Восем цікавых, аўтарскіх твораў мастакі падарылі Залескаму музею-сядзібе. А самі накіраваліся ў Літву. Неўзабаве ў свае абдымкі мастакоў возьме палац Тышкевіча і яго краявіды.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.