Вядомыя імёны Слонімшчыны – у памяці смаргонцаў: Алег Лойка

 

Вядомыя імёны Слонімшчыны – у памяці смаргонцаў: Алег Лойка

Культура
19.08.2019
2755
У жыцці кожнага чалавека ёсць знакавыя людзі. У маім жыцці яны таксама ёсць. Сярод іх Алег Лойка – “мой дэкан”, дакладней, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, на які я паступіла ў 1994 годзе. Гэта быў неверагодна цікавы, адукаваны, інтэлігентны чалавек. У 2008 годзе яго не стала. А ў 2003 - свет пабачыла апошняя прыжыццёвая кніга Алега Антонавіча. Так атрымалася, што яна мела парадкавы нумар 100.

Роўна сто кніг выдаў паэт, навуковец, перакладчык, выкладчык, прафэсар Алег Лойка. Асабліва крытыкі адзначаюць яго двухтомную анталогію польскай паэзіі “Ад Буга да Віслы”, куды ўвайшлі вершы ста васьмідзесяці паэтаў. З такім размахам у Беларусі яшчэ ніхто не перакладаў.

 “Калі ўзяць яго іпастась як вучонага, ён адзін стварыў гісторыю беларускай літаратуры да пачатку дваццатага стагоддзя, зрабіў тое, што звычайна робіць цэлы калі не інстытут, то аддзел інстытуту літаратуры, - сцвярджае прафесара філфаку БДУ Вячаслаў Рагойша. - Адным словам, куды ні глянь - там светлы след Алега Антонавіча Лойкі. Яго нікім не замяніць. Разам з тым мы павінны і ганарыцца, што ў нашай літаратуры і культуры быў такі чалавек, па сутнасці геній”.

Гэта кароткая рэмарка да прафесійнага партрэта вядомага ўраджэнца Слонімшчы. А яго псіхалагічны партрэт малюе 89-гадовы смаргонец Пётр Бандаронак. “Жонка Алега Лойкі і мая жонка былі стрыечнымі сёстрамі, - удакладняе Пётр Пятровіч,  – і мы добра сябравалі сем’ямі. Яны з дзецьмі Тоней і Паўлікам прыязджалі да нас у госці (мой суразмоўца жыве на вуліцы Трактарнай – аўт.) на “Жыгулях”. Алег Антонавіч даволі часта заглядваў да нас і адзін. Ён быў заўзятым рыбаком, таму асабліва любіў ездзіць у Снігяны на возеры парыбачыць.

Вясёлы Алег быў мужык, просты. Любіў вершы чытаць. І свае, і іншых аўтараў. На акардэоне цудоўна граў “Паланэз Агінскага”, песні спяваў.

Ён умеў сябраваць. Падтрымліваў стасункі з дырэктарамі смаргонскіх школ, з начальнікам аддзела адукацыі Уладзімірам Рубанам. З радасцю адгукаўся на прапанову выступіць перад смаргонскімі школьнікамі.

Мы таксам бывалі ў яго ў гасцях. У Мінску ён меў вялікую кватэру. Здзіўляла яго вялікая хатняя бібліятэка, ён і нам пастаянна дарыў кнігі ці даваў пачытаць. Алег Антонавіч пазнаёміў нас з народнымі пісьменнікамі БССР Кандратам Крапівой, Нілам Гілевічам, Іванам Шамякіным.

Бывалі мы і на Слонімшчыне, дзе Лойка нарадзіўся. Са сваёй малой радзімай ён ніколі не парываў сувязі. Яго дом стаяў ў жывапісным месцы - у 20 метрах ад ракі Шчара. Ён вельмі любіў прыроду, спакой, таму нядзіўна, што апошнія гады жыцця правёў там, дзе былі яго карані”.

Лойка.jpg

Пісьменнікі Алег ЛОЙКА і Вячаслаў АДАМЧЫК і Пётр БАНДАРОНАК у Смаргоні. Пачатак 70-х гадоў ХХ стагоддзя


Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Пятра БАНДАРОНКА.   

Статьи по теме: