Фестываль кнігі і прэсы, адкрыцце Сада Малітвы, велаэкскурсіі, гастра-фэсты і тысячы гасцей. Чым будуць здзіўляць у Слоніме на Дне беларускага пісьменства?
Культура
23.08.2019
Да Дня беларускага пісьменства, які штогод праходзіць у першую нядзелю верасня, застаецца крыху больш за тыдень.
Як заўжды, гасцей і ўдзельнікаў свята будзе чакаць безліч сюрпрызаў. Безумоўна цэнтральнымі і найбольш феерычнымі падзеямі стануць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця Дня пісьменства. На цэнтральнай плошчы горада завіруе Фестываль кнігі і прэсы, падчас якога кожны жадаючы зможа азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з вядомымі журналістамі і літаратарамі. У цэлым, святочныя мерапрыемствы разгарнуцца амаль на дваццаці пляцоўках – выставачнай, фальклорнай, дзіцячай, тэатральнай - кожная з якіх будзе здзіўляць і заманьваць пераборлівага гледача.
У прыватнасці, 31 жніўня ў гарадскім парку адбудзецца абласны этап рэспубліканскага конкурсу сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, пасля завяршэння якога своеасаблівую творчую эстафету падхопіць выніковы этап Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка”. Пабачыць Беларусь праз аб’ектыў фотакамеры Уладзіслава Цыдзіка, завітаць на выстаўку рэдкіх і каштоўных кніг па гісторыі Слонімчыны таксама можна будзе ў гэты фестывальны дзень.







