Сітуацыя застаецца напружанай

 

Сітуацыя застаецца напружанай

Здравоохранение
18.12.2020
458
Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, усяго з пачатку пандэміі ў нашай краіне зарэгістраваны больш за 165 тысяч чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, вылечыліся 141443 пацыенты. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі ад каранавірусу 1300 чалавек. Напачатку гэтага тыдня штосутачна рэгістравалася 1900 і больш новых інфіціраваных COVID-19. Усяго праведзена 3634330 тэстаў.

Галоўны ўрач Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы Віталій Круповіч адзначыў, што ў нашым раёне эпідэміялагічная сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 застаецца даволі напружанай. Назіраецца рост захворванняў, у тым ліку вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, пнеўманіяй.

У цэнтральнай раённай бальніцы перапрафіліравана 205 ложкаў для хворых каранавірусам. У параўнанні з вясновым перыядам пандэміі цяпер назіраецца больш цяжкае працяканне лёгачных запаленняў. Сярод захварэўшых каранавіруснай пнеўманіяйёсць і дзеці.

Па словах галоўнага ўрача лячэбныя ўстановы раёна забяспечаны ўсім неабходным для барацьбы з эпідэміяй. Няма праблем з лекамі, медпрэпаратамі, спецыяльным медыцынскім абсталяваннем, дэзынфіцыруючымі сродкамі, сродкамі персанальнай абароны медыцынскіх работнікаў.

Інфекцыя ўздзейнічае на розныя групы насельніцтва па-рознаму. У многіх хвароба працякае ў лёгкай і сярэдняй цяжкасці форме, і ім не патрабуецца шпіталізацыя. Разам з тым, неабходна хвалявацца і за тых, хто можа заразіцца ад носьбіта інфекцыі. Таму абавязкова неабходна захоўваць асноўныя правілы паводзінаў пры пандэміі. А гэта найперш – дыстанцыраванне, абавязковае выкарыстанне масак у шматлюдных месцах, у грамадскім транспарце, магазінах. Як мага часцей неабходна мыць рукі з мылам або апрацоўваць іх дэзынфіцыруючымі сродкамі.

Набліжаюцца навагоднія святы. У сувязі з гэтым рэкамендуецца асобам з групы рызыкі лепш устрымацца ад наведвання шматлюдных мерапрыемстваў. Тым, хто не мае магчымасці адмовіцца ад прысутнасці ў месцах знаходжання вялікай колькасці людзей, неабходна вельмі адказна ставіцца да правільнага выкарыстання масак, захоўваць і выконваць правілы і рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя для прафілактыкі і абароны ад COVID-19.

Ала КЛЕМЯНОК.  

Статьи по теме: