Вядомыя людзі Слонімшчыны – у памяці жыхароў Смаргоншчыны: Літаратурныя мэтры
“З вядомых людзей Слонімшчыны я добра ведаў Алега Лойку і Янку Саламевіча, якія часта ў складзе пісьменніцкага дэсанту прыязджалі ў Сваткаўскую сярэднюю школу, дзе родную мову і літаратуру на пераломе 60-70-х гадоў выкладаў настаўнік-практык, муж стрыечнай сястры маёй жонкі Мікола Пашкевіч, - расказвае Аркадзь Трафімавіч. - Гэта ў яго асобе народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў запрыкмеціў вялікага настаўніка і светлай памяці якога прысвяціў сваю аповесць “Абеліск”.
Янка Саламевіч добразычліва адносіўся да маладога аспіранта Міколы Пашкевіча як да паэта. Саламевіч скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ і працаваў старшым навуковым рэдактарам рэдакцыі мовы, фальклору і этнаграфіі. Апошні раз мы бачыліся з Іванам Уладзіміравічам вясной 2012 года. Гутарылі пра Пашкевіча, узгадвалі іх маладыя гады, ранні сыход Міколы (я збіраў матэрыял, каб напісаць эсэ пра сваяка). Тады Янка Саламевіч нечакана перавёў гутарку на рэлігійную тэму і прапанаваў дапамагчы яму адкрыць цэркаўку ў Маладзечне (дзе я жыву).
Паэт і пракладчык Казімір Камейша мне казаў, што “Янка даўно адышоў ад творчай дзейнасці і падаўся да духоўнасці цялеснай”. Праз два гады Янкі Саламевіча не стала.
Свой першы зборнічак “На юначым шляху” Алег Лойка выдаў у 1959 годзе. На нашай сямейнай кніжнай паліцы ён захоўваецца з даравальным надпісам аўтара яго студэнтцы (маёй жонцы): “Расціце і прыгажэйце! Ноне Васілевіч. Сваткі. 12 снежня 1966. Алег Лойка”.
Алег Антонавіч чытаў мае вершы, даваў слушныя парады. У студэнцкія гады я наведваў літаратурны гурток “Узлёт”, што працаваў на філфаку БДУ (Алег Лойка там быў дэканам). Я неаднаразова тэлефанаваў яму, цікавіўся новымі творчымі здабыткамі, здароўем. Алег Антонавіч запомніўся мне як вельмі харошы дарадчык у паэзіі, стрыманы па характары, уважлівы і просты чалавек”.
Галіна АНТОНАВА.