Генацыд. Без права на жыццё

 

Генацыд. Без права на жыццё

ГЕНОЦИД
12.12.2023
1135

Вайна бязлітасная да кожнага.

Васіль Быкаў.

X493pYfM8nQ.jpg

Набліжаюцца 80-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў і Вялікай Перамогі. За гэтыя дзесяцігоддзі мы, удзячныя нашчадкі, вельмі добра ўсвядомілі, што вайна – гэта боль, жах, бесперспектыўнасць. Аднак, на жаль, у свеце шмат тых, каму мала, аказваецца, гора ў гісторыі Першай і Другой сусветных войнаў, ім так хочацца развязаць трэцюю сусветную. Больш таго, фашызм як ненасытная гідра, сёння актыўна распаўзаецца па свеце, перашкаджаючы нам прыгожа жыць на планеце Зямля, гадаваць дзяцей і ўнукаў.

Ужо працяглы час я, як грамадзянін Беларусі, скрупулёзна сачу за зборам, даследаваннем, асэнсаваннем шматгранных  матэрыялаў па актуальнай тэме “Генацыд у Беларусі”. Надзвычай уразіў мяне і фільм “Генацыд. Без права на жыццё”. Вельмі добра, што нядаўна прэм’ера філь­ма адбылася і ў Маскве, у Пасольстве Рэспублікі Беларусь. У Саюзнай дзяржаве так і павінна быць. Прайшла ў Маскве і выстава, прысвечаная генацыду беларускага народа, дзе прадэманстраваны дзясяткі фотаздымкаў, архіўных матэрыялаў.

Гэта толькі адна з серый праекта Белтэлерадыёкампаніі, які стваральнікі падрыхтавалі  па матэрыялах расследавання Генеральнай пракуратуры Беларусі. На расійскі паказ былі запрошаны гісторыкі, палітыкі, прадстаўнікі інтэграцыйных аб’яднанняў і беларускай дыяспары. Нельга спакойна глядзець на злачынствы і ахвяры акупацыі Беларусі ў Вялікую Айчынную. Напрыклад, было створана каля 570 канцлагераў і месцаў прымусовага ўтрымання. Праз іх прайшлі больш за мільён ваеннапалонных, жанчын, старых, дзетак. Вайна не шкадавала нікога. Хоць у вайны не жаночы і не дзіцячы твар, аднак, як адзначыла аўтар сцэнарыя Наталля Голубева: “У дзяцей бралі кроў. Падвешвалі, разразалі пяткі, і так яна сцякала, пакуль дзіця не страчвала прытомнасць”… На палонных выпрабоўвалі біялагічную зброю, праводзілі медыцынскія вопыты, людзей адпраўлялі ў газавыя камеры.

У аснове фільма – малавядомыя, упершыню абнародаваныя  нямецкія дакументы пра планы знішчэння жыхароў усходніх тэрыторый Беларусі, матэрыялы з Нацыянальнага архіва Беларусі і архіва Камітэта бяспекі. У гэтым фільме паказана ўся гісторыя мэтанакіраванага знішчэння мірнага насельніцтва - пачынаючы з першых дзён Вялікай Айчыннай да часу вызвалення тэрыторыі.

Адзначу, што ўсяго на тэрыторыі нашай рэспублікі было праведзена каля 150 карных аперацый. У ліку асабліва крывавых – “Герман”, “Свята вясны”, “Зімняе чарадзейства”. Вядомы і трагічныя вынікі: знішчэнне амаль 12 тысяч населеных пунктаў. А 270 (!) вёсак падзялілі трагічны лёс Хатыні. Наша Генпракуратура выявіла, што ахвяр сярод мірнага насельніцтва было значна больш, чым лічылася доўгія гады. Значыць, гэты дакументальны працяг будзе мець новыя серыі.  Кожны з нас можа ўключыцца ў пошукавую працу.

Статыстыка вайны жудасная. У Беларусі загінула больш за 3 мільёны чалавек. Было зруйнавана 209 гарадоў. І, канешне ж, расследаванне такіх злачынстваў фашызму не можа быць забыта, будзе працягвацца. І як горка, што для некаторых маладых людзей свастыка – гэта модны талісман. А гэта гора, бяда, кроў і могілкі…

Нельга ні на хвіліну забываць, што ідэалагічнай асновай акупацыйнай палітыкі і былі чалавеканенавісніцкія тэорыі нацыстаў: аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над усімі іншымі; аб “гістарычнай неабходнасці” пашырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў і іх “неад’емным праве” на сусветнае панаванне. У адпаведнасці з планам “Барбароса” акупанты імкнуліся найперш знішчыць дзяржаўнасць беларускага народа і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 

 

Статьи по теме: